Калісьці мясціны ў дзясятку кіламетраў у паўночна-усходнім накірунку ад Гомеля славіліся сваімі саснякамі. Згодна пісьмовых крыніц, у 1862 годзе 24 сям’і атрымалі тут зямельныя надзелы, таму паселішча, якое ўзнікла пасярод сасоннікаў, сталі называць Сасноўкай.

Аднак вёску часам называлі і Макееўкай, бо такую назву мела невялічкае паселішча, што размяшчалася побач, у якім яшчэ ў дарэвалюцыйны час быў маёнтак князя Паскевіча.

— Старажылы калісьці расказвалі, як вясковыя дзеці беглі адчыняць “загарадкі” на перакрыжаваннях вуліц пану, які ехаў адпачыць у свой загарадны дом, — расказвае ўраджэнка вёскі Сасноўка, былы дырэктар мясцовага дома культуры Паліна Уласава. — За такую дапамогу пан мог падараваць некалькі манет. Увогуле старыя людзі ўспаміналі, што апошнія гомельскія князі да простага люду адносіліся станоўча і зрабілі шмат для развіцця адукацыі і аховы здароўя жыхароў Гомеля і яго ваколіц.

IMG_2182.JPG

IMG_2159.JPG

Старыя людзі, са слоў сваіх бацькоў, расказвалі, што іх вёска двойчы мяняла сваё месцазнаходжанне. Першапачаткова выбранае месца аказалася топкім, і таму праз некалькі гадоў дамы проста перанеслі на некалькі кіламетраў далей, аднак па-ранейшаму яна знаходзілася пасярод лесу, і нават паміж дамамі раслі сосны. У гады Вялікай Айчыннай вайны гэта ледзь не стала прычынай вялікай трагедыі: у ваколіцах вёскі, якую акупіравалі немцы, дзейнічалі партызаны. Пасля аднаго з іх паспяховых рэйдаў фашысты вырашылі растраляць усіх жыхароў — і старых, і малых.

im6765age001.jpg

IMG_2127.JPG

— Сагналі ўсіх у адно месца, і нават ужо кулямёты наставілі, — расказвае сведка тых падзей Раіса Бутэнка (у дзявоцтве Церашкова). — Цудоўным чынам мы пазбеглі растрэлу — дапамаглі італьянцы, якія таксама кватаравалі ў вёсцы. Аднак падчас усёй акупацыі маці з намі, малымі дзецьмі, жыла ў зямлянцы, бо хату занялі немцы.

Раіса Мікалаеўна дадала, што, нягледзячы на пастаянную пагрозу смерці, сям’я змагла захаваць духоўную рэліквію — радавую ікону. Раней такія імкнуліся мець у кожным доме: у цэнтры “іканастаса” размяшчаўся абраз Ісуса Хрыста альбо Божай Маці, а вакол — абразы святых, чые імёны носяць члены сям’і.

Дагэтуль захавалася частка дома Раісы Мікалаеўны, пабудаваная яшчэ да вайны, нягледзячы на тое, што пры адступленні будынак замініравалі. Аднак большая частка жыхароў вёскі засталіся без даху над галавой. Пасля вайны ішло вялікае будаўніцтва, і дамы ўжо “глядзелі” вокнамі на вуліцу.

— Адметнасць нашай вёскі ад іншых паселішчаў была ў тым, што на вуліцу выходзіла толькі адно невялічкае акенца, бо жыхары лясной вёсцы імкнуліся пазбавіць сябе ад нападу разбойнікаў, — працягвае Паліна Уласава.

IMG_2137.JPG

IMG_2120.JPG

Сасноўка, вядомая яшчэ з сярэдзіны XIX стагоддзя, мае і свае традыцыі. Напрыклад, аднавяскоўцаў часцей за ўсё называюць не па прозвішчу, а па сямейнай мянушцы — Ноздрачавы, Хамковы, Раманавы, Крышталёвы. Як і што паслужыла асновай для такога “імя”, ніхто ўжо не помніць.

Як і іншыя паселішчы, дзе не было сваёй царквы, вёска мела аброчную ікону — святога архангела Міхаіла. Калісьці тут стала знікаць жывёла, і жыхары запрасілі святара, каб той адслужыў малебен, а таксама заказалі копію іконы Міхаіла Архістаціга. З таго часу штогод у канцы лістапада абраз урачыста, з малітвамі і царкоўнымі песнапеннямі, пераносілі з дому ў дом. Жыхары нават у чарзе стаялі, каб мець гонар на працягу года захоўваць святыню роднай вёскі. Як успамінае Паліна Уласава, у хату, дзе была ікона, прыходзіла адна з суседак і завязвала ля яе хустку, даючы такім чынам знак, што мае намер забраць ікону да сабе. Аднак некалькі гадоў назад святыня знікла і таму, каб вёска не засталася без духоўнай абароны, у мінулым годзе запрошаны святар адслужыў малебен, і жыхары ўстанавілі ў пачатку і ў канцы вёскі паклонныя крыжы з асвечанымі іконамі.

Сасноўка — першая вёска ў вобласці, дзе быў адкрыты дом-музей аднаго майстра: удзельніца Вялікай Айчыннай вайны Надзея Бондарава захаплялася вышываннем. А ў былым доме культуры была сабрана вялікая экспазіцыя старых рэчаў: маслабойкі, ступы, куфры, якім было нават больш ста гадоў. Пасля закрыцця ўстановы культуры экспазіцыю передалі ў іншыя фонды.

IMG_2109.JPG

IMG_2166.JPG

Зараз у Сасноўцы большасць дамоў — сезоннага пражывання, аднак карэнныя жыхары спадзяюцца, што іх утульная вёсачка, якая ўжо неаднаразова перажыла цудоўныя выратаванні з цяжкага становішча, зноў стане вялікім паселішчам, у якога наперадзе — нямала славутых старонак гісторыі.

Ірына ГРАМЫКА. Фота Марыны ВАСІЛЬЕВАЙ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.Текст взят с сайта http://sozhnews.by/zhizn-rajona/neravnodushnyj-gomelchanin-predotvratil-tragediyu-na-doroge

Сасноўка — лясная вёска з двайной назвай
Прочитано 198 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии
 

Яндекс.Метрика