Чаплін — сапраўдная глыбінка. Зарэгістраваны тут усяго адзін чалавек — Валянціна Бандарэнка. Яна — нашчадак тых, хто заснаваў гэтае паселішча ў пачатку мінулага стагоддзя, таму можа многае паведаміць пра гісторыю пасёлка з незвычайнай назвай і жыццё “чаплінцаў”.
Птушыная назва
Людзі на балоце. І гэта сапраўды так было, калі першапасяленцы, жыхары з Будзішча, вырашылі пабудаваць тут дамы і асесці на пастаяннае жыццё.
Першымі ў будучы пасёлак прыйшлі Кузьма Прышчэпаў з жонкай Домнай, Фёдар Бондараў і Фядот Бандарэнка. Паставілі зрубы, перавезлі сем’і. Пачалося жыццё новага паселішча.
Адкуль жа назва такая незвычайная? Нехта, пачуўшы пра Чаплін, жартам пытаецца: “Ці не таму такую назву пасёлку далі, што нехта фільмы з вядомым комікам любіў?”. Аднак не, назва — свая, тутэйшая! Імя Чапліну далі крылатыя жыхары балот, што раскінуліся вакол пасёлка. Тут вадзілася шмат чапляў, таму першапасяленцы і вырашылі назваць паселішча у гонар гэтай грацыёзнай птушкі. Дарэчы, пасёлак Чаплін упамінаецца ў творах класіка беларускай літаратуры Івана Шамякіна.
Новы пасёлак, па сутнасці, з’яўляўся вытворчым падраздзяленнем калгаса “Воля”, галоўная сядзіба якога размяшчалася ў Будзішчы. Тут пабудавалі цялятнік, канюшню, была свая малацілка.
— Дарослыя працавалі ў калгасе: хто — жывёлаводам, а хто — у паляводчай брыгадзе. Я дагэтуль памятаю, як матуля, бывала, запрагала быка замест каня для выканання нейкіх работ, — расказвае Валянціна Бандарэнка. — Мы, малыя, дапамагалі бацькам, таму і самі рана навучыліся ўсяму, што трэба рабіць вясковаму чалавеку.
Калі падрасла, і сама ў паляводчай брыгадзе працавала, лён вырошчвала. Як успамінае зараз Валянціна Мікалаеўна, вырошчванне ільну — доўгі і цяжкі працэс. Пасля ўзыходу яго неаднойчы праполвалі, потым, як толькі адцвіце і з’явяцца “шышачкі”, яго выдзіралі з зямлі, звязвалі невялікімі “снапкамі” і развешвалі на адмысловай прыладзе накшталт агароджы для прасушкі. Так лён яшчэ даспяваў, а потым прачам (прач — драўляная прылада з барознамі для прасавання бялізны і выканання іншых дзеянняў. — Заўвага аўтара) яго аббівалі, здабываючы такім чынам насенне, з якога пасля масла рабілі.
Бацькоўскі край — зямля святая!
Перад Вялікай Айчыннай вайной у Чапліне было каля 30 хат, ствараліся новыя сем’і, нараджалася ўсё больш дзяцей. Тут жылі Бандарэнкі і Прышчэпавы, Лазавенкі і Бондаравы. Будучыня бачылася ім бязвоблачнай і працавітай, яны спадзяваліся на доўгае бязбеднае жыццё. Але ж чорная фашысцкая навала перакрэсліла мары жыхароў гэтага маленькага пасёлка, як і ўсёй вялікай краіны.
У барацьбе з ворагам загінулі больш 60 жыхароў Чапліна. А пазней моладзь таксама стала раз’язджацца хто куды. Вось так і сталася, што ўжо больш дзесяці гадоў тут зарэгістраваны адзін пастаянна пражываючы жыхар — Валянціна Бандарэнка.
Праўду кажучы, нашчадкі не забываюць родныя мясціны, калыску іх бацькоў (у хатах дагэтуль захаваліся спецыяльныя крукі для калыскі, прымацаваныя да столі), і вяртаюцца сюды. Пакуль толькі на лета, а там, глядзіш, і на пастаяннае жыхарства.
— Прыемна бачыць, калі дзеці і ўнукі не проста наведваюць дамы сваіх продкаў, але і пакрысе пачынаюць завіхацца па гаспадарцы, апрацоўваць агарод, — гаворыць Валянціна Бандарэнка.
Так зрабілі родзічы Валянціны Мікалаеўны, браты Віктар і Міхаіл Прышчэпавы. Зарэгістраваны яны ў Гомелі, аднак вырашылі змяніць гарадскі шум на клопаты сельскага жыцця. Адзін з братоў мае пасеку, абодва апрацоўваюць зямлю, вырошчваюць усё неабходнае.
Да бліжэйшага населенага пункта — пасёлка Будзішча — амаль тры кіламетры напрамкі — лесам ды полем, аднак дарога ўжо амаль знікла, бо ніхто не ходзіць. Да цэнтра сельсавета, аграгарадка Чарацянка — шэсць кіламетраў, затое да граніцы з Украінай — рукой падаць.
Больш дваццаці гадоў Валянціна Мікалаеўна працавала паштальёнам, у любое надвор’е карэспандэнцыю і перыёдыку разносіла.
Валянціна Мікалаеўна выхавала разам з мужам трох дачок, мае траіх унукаў і ёсць ужо праўнучак. Усе яны разляцеліся з бацькоўскай хаты, аднак матулю і бабулю часта наведваюць. Ім яна расказвае пра продкаў, заснавальнікаў пасёлка і аднавяскоўцаў, іх жыццёвыя лёсы. А то дастане з шафы старыя чорна-белыя фотаздымкі, якіх у яе вялікая колькасць, і паведаміць пра розныя падзеі з жыцця пасёлка.
— Вось на гэтым здымку занатаваны момант, калі ў Чаплін праводзілі радыё — суседка з маім будучым мужам дапамагалі пракладваць тоненькія траншэі пад кабель. А вось тут — момант уборкі ўраджаю зерневых, тут уся мая сям’я, а на гэтым здымку бульбу садзяць…
* * *
Вось так і жыве пасёлак Чаплін. Летам тут такія краявіды — сэрца ад любові да роднага куточка сціскаецца. Сёлета Валянціна Мікалаеўна не адна ў хаце зімуе — да яе з горада 84-гадовы родзіч пераехаў, ды Віктар і Міхаіл Прышчэпавы. Так што сумаваць адной не прыходзіцца.
Карэнная жыхарка Чапліна спадзяецца, што гэты пасёлак зноў стане шматлюдным, а дзіцячыя галасы тут будуць гучаць не толькі летам.
Ірына ГРАМЫКА
Фота аўтара