Мы в соцсетях

Гаспадаркі раёна завяршаюць работы па сяўбе кукурузы. Спачатку замляробы выканалі комплекс работ на плошчах, якія адведзены на зерневыя мэты. На апошніх гектарах вядзецца сяўба каралевы палеткаў, прызначанай на зялёны корм. Паводле аператыўных дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Гомельскага райвыканкама, па стане на 24 мая сяльгаспрадпрыемствы засеялі 17804 гектараў, што складае 93,7 працэнта ад запланаванага.

ААТ “Саўгас-камбінат “Сож” мае магчымасць праводзіць работы на сяўбе кукурузы адразу 4 айчыннымі сеялкамі. Гэта шматмэтавыя пнеўматычныя дакладнага высеву  агрэгаты вытворчасці ААТ “Мазыртэхсервіс”. На палетках ля Рудні Марымонавай былі задзейнічаны дзве сеялкі. Падрыхтаваных плошчаў для высеву кукурузы, па словах галоўнага спецыяліста па раслінаводству ААТ “Саўгас-камбінат “Сож” Аляксандра Якаўцава, якраз хапае для поўнай нагрузкі на пасяўныя агрэгаты. Выпрацоўка за змену ў механізатараў Мікалая Кубарава на “Беларус 1221” і Дзмітрыя Лабанава на “Беларус 1522” складае па 30 і болей гектараў у залежнасці ад даўжыні загонкі. Гэта дастаткова высокія тэмпы работ.

 

— За адзін гектар у нас расцэнка на пасяўной складае 95 капеек. Гэта, так званая здзельшчына, — гаворыць Аляксандр Віктаравіч. — Да таго ж, налічваецца прэмія пры выкананні нормы высеву. У разгар работ мы пачыналі  з 5 гадзін раніцы і працавалі да самага змяркання. Тады і па 40 гектараў у нашых механізатараў атрымлівалася засяваць. Вось і лічыце. Напрыклад, восенню заробкі былі і па тысячы рублёў у месяц на сяўбе азімых культур.  

Для работнікаў прадпрыемства ў поле дастаўляюцца гарачыя абеды, а на вячэру — сухі паёк, у які, у абавязковым парадку, уваходзіць банка тушонкі і мінеральная вада. Паводле калектыўнай дамовы, прынятай у ААТ “Саўгас-камбінат “Сож”, механізатары аплочваюць 30 працэнтаў ад кошту двухразовага харчавання. Пры гэтым супрацоўнікі сталовай з Новай Гуты імкнуцца разнастаіць меню з такім разлікам, каб стравы не паўтараліся на працягу тыдня. Варта ўлічыць і такую акалічнасць: дастаўка механізатараў з Новай Гуты, як, дарэчы, і харчавання ажыццяўляецца на левы бераг Сожа праз паром. А гэта таксама затрачаны дадатковы час, які ўлетку асабліва каштоўны.

Між тым, спяшацца, як сведчыць вопыт агранома з амаль 40 гадовым стажам, з сяўбой кукурузы не варта.

— У свой час я таксама спяшаўся да вызначаных тэрмінаў, але потым даводзілася перасяваць, калі марозчык ударыў у маі. А тады кукуруза стаяла якраз добрая, а раніцай уся шчарнела, багата прапала, — дзеліцца сваімі назіраннямі за капрызамі надвор’я Аляксандр Якаўцаў. — У выніку кукурузу сеялі і ў канцы чэрвеня. А ў жніўні ўжо на падкормку жывёле давалі і ў сіласныя ямы закладвалі — такая была ўраджайнасць зялёнай масы. А вось, калі засуха ўдарыць улетку, дык тады ўжо без розніцы, калі ты яе сеяў — у маі ці пазней.

У ААТ “Саўгас-камбінат “Сож” плошчы пад кукурузу на зерне сёлета склалі 1650 гектараў. На зялёны корм крыху менш — 1500 гектараў. Спадзяванні ў агранамічнай службы на добры ўраджай ёсць. Асабліва, калі не падвядзе надвор’е і не паўторыцца мінулагодняя спякота без дажджоў.

НА ЗДЫМКАХ: механізатар Мікалай Кубараў; механізатар Дзмітрый Лабанаў

Аляксандр РАМАШОЎ

Фота Аляксея НАРЭЙКІ

Завяршаюцца работы па сяўбе кукурузы
Прочитано 1127 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика