МАЯК

Сёлета спаўняецца пяць гадоў, як старажытны абрад “Ваджэнне Сулы” ў вёсках Маркавічы і Гадзічава быў унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Сула праводзілася на другі дзень пасля Вялікадня амаль да канца 1960-х гадоў, пакуль савецкая ўлада яе не забараніла. Энтузіясты-краязнаўцы — кіраўніцтва, педагогі і вучні мясцовай сярэдняй школы — адрадзілі аўтэнтычны абрад, і пасля 40-гадовага перапынку па вуліцах дзвюх вёсак жанчыны і дзяўчаты зноў “заводзілі крывога танка”.

У полі ў канцы вёскі Гадзічава жанчыны і дзеўкі “заводзілі крывога танка” — пачыналі вадзіць карагод, каб “усё ў нас радзіла, і каб маланка нас не біла!”. Абрад “Ваджэнне Сулы” (дарэчы, гэтае слова азначае рух, плынь, а таксама — наканечнік стралы) меў сакральнае значэнне: карагод сімвалізаваў і сонца, і ў той жа час лічыўся абярэгам. У некаторы момант галоўнымі дзеючымі асобамі станавіліся тры маленькія дзяўчынкі: іх на руках падкідвалі ўверх, што было сімвалічным пажаданнем дзеткам расці здаровымі і дужымі, а таксама добрага ўраджаю. Пасля карагоду ўсе жанчыны браліся за рукі і ішлі з Гадзічава ў Маркавічы, расцягнуўшыся па ўсёй вуліцы ад хаты да хаты… 

З Велікоднай радасцю іх сустрэлі ў Маркавічах. Адна з жанчын з кулічом ці пасхай на тканым рушніку вітала гасцей: “Як прайшоў Хрыстос усе мукі, узялі Яго пад рукі. Яго маці стаяла і такія словы прамаўляла: “Сыне мой, як будзеш Ты васкрасаці, будуць цябе ангелы страчаць, са Святым Уваскрэсеннем паздраўляць! Хрыстос уваскрос!”. А жанчына з Гадзічава ёй адказвала: “Дай Бог і на той год даждаць Светлага Хрыстова Уваскрэсення ў шчасці і здароўі! Хрыстос уваскрос!”. А потым за ваколіцай, разаслаўшы рушнікі і тканыя посцілкі, частавалі адзін аднаго, гулялі ў біткі, пелі і танцавалі. 

Народны майстар Рэспублікі Беларусь, ураджэнец вёскі Маркавічы Віктар Шыпкоў быў адным з тых энтузіястаў, якія прыклалі шмат намаганняў, каб не толькі аднавіць, але і зрабіць нематэрыяльную спадчыну продкаў адной з праяў сённяшняга жыцця. 

— На гэты раз у нас была мэта: узнавіць гістарычны шлях, якім Сула праходзіла ў старадаўнія часы, — адзначае Віктар Шыпкоў. — Нават выконвалі песні, запісаныя ад старажылаў Маркавіцкага сельсавета, якія памяталі гэты абрад альбо ўдзельнічалі ў ім. Дарэчы, “Ваджэнне Сулы” пачынае на Гомельўшчыне комплекс абрадавых дзеянняў, прызваных абараніць людзей, жыллё і жывёлу ад маланкі — “Стралу”. 

64-гадовы жыхар Гадзічава Мікалай Іванавіч успамінае, як у ягоным дзяцінстве вадзілі Сулу:

— У нашай вёсцы дзейнічаў калгас, пражывала шмат людзей, і многія адзначалі Вялікдзень, а таксама ўдзельнічалі ў абрадзе Сула, нягледзячы на тое, што гэта было забаронена савецкай уладай. Добра, што зараз народныя традыцыі ўзнаўляюцца.

Па словах метадыста па народным традыцыям, абрадам і фальклору Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірыны Глушэц, школьнікі, якія ў 2007 годзе адрадзілі старажытны абрад, зараз ужо дарослыя людзі:

— Яны далучаюць да нароных традыцый сваіх родных і дзяцей і запрашаюць гасцей. Вельмі прыемна, што мясцовыя жыхары гэта падтрымліваюць: як і раней, удзельнікаў абраду сустракаюць на вуліцы накрытым сталом з кулічамі, яйкамі і іншымі прысмакамі. Віншуюць адзін аднаго са святам Вялікадня, хрыстосуюцца і запрашаюць пачаставацца.

Кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля “Павалякі” Яромінскага філіяла Бальшавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Цуканава адзначыла, што ў правядзенні абрада “Ваджэнне Сулы” юныя артысты ўдзельнічаюць ужо ў другі раз:

— Калі ў мінулым годзе мы былі больш гледачамі, то сёлета дзеці вывучылі ўсе абрадавыя спевы і танцы і з задавальненнем вадзілі Сулу. Дарэчы, яны добра ведаюць і гісторыю роднага Яроміна, таму ім было цікава параўнаць абрадавыя дзеянні іншай мясцовасці роднага раёна.

У месцы, дзе дзесяцігоддзямі жыхары Гадзічава і Маркавіч завяршалі абрад “Ваджэнне Сулы”, творчыя калектывы раёна падрыхтавалі канцэртную праграму, а работнікі культуры — тэматычныя выставы, майстар-клас па роспісу фарбаваных яек. Яны таксама прапанавалі ўсім пакаштаваць велікодную ежу.


 

 


Ірына ГРАМЫКА.

Фота Кацярыны ШЧАРБІНОЙ.

У полі ў канцы вёскі Гадзічава жанчыны і дзеўкі “заводзілі крывога танка” — пачыналі вадзіць карагод, каб “усё ў нас радзіла, і каб маланка нас не біла!”. Абрад “Ваджэнне Сулы” (дарэчы, гэтае слова азначае рух, плынь, а таксама — наканечнік стралы) меў сакральнае значэнне: карагод сімвалізаваў і сонца, і ў той жа час лічыўся абярэгам. У некаторы момант галоўнымі дзеючымі асобамі станавіліся тры маленькія дзяўчынкі: іх на руках падкідвалі ўверх, што было сімвалічным пажаданнем дзеткам расці здаровымі і дужымі, а таксама добрага ўраджаю. Пасля карагоду ўсе жанчыны браліся за рукі і ішлі з Гадзічава ў Маркавічы, расцягнуўшыся па ўсёй вуліцы ад хаты да хаты… 

З Велікоднай радасцю іх сустрэлі ў Маркавічах. Адна з жанчын з кулічом ці пасхай на тканым рушніку вітала гасцей: “Як прайшоў Хрыстос усе мукі, узялі Яго пад рукі. Яго маці стаяла і такія словы прамаўляла: “Сыне мой, як будзеш Ты васкрасаці, будуць цябе ангелы страчаць, са Святым Уваскрэсеннем паздраўляць! Хрыстос уваскрос!”. А жанчына з Гадзічава ёй адказвала: “Дай Бог і на той год даждаць Светлага Хрыстова Уваскрэсення ў шчасці і здароўі! Хрыстос уваскрос!”. А потым за ваколіцай, разаслаўшы рушнікі і тканыя посцілкі, частавалі адзін аднаго, гулялі ў біткі, пелі і танцавалі.

Народны майстар Рэспублікі Беларусь, ураджэнец вёскі Маркавічы Віктар Шыпкоў быў адным з тых энтузіястаў, якія прыклалі шмат намаганняў, каб не толькі аднавіць, але і зрабіць нематэрыяльную спадчыну продкаў адной з праяў сённяшняга жыцця.

— На гэты раз у нас была мэта: узнавіць гістарычны шлях, якім Сула праходзіла ў старадаўнія часы, — адзначае Віктар Шыпкоў. — Нават выконвалі песні, запісаныя ад старажылаў Маркавіцкага сельсавета, якія памяталі гэты абрад альбо ўдзельнічалі ў ім. Дарэчы, “Ваджэнне Сулы” пачынае на Гомельўшчыне комплекс абрадавых дзеянняў, прызваных абараніць людзей, жыллё і жывёлу ад маланкі — “Стралу”.

64-гадовы жыхар Гадзічава Мікалай Іванавіч успамінае, як у ягоным дзяцінстве вадзілі Сулу:

— У нашай вёсцы дзейнічаў калгас, пражывала шмат людзей, і многія адзначалі Вялікдзень, а таксама ўдзельнічалі ў абрадзе Сула, нягледзячы на тое, што гэта было забаронена савецкай уладай. Добра, што зараз народныя традыцыі ўзнаўляюцца.

Па словах метадыста па народным традыцыям, абрадам і фальклору Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірыны Глушэц, школьнікі, якія ў 2007 годзе адрадзілі старажытны абрад, зараз ужо дарослыя людзі:

— Яны далучаюць да нароных традыцый сваіх родных і дзяцей і запрашаюць гасцей. Вельмі прыемна, што мясцовыя жыхары гэта падтрымліваюць: як і раней, удзельнікаў абраду сустракаюць на вуліцы накрытым сталом з кулічамі, яйкамі і іншымі прысмакамі. Віншуюць адзін аднаго са святам Вялікадня, хрыстосуюцца і запрашаюць пачаставацца.

Кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля “Павалякі” Яромінскага філіяла Бальшавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Цуканава адзначыла, што ў правядзенні абрада “Ваджэнне Сулы” юныя артысты ўдзельнічаюць ужо ў другі раз:

— Калі ў мінулым годзе мы былі больш гледачамі, то сёлета дзеці вывучылі ўсе абрадавыя спевы і танцы і з задавальненнем вадзілі Сулу. Дарэчы, яны добра ведаюць і гісторыю роднага Яроміна, таму ім было цікава параўнаць абрадавыя дзеянні іншай мясцовасці роднага раёна.

У месцы, дзе дзесяцігоддзямі жыхары Гадзічава і Маркавіч завяршалі абрад “Ваджэнне Сулы”, творчыя калектывы раёна падрыхтавалі канцэртную праграму, а работнікі культуры — тэматычныя выставы, майстар-клас па роспісу фарбаваных яек. Яны таксама прапанавалі ўсім пакаштаваць велікодную ежу