Сцежкамі малой радзімы: вёска Даўгалессе

"Маяк" пачынае цыкл публікацый “Сцежкамі малой радзімы”, прысвечаных вёскам і пасёлкам Гомельскага раёна. Мы сустрэнемся з карэннымі жыхарамі і тымі, для каго Гомельшчына стала роднай старонкай, паслухаем расказы пра “мілы сэрцу куточак”, знакамітых аднавяскоўцаў і падзеі, якія склалі гісторыю роднага краю.

Знаёмства пачнем з вёскі Даўгалессе. У ролі экскурсаводаў выступілі Віктар Кушняроў і Уладзімір Бышык, якія расказалі пра гісторыю вёскі і знакамітых аднавяскоўцаў.

DSCN0635.JPG

Віктар Кушняроў

DSCN0688.JPG

Уладзімір Бышык

ГІСТОРЫЯ

Па розных крыніцах, Даўгалессе налічвае больш ста гадоў, аднак на гэтым месцы яшчэ раней сяліліся людзі. Пра паходжанне назвы існуюць дзве версіі. Згодна першай — ад слоў “доўгі лес”: вёску “ахоўваў” вялізны бор. Па другой версіі, назву вёсцы далі беларускія словы “доўгі лёс” як пажаданне пражыць доўгае жыццё.

Такі выгляд, як зараз, Даўгалессе набыло ў пачатку мінулага стагоддзя. Раней на месцы вёскі былі толькі сямейныя хутары Яцковых, Хаткоўскіх, Стахоўскіх, Дзюндзікаў, Чачоткіных, Цакуновых, Астраленкаў, Кушняровых, Налегачоў і іншых. Справа ў тым, што будучае вялікае паселішча размяшчалася, бадай, на балоце, а хутары будаваліся на ўзгорках, свабодных ад багны. Нават для таго, каб патрапіць у Гомель, трэба было даваць вялізны “крук”. І толькі пасля праве-дзенай у сярэдзіне мінулага стагоддзя меліярацыі з’явілася магчымасць звязаць напрамую вёску і абласны цэнтр, пабудаваць дамы і распрацаваць палі і сенажаці там, дзе раней уладарыла балота.

Хутаране займаліся шматлікімі рамёствамі, характэрнымі для сельскага ладу жыцця, аднак некаторыя сем’і абралі адметны род заняткаў. Напрыклад, выпрацоўку драўлянага вугалю і нарыхтоўку дубоў, якія потым адпраўлялі ў Гомель для вырабу мэблі і іншых мэт.

СЕЛЬСАВЕТ І НАСЕЛЬНІЦТВА

8 снежня 1926 года быў створаны Карналінскі сельсавет, у склад якога ўваходзіла і вёска Даўгалессе. У гэты час яна пачала актыўна забудоўвацца, і, згодна перапісу насельніцтва таго ж 1926 года, налічвала ўжо 54 двары і больш 270 жыхароў. Даўгалескі сельсавет створаны ў верасні 1965 года. Вёска тады была шматлюднай — колькасць жыхароў перавышала дзве тысячы чалавек. У бараках, якія пабудавалі ў цэнтры населенага пункта для працаўнікоў саўгаса, пражывалі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Пазней на месцы старых будынкаў пабудавалі двухпавярховыя дамы, некалькі гадоў назад — дамы сядзібнага тыпу для працаўнікоў мясцовага сяльгаспрадпрыемства. Для дзясяткаў перасяленцаў, ураджэнцаў Веткаўскага, Нараўлянскага, Брагінскага і Хойнікскага раёнаў, Даўгалессе стала другой малой радзімай: больш 140 дамоў стварылі некалькі новых вуліц. 

У вёсцы Даўгалессе дзейнічаюць дзіцячы сад – сярэдняя школа, фель-чарска-акушэрскі пункт, пошта, два магазіны, лясніцтва (ля яго разбіты дэндрапарк), пажарны аварыйна-выратавальны пост, бібліятэка-клуб. Зараз у вёсцы пражываюць 1279 чалавек, налічваецца 614 домаўладанняў. Яшчэ амаль  300 дамоў — сязоннага пражывання.

DSCN0702.JPG

СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА

У пачатку мінулага стагоддзя ў суседняй вёсцы Васілева была арганізавана першая калектыўная гаспадарка, якая з цягам часу перацярпела шмат рэарганізацый — то ўзбуйненне, то, наадварот, драбленне. А ў 1930 годзе ў Даўгалессі быў створаны калгас, які пазней набыў статус саўгаса імя Максіма Горкага. У яго ўваходзілі некалькі населеных пунктаў, і ў кожным размяшчалася малочна-таварная ферма. Малако звозілі ў Даўгалессе, дзе быў пабудаваны сепаратарны пункт: у Гомель адпраўлялі не малако, а вяршкі пасля яго перапрацоўкі. У саўгасе таксама займаліся свінагадоўляй, птушкагадоўляй, вырошчвалі гародніну. І хаця ў першыя гады існавання гаспадарка цярпела ад недахопу тэхнікі, працаўнікоў і ўгоддзяў, з пачатку 1970-х знаходзілася на ўздыме, а пазней нават была ў ліку “мільённікаў”.

Нямала працаўнікоў гаспадаркі заслужылі павагу аднавяскоўцаў, а некаторыя адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі: у 1971 годзе ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ўзнагароджаны даглядчык жывёлы Іван Старавойтаў, у 1973-м — даярка Вольга Падвойская. Перадавікамі саўгаса прызнаны трактарыст Жан Лезгін, рабочая сепаратарнага пункта Тамара Рудкоўская, брыгадзір комплекснай брыгады Аляксандр Пінчук і шафёр Аляксандр Бярнадскі.

Зараз вёска Даўгалессе з’яўляецца цэнтрам аднайменнага ўчастка КСУП ”Урыцкае”.    

  ТАЛЕНТЫ

Вёска Даўгалессе багатая на таленавітых людзей. Сваю малую радзіму праславіў спявак (лірычны тэнар) Аляксандр Рудкоўскі. Кар’ера ма-ладога выканаўцы пачалася ў 1970 годзе з перамогі на IV Міжнародным конкурсе імя П. І. Чайкоўскага ў Маскве. Пасля заканчэння Маскоўскай дзяр-жаўнай кансерваторыі стаў салістам Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета. У 1975 годзе малады тэнар здабыў яшчэ адну перамогу — на Міжнародным конкурсе вакалістаў імя Марыі Канальс у Барселоне. На працягу свайго жыцця маэстра выконваў разнастайныя творы — народныя песні, а таксама творы беларускіх і замежных кампазітараў.

Дарэчы, у вёсцы Даўгалессе здаўна любілі песню — на працягу доўгага часу дзейнічае фальклорны калектыў “Світанак”, які носіць ганаровае званне “народнага”. Першапачаткова ў яго склад увайшлі Таццяна Рыпінская, Марыя Манахава, Мальвіна Стахоўская (яна нядаўна адзначыла 80-годдзе), Лідзія Кулакоўская і іншыя. Некаторыя і дагэтуль радуюць аднавяскоўцаў душэўнай песняй. Пазней у склад калектыву ўвайшлі і перасяленкі з чарнобыльсіх раёнаў. Некалькі гадоў назад у Даўгалессе прыязджалі фалькларысты з Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці, каб запісаць самабытныя і старажытныя песні, характэрныя як для Даўгалесся, так і адселеных вёсак.

Акрамя “Світанка”, у Даўгалессі дзейнічае яшчэ адзін калектыў — “Беларусачка”, які ў лістападзе адзначыць 10-гадовы юбілей. За ўвесь час існавання ў складзе гэтых двух творчых калектываў было каля васьмідзесяці вяскоўцаў. Сапраўды, Даўгалессе — вёска, якая спявае!

Многае, аб чым мне расказалі добраахвотныя экскурсаводы, не змясцілася ў газетным артыкуле. А, можа, і добра — будзе прычына яшчэ наведацца да гасцінных жыхароў Даўгалесся і расказаць іншыя гісторыі пра гэты прыгожы куточак Гомельскага раёна.

Прочитано 728 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

 

Видеоканал

Архив

« Ноябрь 2019 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30  

Яндекс.Метрика