Пасёлак Баштан Грабаўскага сельсавета — адносна маладое паселішча: налічвае крыху больш за стагоддзе, аднак з яго назвай звязаны падзеі больш даўніх часоў. Невялікую экскурсію па Баштану правяла дэпутат Грабаўскага сельскага Савета дэпутатаў, настаўніца Грабаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Ірына Данільчук, якая больш 20 гадоў пражывае ў пасёлку.

Існуе некалькі версій назвы гэтага населенага пункта, і дзве з іх амаль ідэнтычныя.
— Першая версія — найменне пасёлак, а тады проста хутар, выселкі ад Грабаўкі, атрымаў ад слова “баштан”, што ў перакладзе азначае гарод. І гэтаму ёсць некалькі пацверджанняў. Раней, успамінаюць старажылы (а ім расказвалі аб гэтым іх бацькі) на месцы Баштана былі панскія гароды. Калі некалькі сем’яў перасяліліся сюды, таксама завялі гароды. А так як ураджэнцы гэтых краёў, як і многія вернападданыя Расійскай імперыі, удзельнічалі ў Крымскай вайне, то, вяртаючыся, прывозілі не толькі ўражанні і жыццёвы вопыт, але і некаторыя словы з іншай мовы. Так і назвалі хутар Баштанам.

DSC_8067.JPG

Па другой версіі, назву пасёлку таксама дало іншаземнае слова, але перайначанае — бахча.

А трэці варыянт узнікнення наймення сугучны з прозвішчам першапасяленцаў — Башлаковы. Дарэчы, ў пасёлку Баштан (дакладней, станцыі Цяруха, якая цяпер уваходзіць у склад пасёлка як асобная вуліца) нарадзіўся знакаміты беларускі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхась Башлакоў. Нямала твораў паэт прысвяціў малой радзіме.
З пасёлкам на гомельскай зямлі звязана імя яшчэ аднаго паэта — Уладзіміра Маякоўскага. Бадай, нідзе ў такім маленькім паселішчы не знойдзеш помніка гэтаму паэту-пралетарыю. З ягоз’яўленнем у пасёлку Баштан таксама звязаны дзве версіі. 

Згодна першай — у пачатку вуліцы, тады безназоўнай, былі пахаваны вызваліцелі-чырвонаармейцы.Ля іх могілак пасадзілі дрэўцы, якія з цягам часу ўтварылі невялікі сквер-трохкутнік. Калі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя адбылося перазахаване ў брацкую магілу ў Пясочнай Будзе, у скверыку вырашылі ўстанавіць бюст Леніна. Пастамент для яго падабралі адпаведны — надмогільныя пліты з панскіх могілак у Грабаўцы (некалі гэтая вёска належала панскаму роду Фашчаў). Аднак на складзе бюстаў Леніна не было, і “хадакі” з Баштана ўзялі бюст Маякоўскага.

DSC_8055.JPG

DSC_8044.JPG

Згодна другой версіі, былы дэпутат Павел Мартынаў вельмі захапляўся творчасцю Уладзіміра Маякоўскага, і пасля перазахавання байцоў Чырвонай Арміі вырашыў на месцы сквера ўсталяваць помнік любімаму паэту.

Але, як бы там ні было, аднак устаноўлены бюст паэта даў назву вуліцы пасёлка, якая да пачатку 1990-х гадоў была безыменнай. А некаторы час назад у пасёлку Баштан узнавілі добрую традыцыю правядзення маёвак: раённая сацыяльна-экалагічная акцыя адбылася падчас свята працы. Прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый займаліся добраўпарадкаваннем вуліцы Маякоўскага і сквера, а потым адбылася літаратурна-музычная кампазіцыя.
Гучалі вершы мясцовых творцаў слова, а таксама Уладзіміра Маякоўскага, у гонар якога назвалі вуліцу пасёлка. Мясціны вакол Баштана ўпамінаюцца больш за тысячу гадоў назад. Існуе меркаванне, што рэчка Пясошанька, якая працякае непадалёк ад паселішча, якраз і з’яўляецца той самай рачулкай, дзе калісьці радзімічы пацярпелі паражэнне і павінны былі плаціць даніну кіеўскаму князю. Аб гэтым сведчаць старажытныя летапісы.
 DSC_8033.JPG

DSC_7953.JPG

Падчас экскурсіі па пасёлку мы сустрэліся і са старэйшай жыхаркай Баштана Ганнай Петрусёвай, якая пражывае тут больш за паўстагоддзя.  Яна расказала некалькі цікавых фактаў з жыцця паселішча — пра назвы вуліц і знакамітых аднавяскоўцаў. Вучні Грабаўскай школы Аляксандр Данільчук, Соня Пыракова і Аня Шарко, для якіх і быў арганізаваны экскурс у мінулае Баштана, засталіся задаволенымі: даведаліся шмат цікавага і невядомага, а гісторыя пасёлка, як і паходжанне яго назвы, застанецца ў памяці як невялікі летапіс малой радзімы.

DSC_8001.JPG

DSC_7989.JPG

DSC_7915.JPG

Ірына ГРАМЫКА. Фота аўтара.

Баштан : крымскі след на гомельскай зямлі, гісторыя назвы пасёлка
Прочитано 706 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии
 

Яндекс.Метрика