Гомель
+30°C

Адрес редакции: 246047, г. Гомель, ул. Димитрова, 57

Леташнія веснавыя замаразкі і  спякотнае лета пацвердзілі неабходнасць пошуку альтэрнатыўных культур для вырошчвання

Аб кліматычных зменах размовы вядуцца не першы год, аб гэтым сведчыць статыстыка. За апошнія 20 гадоў сярэднегадавая тэмпература ў Беларусі павялічылася на 1,1 градуса Цэльсія. А гэта, паводле слоў спецыялістаў, адпавядае смяшчэнню кліматычнай зоны на 150-200 кіламетраў. Такім чынам, з цягам часу сельская гаспадарка будзе вымушана мяняцца. Прычым, у значнай ступені. Леташнія веснавыя замаразкі, а потым дастаткова спякотнае лета пацвердзілі неабходнасць пошуку альтэрнатыўных культур для вырошчвання ў нашым рэгіёне. 

Сярод вучоных-аграрыяў на працягу апошніх 10-15 гадоў усё часцей можна чуць размовы пра неабходнасць укаранення засухаўстойлівых культур у структуру пасяўных. Такія доследна-практычныя работы, прынамсі, яшчэ ў тыя часы вяліся навукоўцамі РУП “Гомельская абласная сельскагаспадарчая вопытная станцыя”. І трэба адзначыць, што не без поспеху. Вось толькі потым тэму згарнулі. Тут кажуць, што было вырашана ісці праверанымі шляхамі развіцця сучаснай беларускай аграрнай вытворчасці. І фінансаванне работ спынілі. А шкада, гавораць навукоўцы са станцыі. Прадпрыемства па-ранейшаму займаецца масавай вытворчасцю суперэліты і эліты звычайных зерневых культур і бульбы. Між тым, зараз з-за спякотнага надвор’я нават звычайныя азімыя зерневыя могуць аказацца пад пагрозай.

— Вопыт апошняга дзесяцігоддзя паказвае, што азімыя культуры ў нашых умовах практычна заўсёды даюць больш высокі ўраджай у параўнанні з яравымі, — гаворыць дырэктар РУП “Гомельская абласная сельскагаспадарчая вопытная станцыя” Сяргей Краўцоў. — Да пачатку лета, калі прыходзіць спякота, яны ўжо паспяваюць набраць сілу, а таму лягчэй пераносяць недахоп вільгаці. Аднак біч азімых зерневых — майская спякота, што мы і назіралі сёлета. Вільгаць ім  неабходна як ніколі — ідзе закладка ўраджаю. Там, дзе лёгкія глебы, ужо пачаўся незваротны працэс. І калі не будзе дажджоў — не будзе ні коласу, ні саломы.

Тым часам, такія далёкія для нашага лексікону словы, як  чына, сільфія, галега, сорга, пайза для спецыялістаў-аграрыяў гавораць многае. Менавіта гэтыя паўднёвыя культуры пераносяць недахоп вільгаці дастаткова спакойна.

У ААТ “Саўгас-камбінат “Сож” у свой час, на хвалі развіцця і ўкаранення засухаўстойлівых культур, ушчыльную заняліся вырошчваннем такой паўднёвай культуры, як пайза. Чатыры гады таму яна паспяхова культывіравалася і давала неблагі ўраджай.

— Пайзы ў той час мы высявалі да 400 гектараў. У асноўным, для падкормкі буйной рагатай жывёлы. Гэтая культура на сянаж таксама добра ідзе, — дзеліцца галоўны спецыяліст па раслінаводству ААТ “Саўгас-камбінат “Сож”  Аляксандр Якаўцаў. — Пайза дае два ўкосы, нават на нашых лёгкіх глебах. Да 35 цэнтнераў сена і да 180 цэнтнераў зялёнай масы можна атрымаць з кожнага гектара. У гэтай культуры высокае ўтрыманне цукру. Ёсць яшчэ адна перавага: калі не паспеў з першым укосам на зялёны корм, дык можна атрымаць добрае сена ў выпадку, калі пайза перастаяла. А так — скасіў, падкарміў мінеральнымі ўдабрэннямі, а к восені атрымаў яшчэ і другі ўкос. На жаль, у гэтым годзе, з-за фінансавых праблем, мы не набывалі насенне пайзы і не вырошчваем яе сёлета.

Аднак у гаспадарцы не сядзяць склаўшы рукі. Сорга-суданкавы гібрыд прыйшоў на змену пайзы. Яго пачалі вырошчваць летась.Тады гэтая культура заняла 38 гектараў. Сёлета плошчы павялічылі да 94 гектараў.

— У мінулым годзе мы ўзялі два ўкосы.Адзін цэнтнер зялёнай масы дае 0,24 кармавыя адзінкі, да 44 працэнтаў клятчаткі. Прычым, сорга стаяла вышынёю амаль што з кукурузу, — гаворыць Аляксандр Віктаравіч.

— Першы ўкос скармілі жывёле падчас зялёнага канвеера, а ўвесь другі заклалі ў траншэю разам з кукурузай. У гэтым годзе разлічваем паступіць такім жа чынам.

У ААТ “Саўгас-камбінат “Сож” сёлета такая культура як проса, таксама займае сваё месца ў севазвароце гаспадаркі. На зерне высеялі 20 гектараў.

— Проса, як і сорга, можна сеяць не толькі ў маі, але і ў чэрвені. Асабліва на тарфяніках у нізінных мясцінах ураджай выдаецца адменны. Па 180-200 цэнтнераў зялёнай масы выходзіць. Як толькі мяцёлку выкідвае, убіраем на кармавыя мэты. Вядома, каб атрымаць высокі ўраджай, неабходны догляд, падкормка мінеральнымі ўдабрэннямі, у прыватнасці, азотам.

Тэхналогія сяўбы засухаўстойлівых культур мала чым адрозніваецца ад звычайных зерневых. У залежнасці ад таго, на якія мэты яна выкарыстоўваецца: для сіласавання, альбо адразу для скармлівання.

— Міжраддзе складае 45 сантыметраў з нормай высеву 15 кілаграмаў на гектар, — падсумоўвае Аляксандр Якаўцаў. 

Намеснік дырэктара па раслінаводству  ААТ “Гомельская птушкафабрыка” Васіль Баранаў таксама лічыць перспектыўным накірункам вырошчванне менавіта засухаўстойлівых культур у нашым рэгіёне.

— Летась мы засеялі сорга на плошчы 312 гектараў. Ураджайнасць атрымалі высокую — 250 цэнтнераў з гектара. Усю засіласавалі разам з кукурузай. Атрымаўся добры высокаспажыўны корм, што ўзбагачае рацыён нашага дойнага статку. Сёлета мы высеялі сорга на 281 гектары суцэльным спосабам. Гэта дае высокую шчыльнасць. Работы правялі на плошчах, што вызваліліся пасля азімых культур, якія вясною пайшлі на зялёны корм. У гэтым годзе разлічваем таксама на добрыя вынікі, улічваючы сёлетнюю непамерную спякоту.

Эксперымент вопытных аграрыяў можна будзе ацаніць ужо хутка. 

Аляксандр РАМАШОЎ

Прочитано 205 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное