МАЯК

Амаль два дзесяцігоддзі ў Маркавіцкай сярэдняй школе вядзецца вялікая работа па збору і захаванню матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны продкаў. Гэтая зямля — унікальная, лічаць мясцовыя жыхары і, каб гэта даказаць, запрашаюць у школьны музей.

Некалькі пакаленняў педагогаў і юных этнографаў зрабілі неверагоднае: захавалі для аднавяскоўцаў старажытныя жаночыя і мужчынскія строі, хусткі з адмысловымі карункамі, розныя побытавыя рэчы. Экспанатаў сабралася так шмат, што ў гэтым годзе пад музей адвялі вялікі кабінет, дзе цяпер можна правесці не толькі цікавыя экскурсіі, але і розныя тэматычныя мерапрыемствы.

— Асаблівае месца ў школьным музеі адведзена ўнікальнаму касцюму гомельска-чарнігаўскага памежжа, які спалучае ў сабе элементы трох культур і зараз з’яўляецца своеасаблівым сімвалам Маркавіч і наваколляў, — расказвае дырэктар установы адукацыі Яўген Палякоў. — Жаночыя касцюмы ўраджэнак Маркавіч, свой строй — для дзяўчат, асобны — для замужніх і яшчэ адзін варыянт — для пажылых жанчын, вельмі адрозніваліся ад іншых беларускіх вёсак.

Справа ў тым, што на народны “маркавіцкі” касцюм вялікі ўплыў аказала суседка-Украіна, дзе дзяўчаты і жанчыны насілі адзенне, упрыгожанае яркімі стужкамі і шматколернай вышыўкай, у адрозненне ад беларускага касцюма, дзе пераважалі толькі два-тры колеры. Асаблівую сакральную ролю меў і галаўны ўбор, хуста, якую завязвалі васьмю рознымі спосабамі, нават у камплекце — з двух альбо трох.

— З народным касцюмам, які з’яўляецца асаблівасцю нашай вёскі, прыязджалі знаёміцца і сталічныя навукоўцы, — дадае Яўген Палякоў.

А пачатак усяму быў пакладзены былым дырэктарам школы Мікалаем Пашчанкам і апантанымі, улюбёнымі ў сваю справу настаўнікамі Рыгорам Басавым і Марыяй Герасенка. Апошнія ўзялі на сябе абавязак сабраць крупінкі народнай спадчыны, матэрыяльных і нематэрыяльных каштоўнасцяў Маркавіч і навакольных вёсак. Дарэчы, для даследчых работ гэтая зямля — сапраўдны скарб.

Вучні пад кіраўніцтвам педагогаў праводзілі шматлікія экспедыцыі, вынікам якіх сталі знойдзеныя юнымі знаўцамі нават на гарышчах старажытныя рэчы, адзенне, прылады працы.

— Кожная такая рэч мае сваю гісторыю, і тым яна цікавая, — гаворыць дырэктар установы адукацыі.

Зараз этнаграфічныя вышукі працягваюцца, і маркавіцкія школьнікі аддаюць гэтай рабоце шмат увагі. Бо ў іх ёсць добры прыклад: былы вучань Віктар Шыпкоў, удзельнік фальклорнага калектыву “Чарнабрыўцы”, і дагэтуль вядзе вялікую этнаграфічную і асветніцкую дзейнасць. Супрацоўніку праваахоўных органаў нядаўна было прысвоена пачэснае званне народнага майстра Беларусі: шматдзетны бацька самастойна ўзнавіў маркавіцкія касцюмы, у якіх і праводзіць з такімі ж улюбёнымі ў гісторыю роднага краю традыцыйныя абрады “Сула” і “Маркавіцкая звязда”.

Ірына ГРАМЫКА.
Фота аўтара.