Гомель
+30°C

Адрес редакции: 246047, г. Гомель, ул. Димитрова, 57

Жнiво 2018: перайшлі экватар

Паводле дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Гомельскага райвыканкама, па стане на 30 ліпеня 3 гаспадаркі раёна ўбралі больш як палову плошчаў зерневых. Сярод лідэраў сёлетняга жніва — хлебаробы ААТ “Гомельская птушкафабрыка” (80 % убрана), ААТ  “Птушкафабрыка “Рассвет” (77 %) і ААТ “Сцяг Радзімы” (61 %). Пры гэтым, у раёне з 18318 гектараў зерневыя скошаны і абмалочаны на 40,7 % плошчаў.

У ААТ “Гомельская птушкафабрыка” найбольш прыдатныя глебы для вырошчвання жыта. Вось і сёлета рабілі на яго ўпор. Праўда, засушлівая вясна і першыя летнія месяцы спякоты ўнеслі карэктывы. У выніку зараз зерневы клін складае 899 гектараў. Хаця засявалі больш.

— Летась было каля тысячы гектараў зерневых. Сёлета мы пашырылі плошчы да 1200 гектараў, — гаворыць намеснік дырэктара ААТ “Гомельская птушкафабрыка”  Васіль Барысаў. — Было ў нас занята 900 гектараў жытам, 300 гектараў трыцікале. Акрамя таго — 50 гектараў зернебабовымі. Дык шмат засушыла і пагарэла. Давялося перасяваць пашко-джаныя плошчы дзе кукурузай, дзе рэдзькай, а дзесьці і такой культурай, як сорга суданкавы гібрыд. Цяпер у нас жыта — 751 гектар і 148 гектараў трыцікале.

Зараз сярэдняя ўраджайнасць у гаспадарцы складае 25,8 цэнтнера з гектара супраць леташніх 31,3. Жыта дае 26,3 цэнтнера на круг. І гэта самая высокая ўраджайнасць гэтай культуры ў раёне.

Камбайнёр Юрый Бандарэнка сёлета працуе разам з сынам Аляксандрам на новенькім “Палессі” КЗС 12. Для яго гэта ўжо 15-я па ліку ўборачная кампанія. За гэты час ён неаднаразова быў у лідэрах жніва ў гаспадарцы, займаў прызавыя месцы.

— Па тысячы тон нам не даводзілася намалочваць. Звычайна пад 900 тон зерневых  удавалася. А вось на кукурузе і па 4 тысячы выходзіла, — гаворыць Юрый Бандарэнка. — Новы камбайн знаходзіцца на 2-х гадовай гарантыі. Таму, калі што, аператыўна  прыязджае рамонтная група з “Гомсельмаша” і ліквідуе ўсе няспраўнасці.

У Васіля Збіцкага (на здымку справа) сёлетняе жніво першае ў якасці камбайнёра. Дагэтуль быў памочнікам. У гаспадарцы працуе ўжо 7 гадоў. За гэты час даводзілася выконаваць увесь комплекс работ: сеяць, перавозіць грузы. Для Мікалая Шытава (на здымку злева) сёлетняя ўборачная кампанія таксама першая ў якасці памочніка. Ён працуе ў пары з Васілём Збіцкім  на “Палессі” КЗС 10.

Дарэчы, у ААТ “Гомельская птушкафабрыка” уся зернеўборачная тэхніка вытворчасці гомельскіх камбайнабудаўнікоў.

Свой важкі ўклад у сёлетняе жніво ўносяць экіпажы ў складзе Мікалая Барысава і Аляксея Каліты, Сяргея Асіннага і Станіслава Гардзіенкі,  Андрэя Гаўро і Аляксандра Шчыракова, Леаніда Карпенкі і Аляксея Дарашкова, Юрыя Драбышэўскага і Паўла Пуставалава.

Падчас уборачнай кампаніі ў гаспадарцы арганізавана гарачае харчаванне. Комплексныя абеды абыходзяцца тым, хто заняты на работах у полі, у 1 рубель. Пры гэтым, у меню ўваходзіць салата, першыя і другія стравы, печыва, кампот ці чай. Акрамя таго, кожнаму бясплатна  выдаецца па паўтары літры пітной вады. 

Адначасова з уборкай на палетках наладжана работа трох прэс-падборшчыкаў. Іх пускаюць адразу на абмалочаныя плошчы.

Меры супрацьпажарнай бяспекі тут таксама прадугледжаны. Адказны за гэта — механізатар Сяргей Клімовіч. З бочкай вады ён заўсёды на палетках, дзе ідзе жніво.

Падчас сёлетняй уборачнай кампаніі вялікая праблема для гаспадаркі — закрыты мост цераз раку Сож. Камбайны трэба перапраўляць праз паром у Шарпілаўцы. У выніку — дадатковыя расходы паліва, па 70 літраў на кожны камбайн. 65 кіламетраў па кругу — гэта вам не жартачкі. Зерне даводзіцца вазіць цераз абласны цэнтр. А гэта яшчэ дадатковыя выдаткі, што не лепшым чынам адбіваюцца на фінансава-гаспадарчай дзейнасці ААТ “Гомельская птушкафабрыка” .

1_ubork_19.JPG

1_ubork7.JPG

1_ubork14.JPG

1_ubork22.JPG

 

1_ubork_9.JPG

Аляксандр РАМАШОЎ

Фота Аляксея НАРЭЙКІ

Прочитано 384 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное