Гомель
+30°C

Адрес редакции: 246047, г. Гомель, ул. Димитрова, 57

Завод тарфянога машынабудавання «Бальшавік» - адно со старэйшых прадпрымстваў раёна

Адным са старэйшых на тэрыторыі раёна з’яўляецца ААТ «Завод тарфянога машынабудавання «Бальшавік». Яго ўклад у эканамічнае развіццё ў розныя гады быў неаднолькавым.

Торфазавод імя Сталіна быў пабудаваны ў 1930 годзе на торфамасіве “Кабылянская”. Галоўнай задачай стала забеспячэнне палівам Гомельскага шклозавода. Здабыча здзяйснялася элеватарнымі машынамі і багерамі. Торф пастаўляўся яшчэ і на цэлы шэраг прамысловых аб’ектаў абласнога цэнтра.

Сёння, як і раней, асноўнай прадукцыяй прадпрыемства з’яўляецца торфаўборачная тэхніка, нестандартнае абсталяванне для рэканструкцыі торфапрадпрыемстваў рэспублікі: канвееры лентачныя і вінтавыя, вентылятары, дымасосы. Зараз наладжаны сувязі са спажыўцамі такога таварнага асартыменту ў Літве, Эстоніі, Расіі.

Па словах старажылаў прадпрыемства, росквіт “Бальшавіка” прыйшоўся на, так званыя, “застойныя гады”. Менавіта з 70-х гадоў мі-нулага стагоддзя прадпрыемства развівае здабычу фрэзернага торфу, павялічваецца вытворчасць паліўных брыкетаў, нарошчваецца вытворчасць прадукцыі машынабудавання. Адначасова развіваецца пасёлак, узводзяцца шматкватэрныя трохпавярховыя жылыя дамы, будуецца дзіцячы садок на 140 месцаў. Да цэнтральнага ацяплення падключаецца жыллёвы фонд пасёлка. У той час прадпрыемствам кіраваў Рыгор Нябога (з 1972 па 1990 гады).

Ветэран завода — свярлоўшчык Аляксандр Макарэвіч — дагэтуль з добрай усмешкай прыгадвае гады сваёй работы на прадпрыемстве. За плячыма — 25 гадоў, аддадзеных заводу. Ды і зараз, знаходзячыся на пенсіі ўжо 5 гадоў, працуе па сваёй спецыяльнасці.

Генадзь Паўлюкоў на прадпрыемстве працягвае працоўную дынастыю. Праўда, бацька быў трактарыстам і займаўся напасрэдна работай на торфараспрацоўках. А вось ён — фрэзероўшчык, токар-растачнік, зубарэзчык, строгальшчык. Ветэрану вытворчасці ёсць што ўспомніць.

— На заводзе я неадрыўна з 1976 года, — гаворыць Генадзь Міхайлавіч. — У дзве змены мы ў свой час працавалі. Завод, як казалі,“гудзеў”. За шкодныя ўмовы працы малако выдавалі, свая сталоўка была. З перабудовай, на жаль, усё паступова заціхла.

З 1987 года на прадпрыемстве працуе Сяргей Дзядкоў. Пачынаў слесарам, а праз тры гады перакваліфікаваўся на зваршчыка. Па словах кіраўніцтва завода, Сяргей Іванавіч адказны, высокакласны спецыяліст, чалавек слова і справы. Яму давяраюць самыя адказныя работы на вытворчасці нестандартнага абсталявання.

Для абнаўлення тэхналагічнага абсталявання, у адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай “Торф”, на прадпрыемстве рэалізаваны маштабны праект “Рэканструкцыя цэха па вырабу нестандартнага абсталявання, тарфяных машын і запасных частак”. Работы праводзіліся за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь.

У выніку мадэрнізацыі ўстаноўлена ўсё новае энергаабсталяванне, 4 новыя пяцітонныя кран-балкі, увогуле замянілі абсталяванне, знос якога ў цэху № 1 складаў да рэканструкцыі 90 працэнтаў. Нават новую падлогу зрабілі.

Пётр Афанаськоў працуе нядаўна на прадпрыемстве, але, па словах начальніка цэха, зарэкамендаваў сябе з добрага боку, разбіраецца ў асаблівасцях тэхналагічнага працэсу.

Тры гады таму на прадпрыемстве ўстанавілі агрэгат для плазменнай рэзкі металу.

— Гэты апарат дапамагае ў дакладнас-ці апрацоўкі дэталяў, скарачае час і павялічвае прадукцыйнасць працы, — гаворыць начальнік цэха № 1 нестандартнага механічнага абсталявання Пётр Калінічэнка.

Два гады таму на прадпрыемстве ўстанавілі сучасную камеру для афарбоўкі прадукцыі, якую вырабляе прадпрыемства.

Сярод тэхнічных дасягненняў, якія істотна павышаюць якасць гатовай прадукцыі, — новая печ для загартоўкі дэталяў.

— Наладжаны працэс цэментацыі за кошт паверхневага дыффузійнага насычэння сталі вугляродам. Такім чынам, павышаецца зносастойкасць дэталяў і іх трываласць,— адзначае галоўны інжынер Уладзімір Нябога. — У нас таксама ўстаноўлена печ для тэрмаапрацоўкі дэталяў.

Сярод ветэранаў калектыву — Юрый Барсукоў. Ён 30 гадоў працуе на заводзе вадзіцелем. Дастаўляе камплектуючыя, набытыя для зборкі агрэгатаў, забяспечвае дастаўку гатовай прадукцыі на прадпрыемствы галіны. На новым пагрузчыку працуе Дзмітрый Лысенка. Малады спецыяліст выконвае ўсе работы добрасумленна, адказна.

Марыя Дзям’янцава адразу пасля школы скончыла Гомельскі машынабудаўнічы каледж па спецыяльнасці токар-фрэзероўшчык, аператар станкоў з ЛПК. З 2013 года яна працуе тут. Гаворыць, што яе прываблівае добры калектыў. І хаця жыве ў мікрараёне Касцюкоўка, дабірацца, па яе словах, зручна. А яшчэ ёсць адна немалаважная дэталь для маладой мамы і яе 4-гадовага сына Кірыла.

— Тут добры сацыяльны пакет. Падарункі выдаюць да святаў. На Новы год, Вялікдзень, да Дня Незалежнасці, — не без задавальнення гаворыць Марыя. — Вось і сёлета да стагоддзя паліўнай прамысловасці яны былі. У апошні час у падарунках пераважае мясная прадукцыя, прычым, у самым шырокім асартыменце.

Для далейшай мадэр-нізацыі вытворчасці сёлета распрацаваны праект “Рэканструкцыя цэха № 2 ААТ “Завод тарфянога машынабудавання “Бальшавік” з арганізацыяй на яго плошчы ўчастка па зборцы торфавозных вагонаў”.

Падмурак цяперашнім дасягненням быў закладзены яшчэ першым дырэктарскім корпусам. З 1930 па 1932 год прадпрыемства ўзначальваў Мейер Коган. На змену яму прыйшоў Іван Шульгоўскі. З 1934 года і да самай Вялікай Айчыннай вайны калектывам кіраваў Трафім Хацкевіч. У пасляваенны час торфапрадпрыемства ўзначальваў Сямён Петрыкавец. Найбольшы ўклад у станаўленне ўнёс Мікалай Камлюк. Пад яго кіраўніцтвам з 1947 па 1972 год завод стабільна нарошчваў аб’ёмы вытворчасці, пераходзіў на здабычу фрэзернага торфу, павялічваў вытворчасць паліўных брыкетаў для жыхароў Гомельскага, Чачэрскага, Буда-Кашалёўскага, Веткаўскага раёнаў.

У няпростыя гады, з 1991 па 2001, давялося быць дырэктарам Уладзіміру Кароўкіну. Аднак працоўны калектыў змог не толькі захаваць прадпрыемства, але і пачаць вытворчасць новых відаў прадукцыі. Тут адкрыўся цэх па пашыву верхняй рабочай вопраткі, працуе лабараторыя па вырошчванні міцэлія грыбоў вешанкі, шампіньёнаў, шыітакі. Акрамя таго, асвойваецца выпуск праточных газавых катлоў “Гермес”. З 2001 па 2017 год заводам кіраваў Мікалай Каваленка.

Прадпрыемства дагэтуль нясе на сваіх плячах вялікую сацыяльную нагрузку. На балансе ААТ «Завод тарфянога машынабудавання «Бальшавік» знаходзяцца кацельная, цеплавыя сеткі працягласцю 4,7 кіламетра. Магутнасці кацельнай выкарыстоўваюцца не толькі на прамысловыя патрэбы прадпрыемства. Цяплом забяспечваецца ўвесь жылы фонд КЖУП “Гомельскі райжылкамгас”, усе жыллёва-будаўнічыя кааператывы, а таксама ўсе аб’екты сацкультбыту рабочага пасёлка Бальшавік. Летась, да прыкладу, было выпрацавана 6146 Гкал на суму 7450 тысяч рублёў.

Завод аказвае паслугі па водазабеспячэнні і водаадвядзенні насель-ніцтву і арганізацыям пасёлка. На балансе 3 артэзіянскія свідравіны, 8,7 кі-ламетра водаправодаў, 6,2 кіламетра ка-налізацыйных сетак і ачысныя збудаванні. У 2008 годзе тут правялі рэканструкцыю цеплавых сетак з заменай 90 працэнтаў на прэдізаліраваныя трубы. Зараз востра стаіць пытанне аб замене катлоў, якія эксплуатуюцца з 1970 года.

У параўнанні з мінулым годам асноўныя паказчыкі ААТ «Завод тарфянога машынабудавання «Бальшавік» за першыя паўгода сведчаць аб станоўчай дынаміцы. Выпуск прадукцыі ў фактычных цэнах склаў 104,6 працэнта. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 6,7 працэнта. Выручка ад рэалізаванай прадукцыі павялічылася на 103,3 працэнта і склала 1614 тысяч рублёў. Сярэднямесячная зарплата членаў калектыву, які налічвае 82 чалавекі, перавысіла 600 рублёў (леташні паказчык складаў 585,2 рубля).

— Хацелася, каб калектыў памнажаў не толькі вытворчыя паказчыкі, але і павышаў свой дабрабыт, вядома, за кошт добрай работы на сваім заводзе, — гаворыць дырэктар ААТ «Завод тарфянога машынабудавання «Бальшавік» Міхаіл Шпакоўскі. — Будзе дабрабыт — будзе і настрой. А дзеля гэтага неабходна ўзаемная работа ўсяго калектыву, на аснове ўзаемаразумення задач, якія стаяць перад нашым прадпрыемствам.

3qeswqawsdaesfsd_12.jpg

3rgfrtgdrtfger5t.jpg

3sdxrtfdsrtdsrtdeyrtfc.jpg

3vbfdevdrfevred.jpg

3vdfervgregvrefv.jpg

3vferbvgvdfevg.jpg

Аляксандр РАМАШОЎ

Фота Аляксея НАРЭЙКІ

Прочитано 2619 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное