Рэдакцыя газеты “Маяк” пачынае цыкл публікацый, прысвечаных Году гістарычнай памяці “Бацькаўшчына: Гомельскі раён у люстэрку часу”. На працягу года вы, паважаныя чытачы, зможаце азнаёміцца са знакавымі мясцінамі раёна, помнікамі архітэктуры і дойлідства, культавымі будынкамі і рознымі святамі, знакамітымі землякамі, якія праславілі сваю малую радзіму. Адначасова запрашаем стаць сааўтарамі праекта: калі ў вашай сям’і захаваліся старыя фотаздымкі і дарэвалюцыйныя паштоўкі, дасылайце іх на адрас рэдакцыі. Такім чынам мы падтрымаем праект Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава. Ягоная багацейшая аўтарская калекцыя паштовак і фотаздымкаў канца ХIХ-пачатку ХХ стагоддзя расказвае пра багатае мінулае нашай краіны. А зараз запрашаем перагарнуць разам з намі першыя старонкі гістарычнага праекта і зазірнуць у мінулае роднага краю.

d4v658d74v8dae61.jpg

Вёска Гадзічава вядома помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя — царквой вялікамучаніцы Кацярыны. Існуе легенда, што гэтымі мясцінамі праязджала імператрыца Кацярына Вялікая і, калі спынілася адпачыць у невялікай вёсцы, убачыла драўляную царкву, якую асвяцілі ў гонар яе нябеснай ахоўніцы. Манаршая асоба і загадала пабудаваць замест той цагляны храм. Аднак загад імператрыцы выканалі толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў.

Гэты помнік архітэктуры знакаміты яшчэ і тым, што з’яўляецца амаль поўнай копіяй сабора святых Пятра і Паўла ў гомельскім парку, бо аўтарам праекту абодвух храмаў быў вядомы англійскі архітэктар Джон Кларк. Пасля будаўніцтва царквы Гадзічава набыло больш высокі статус, а побач з храмам у канцы XIX стагоддзя была пабудавана і школа граматы. Будынак захаваўся і дагэтуль.

Некаторы час царква была закрыта для вернікаў, тут размяшчаўся склад. Толькі ў канцы 1980-х у храме зноў загучалі словы набажэнстваў. Перад першым, пасля доўгага перапынку, богаслужэннем Свята-Кацярынінскую царкву асвяціў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

Ірына ГРАМЫКА. Фота аўтара і з архіва рэдакцыі.

Праект “Бацькаўшчына: Гомельскі раён у люстэрку часу”: след імператрыцы Кацярыны ў Гадзічаве
Прочитано 1112 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Яндекс.Метрика