Гомель
+30°C

Адрес редакции: 246047, г. Гомель, ул. Димитрова, 57

У Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы электратэхнікі прайшла сустрэча “Жанчыны Беларусі”

У Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы электратэхнікі вучацца рабяты і дзяўчаты з усёй Беларусі. Ёсць сярод іх і ўраджэнцы Гомельскага раёна, таму ім было асабліва цікава наведаць сустрэчу, арганізаваную выхавацелем інтэрната Марынай Ганжуравай “Жанчыны Беларусі”.

Знакамітыя ўраджэнкі зямлі беларускай, пра лёс і дзейнасць якіх расказвала Марына Валер’еўна, — святыя, асветніцы, урачы, паэты і вучоныя. Святыя Еўфрасіння Полацкая і Манефа Гомельская моляць Бога за сваіх землякоў. Анастасія Слуцкая ўвайшла ў гісторыю, дзякуючы сваім ваенным подзвігам. Штогод ордэнам Маці за нараджэнне і выхаванне пецярых і больш дзяцей узнагароджваюць дзясяткі жанчын...

Пра лёс і дзейнасць славутых беларусак расказалі Аляксандр Янкавец, Яўген Горскі. Святлана Лато, Марыя Журо, Яна Валянтовіч, Надзея Ерафеенка і Яўген Вашчанка. Выканалі некалькі песень, прысвечаных жанчынам, якія выступаюць то ў ролі каханай, то любячай матулі.

Падрабязна пра жыццё і малітоўны подзвіг ураджэнкі Сеўрукоў, пазней праслаўленай у ліку прападобнай Манефы Гомельскай сваім равеснікам расказаў Уладзіслаў Шчыгельскі. Хлопец паведаміў, што будучая святая, абаронца Гомельскай зямлі ад ворагаў роду чалавечага, нарадзілася ў сям’і сялян. Хутка стала вядома, што дзяўчынка ніколі не зможа хадзіць. Падрастаючы, Марыя (так назвалі дачушку бацькі) усё больш імкнулася да манастырскага жыцця, малітваў і даступнай ёй працы. Імкненне дзяўчыны стаць інакіняй споўнілася, і разам са зменай ладу жыцця яна змяніла і імя — падчас пострыгу яе назвалі Манефай. А калі праславілі як святую абаронцу Гомельшчыны, то і называць, па хрысціянскаму звычаю, сталі па мясцовасці, якую яна праславіла сваімі духоўнымі подзвігамі.

Пра лёс і працу яшчэ адной знакамітай зямлячкі, вядомага ўрача, вучонага і проста цікавай жанчыны расказала прысутным ганаровы госць сустрэчы — дырэктар Гомельскага гісторыка-краязнаўчага музея Кацярына Варабей. Яна захапіла ўвагу аўдыторыі расказам пра Кацярыну Вішнеўскую, ураджэнку Старой Беліцы, дэманстравала архіўныя фотаздымкі і цытавала некаторыя яе лісты. Галоўнае, чым знакамітая гэтая жанчына, — распрацоўка важнай тэмы ў медыцыне — анкагінекалогіі. Кацярына Вішнеўская, доктар навук, аўтар соцень артыкулаў і больш дзесяці кніг, якая “вырасціла” нямала кандыдатаў і прафесараў, была практыкуючым хірургам, правяла больш за 1,4 тысячы аперацый.

Але Кацярына Варабей не стала шмат увагі надаваць прафесійным абавязкам зямлячкі, а расказала пра яе як шчыра любячую жанчыну, моцнага духам і настойлівага кіраўніка, які змог з маленькай разбуранай хаткі зрабіць сучасную ўстанову аховы здароўя.

На працягу вечара гучалі вершы знакамітых паэтаў-жанчын, прысутныя паглядзелі невялікі дакументальны фільм. Напрыканцы цікавай сустрэчы яе арганізатар Марына Ганжурава прачытала і аўтарскі верш, прысвечаны ўсім жанчынам-зямлячкам.

А яшчэ для ганаровай госці гэтай ўстановы адукацыі правялі невялікую экскурсію ў кабінеце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яго “гаспадыня” Аксана Рагінская расказала, што навучэнцы каледжа вельмі цікавяцца рознымі відамі рамёстваў і рукадзелля, “падкідваюць” ідэі і ўсе разам іх рэалізуюць. Кацярына Варабей, у сваю чаргу, прапанавала Марыне Ганжуравай і Аксане Рагінскай правесці сумеснае мерапрыемства ўжо ў гісторыка-краязнаўчым музеі, на якое запросяць навучэнцаў з Гомельскага раёна.

Прочитано 463 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное