Мы в соцсетях

Перыяд з Нараджэння Хрыстовага да Хрышчэння называўся Святымі вечарамі, і гэты час людзі аддавалі не працы, а вясёлым забавам. Эпохі змяняюцца, аднак многія па-ранейшаму чакаюць свята, як праявы чалавечай цеплыні і чуласці.

Самае галоўнае дзеянне адбывалася напрыканцы Старога Новага года — так званыя Шчодрыкі, альбо Калядкі. Песні-зычанні і абрадавыя гульні з Казой, Мядзведзем, Механошай і іншымі героямі былі неад’емнымі атрыбутамі калядавання. Аднак у кожным населеным пункце існавалі свае адметнасці гэтага вядомага абрада.

У аграгарадку Урыцкае ўдзельнікі народнага калектыва “Клуб аматараў нацыянальнай культуры “Скарбніца” некалькі гадоў таму ўзнавілі абрад Калядавання на мясцовым аўтэнтычным матэрыяле. Ад карэнных жыхароў старажытнай вёскі Ваўковіцкі Крупец (як раней называўся гэты населены пункт) запісалі цікавыя шчадроўкі і словы-зычанні, якімі віталі гаспадароў калядоўшчыкі. Зараз дарослыя і дзеці — аматары народнай творчасці — наведваюць установы і прадпрыемствы, дамы і кватэры і разыгрываюць перад аднавяскоўцамі невялікае прадстаўленне “Пайшла Каляда, калядуючы”.

Калядую, калядую, у клеці сала чую.

Дайце паласу — бацьку панясу.

Бацька будзе есці, барадою трэсці,

Вусамі ківаць, «спасіба» казаць.

Галоўныя героі абрада — Звяздар, які нясе яркую зорку, сімвал Віфлеемскай, першы заходзіць у памяшканне, Механоша, Мядзведзь, Цыганка і абавязкова — Каза. Яна да такой ступені “слабенькая”, што акурат пасярод віншаванняў гаспадарам добрага здароўя і дабрабыту раптоўна “траціць прытомнасць”. Акрыяць і зноў пачаць скакаць і весяліцца ёй дапамагаюць толькі шчодрыя дары калядоўшчыкам.

Як расказала мастацкі кіраўнік Урыцкага рэгіянальнага цэнтра культуры і вольнага часу Рыма Лянкова, калядаванне адбываецца не толькі ва Урыцкім, але і ў некаторых навакольных населеных пунктах. Так, навагоднія віншаванні ад артыстаў-калядоўшчыкаў прымалі жыхары Буды і Рандоўкі.

Жыхары Урыцкага з нецярпеннем чакаюць, што 13 студзеня вечарам да іх наведаюцца калядоўшчыкі і рыхтуюцца да гэтага: хтосьці закупае торбачкі цукерак, а іншыя нават пірагі пякуць, каб пачаставаць дарагіх гасцей! Вядома ж: калі да цябе ў хату прыйшла Каляда — быць гэтаму году багатаму і шчодраму. Недарэмна ж калядоўшчыкі часта прыгаворваюць: “Шчодры вечар!”. Сёлета мы працягнем традыцыю калядавання: раніцай хату, якую наведвалі вечарам, мужчыны і хлопчыкі павінны “засяваць”. Рассыпаючы зярняткі альбо крупы, прыгаворваюць: “Сею, сею, засяваю, з Новым годам паздраўляю!”. Потым гэтыя крупы альбо зерне гаспадары аддавалі курам.      

А ў полі вішанька стаяла,

А на той вішаньцы свечачка гарэла,

Іскарка ўпала — рэчачка стала,

А ў той рэчачцы сам Бог купаўся

З Ісусам Хрыстом. Са Святым Ражаством!

Добры вечар Вам!

Гэтую старажытную песню-віншаванне заўсёды спяваюць у вёсцы Галавінцы. Бабулі перадавалі тэкст песні сваім унукам, якія, заходзячы да каго-небудзь у хату, дабаўлялі яшчэ пажаданні-зычанні добрага ўраджаю, здароўя і дабрабыту. А ў канцы XIX стагоддзя ў вёсцы Галавінцы існаваў абрад “Мальвіна”.

Пачыналася ўсё яшчэ на вуліцы, калі хлопцы і дзяўчаты, узяўшыся за рукі, вадзілі харавод і спявалі песню “А ў полі вішанька…”. Потым хто-небудзь прапаноўваў: “А давайце пойдзем у Мальвіну гуляць!”. Астатнія з ахвотай згаджаліся і пачынаўся выбар дзяўчыны, якая выконвала ролю Мальвіны. Не ўсе падыходзілі на гэтую ролю: “Ты сумнаватая, а ты малаватая!”, — адказвалі чарговай прэтэндэнтцы. Нарэшце знаходзілася дзяўчына, якая адпавядала ўсім патрабаванням, і для яе выбіралі мужа. Пасля гэтага юнакі з дзяўчатамі ішлі па вёсцы. Спытаўшыся дазволу: “А ці пусціце ў хату Мальвіну гуляць?”, заходзілі да аднавяскоўцаў, дзе разыгрывалі асноўнае дзеянне.

Па аналогіі з абрадам, дзе Каза “памірае”, Мальвіна таксама “траціць прытомнасць”, муж несуцешны моліцца-жаліцца: “А хто ж мне цяпер пірагі спячэ?”. Ды малітва яго не надта шчырай была, бо Мальвіна “ажывае” не ад яго слоў, а пазней: “Цуда адбылося! Будзе ў вашым доме хлеб і квас, і добры ўраджай!“, — дадавалі госці і віншавалі гаспадароў са святам Нараджэння Хрыста, жадалі, каб у доме быў лад і згода. У адказ іх частавалі цукеркамі, яблыкамі і пячэннем.

Пра абрадавую гульню “Мальвіна” і яе сэнс нам расказала старая жанчына са слоў сваёй матулі, — расказвае настаўніца Галавінскай сярэдняй школы Алена Чыркова. — У 2005 годзе мы з вучнямі ўзнавілі гэтую традыцыю, якая характэрна толькі для. Яе сэнс просты: як надыходзіць зіма, засыпае-“памірае” прырода, а “ўваскрасенне”, альбо вяртанне душы Мальвіны, — гэта яе абуджэнне і надзея сялян на добры, ураджайны год. 

Ірына ГАЛАВАЧОВА

Фота з архіва рэдакціі

_DSC0664.JPG

_DSC0733.JPG

_DSC0898.JPG

_DSC1029.JPG

17.JPG

39.JPG

DSC_0011.JPG

Калядныя традыцыі: шчодры-шчадровачкі, гасцінцаў поўны торбачкі!
Прочитано 2297 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика