Зараз у летніх прышкольных лагерах праводзяць адпачынак дзеці самага рознага ўзросту. Для іх педагогі-выхавацелі імкнуцца забяспечыць цікавыя і разнастайныя мерапрыемствы. А для падлеткаў арганізавана і працоўная занятасць. Тым больш, што ў асноўнай масе нашы школьнікі — жыхары сельскай мясцовасці і працоўнае выхаванне не будзе залішнім.
Лагер працы і адпачынку дзённага знаходжання пры ДУА “Клімаўская сярэдняя школа” пачаў працаваць з 10 чэрвеня. Сёлета ён адзіны ў раёне, які працуе па такому профілю. Па словах метадыста аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама Таццяны Лугавік, арганізаваць усё было няпроста. У першую чаргу, гэта звязана з патрабаваннямі беларускага заканадаўства. Для таго, каб падлеткі маглі працаваць, неабходна згода бацькоў. Да таго ж, школы павінны заключыць дагаворы з арганізацыямі і прадпрыемствамі. Ад-паведныя “кантракты” заключаюцца з кожным школьнікам, які па стане здароўя можа выконваць адпаведную працу. На падставе цэлага пакета дакументаў яму афармляецца картка сацыяльнага страхавання і выпісваецца працоўная кніжка. Усё, як кажуць, па-даросламу. Толькі яшчэ дзве ўмовы — узрост ад 14 да 17 гадоў і працягласць рабочага дня не павінна перавышаць 4 гадзіны. З такімі ўмовамі пагадзіліся 14 юнакаў і дзяўчат з Клімаўскай школы. Работу падлеткам прадаставіла дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова “Каранёўская эксперыментальная лясная база Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”.
У пітомніках падлеткі займаюцца праполкай саджанцаў дэкаратыўных раслін. На гэты раз кустарнік спірэя каліналістная Дзіябла — з прыгожай лістотай і букетамі прыемнага водару кветак — патрабаваў клапатлівых рук для догляду.
— Я сама вырашыла пайсці ў працоўны лагер. Тут жа і грошы зарабіць можна. А так што, сядзець дома? — гаворыць Дзіяна Гарбацянкова, якая сёлета пойдзе ў 9 клас. — Нам ідзе пагадзін-ная аплата. Штодня — адзін рубель 80 капеек.
Аб падлетках тут паклапаціліся. Пасля працоўнага дня можна прыняць душ. Пры гэтым работы вядуцца з перапынкамі, без асаблівых норм. Галоўнае — якасць правядзення праполкі — свае патрабаванні прад’яўляе заказчык.
Дырэктар Клімаўскай сярэдняй школы Вера Флёрка гаворыць, што 4 гады таму падлеткі таксама былі задзейнічаны ў лагеры працы і адпачынку. Тады гэта было рабіць значна прасцей, без асаблівых патрабаванняў адпаведных служб.
— Наш лагер працуе з 8 да 16 гадзін. Рабяты снедаюць і выязджаюць на работы. Тры з паловай гадзіны яны працуюць, паўгадзіны — перапынак. Пасля работы вяртаюцца ў школу, тут яны абедаюць, а потым — забаўляльная праграма з разнастайнымі мерапрыемствамі. Вядома ж, камп’ютарны клас! У раскладзе работы лагера пазначаны яшчэ і полудзень. Адзначу, што ў меню прадугледжаны садавіна, сокі і ёгурты. За збалансаванае харчаванне адказвае повар 3-га разраду Вольга Старавойтава. Шэф-повар Наталля Самусенка зараз задзейнічана ў аздараўленчым лагеры “Ясенец”, — распавядае аб рабоце лагера Вера Флёрка. — А па суботах у рабят — дзень адпачынку. Нашы падлеткі ездзяць у басейн у Новую Гуту. Так што школьнікі ў лагеры адсутнічаюць выключна па ўважлівых прычынах. Вядома, што дзеці — розныя. Двое лічацца ў сацыяльна небяспечным становішчы, адзін — з прыёмнай сям’і. Ім у нас — асаблівая ўвага. Тут за ўсё нясе адказнасць начальнік лагера Наталля Пальчанка. Яна — настаўніца рускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік будучага 11 класа. Выхавацель — Людміла Келій — класны кіраўнік будучага 9 класа. У яе найбольшая колькасць будучых падапечных. А яшчэ — настаўнікі Віталь Курзоў і Алена Сулейка…
— У наступным годзе мы плануем арганізаваць падобны працоўны лагер сумесна з УСП “СлаўМол”, — дзеліцца планамі Таццяна Лугавік. — Там прапануюць праводзіць відавую праполку зерневых ад пустазелля. Тут мы плануем пры-цягнуць падлеткаў Целяшоўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы. Дарэчы, калі з Каранёўскай эксбазай у нас будзе наладжаны добры кантакт, дык мы і з імі разлічваем працягваць супрацоўніцтва.
Аляксандр РАМАШОЎ
Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА