Каманда кулінарна-гістарычнага тэлешоу “Беларуская кухня” завітала ў Глыбоцкае
29.05.2026 321

Ужо 15 год адкрывае сучаснікам забытыя рэцэпты сялянскай, мяшчанскай, шляхецкай беларускай кухні праграма на тэлеканале “Беларусь 3” разам з вядучай Ларысай Мяцельскай.
Нядаўна творчая група тэлевізіёншчыкаў пабывала ў каларытнай і непаўторнай вёсцы Глыбоцкае, дзе гаспадыні змаглі здзівіць мінскіх гасцей смачнымі і нечаканымі рэцэптамі.
Прымала здымачную групу жыхарка Глыбоцкага культра-ботнік Ірына Смолікава. Прыбраны вышытымі ручнікамі і посцілкамі дом з печчу старажытнага ўзору ўражваў сам па сабе. Але ж у Ірыны Міхайлаўны былі яшчэ і адмысловыя рэцэпты мясцовых страў, аб якіх яна даведалася ад сваіх бабуль. І яны сапраўды сталі сюрпрызам!

Ведаеце, што такое сыровадка? Не толькі кіславатая вадкасць, што застаецца, калі вырабляеш тварог. У Глыбоцкім так называлі кіслы суп з пшаном, прычым у якасці сыровадкі тут выступала вадкасць, якая заставалася пасля збіцця масла (так званая — скалотная сыровадка).
— Гэта рэцэпт маёй бабы Насці па матулінай лініі. Смачная ранішняя страва, якую любілі і дзеці, і дарослыя. Усё проста — паставіць у печ гаршчок са скалотнай сыровадкай і пакласці некалькі лыжак пшана, не дадаючы нават солі (масла ж салілі, пакуль збівалася). І чакаць, пакуль крупы разварацца, час ад часу памешваючы. А ўжо ў гатовую страву можна дабавіць тое, што любіш: масла, смятану, цукар, — расказвае Ірына Смолікава.
Для нас, сучаснікаў, гаспадыня адаптавала рэцэпт з улікам таго, што рэдка хто зараз збівае масла самастойна і скалотную сыровадку не адшукаць.
— Як замену можна ўзяць паўлітра кефіру і паўлітра салодкага малака. На такую колькасць спатрэбіцца тры сталовыя лыжкі пшана, калі ўсыпаць больш круп, атрымаецца каша. Здавалася б, такі суп — танная, немудрагелістая страва. Але ўлічыце, што нашы продкі калісьці не куплялі пшано ў краме. Тая ж баба Насця сеяла на полі дзве соткі проса, вырошчавала яго (прытым што палоць такую культуру вельмі складана). Пасля жніва прасяныя снапы павінны былі паляжаць, прасохнуць, а потым іх малацілі цэпам. Само проса прасейвалі і доўга таўклі ў ступе, каб адчысціць ад шалупіння. Таму кожная наша народная страва — не проста ежа, а вынік стараннай працы, творчай фантазіі і гаспадарскага падыходу, — упэўнена Ірына Міхайлаўна.
Другі рэцэпт, які яна распавяла для гледачоў будучага тэлешоу, — кулінарная спадчына бабы Арыны з бацькоўскага боку. Пячэня — традыцыйная беларуская і ўкраінская страва з мяса і бульбы, але глыбоцкі варыянт мае важныя асабліваці.
— Наш рэцэпт уключае не толькі мяса, але і печань. Таму пячэню гатавалі, калі ў доме былі свежына і ўвесь набор свежых мясных прадуктаў. Для запякання выкарыстоўвалі макітру, але можна абыйсціся і звычайным гаршчком. Мяса, не солячы, падсмажвалі да паўгатоўнасці. Клалі слаямі ў гаршчок з крышанай бульбай, морквай кружочкамі, смажанай з цыбуляй, адваранай амаль да гатоўнасці фасоляй. Адначасова да паловы гатоўнасці абсмажвалі печань, якую затым клалі ў гаршчок з самага верху. Усё ставілі “ў дух” — тушыцца ў печы, перыядычна правяраючы гатоўнасць мяса нажом, — падзялілася Ірына Міхайлаўна.

Такая страва на талерках выглядае надзвычай апетытна, звычайна з аднога боку гарніру выкладаюць мяса, з другога — печань.
— Можна выкарыстоўваць розныя віды мяса, а печань — і курыную, і з ялавічыны (толькі апошнюю заліць на гадзіну малаком), — дадала Ірына Смолікава.
Дарэчы, у здымках “Беларускай кухні” брала ўдзел і яшчэ адна наша зямлячка — загадчыца Грабаўскага дома культуры Ірына Беланожка.
Удзел у падобных тэлешоу для яе не ў навінку. Але і на гэты раз яна здолела здзівіць гасцей арыгінальнымі рэцэптамі халадніка, запечанай бульбы і тушанай фасолі.
— Для нас было важна і тое, што дзякуючы тэлеперадачы ўся рэспубліка даведаецца пра наша Глыбоцкае. І зразумее, што за гэтай наз-вай стаіць не толькі глыбінка, але і глыбіня душы, пачуццяў, любові да працы, — сказала Ірына Смолікава.
Ірына ТРЫПУЗАВА
Фота прадастаўлены Ірынай Смолікавай
Популярное
