Знаўцы этнаграфіі на вялікіх сталічных фэстах і выставах адразу пазнаюць народныя касцюмы з Гомельскага раёна. Шмат часу і намаганняў для аднаўлення традыцыйных строяў сваіх продкаў, а таксама папулярызацыі іх сярод нашых сучаснікаў прыклаў энтузіяст з Маркавіч Віктар Шыпкоў.

DSC_76-628_3.JPG

Упершыню прадметы старадаўняга адзення — сарочкі, андарак, запаску (фартух) — маленькі Віктар убачыў у куфару сваёй прабабулі. І ўжо тады ў яго ўзнікла нямала пытанняў: куды і калі насілі такія рэчы, як іх выраблялі? Але атрымаць адказы на ўсе пытанні ад Таццяны Фадзееўны не паспеў… Падрабязнасці змог даведацца праз гады — ад школьнага настаўніка Рыгора Басава, шчырага аматара фальклору і народных традыцый.

— Рыгор Ціханавіч з асобных рэчаў, якія захоўваліся ў школьным музеі, змог узнавіць поўныя камплекты народнага адзення, якое мясцовыя жыхары апраналі на святы і ў буднія дні. Звяртаўся за дапамогай да нашых старажылаў, якія перадавалі прадметы традыцыйнага адзення для школьнай калекцыі, а штосьці майстраваў сам — па фотаздымках і апісанню, — расказвае Віктар Шыпкоў.

Вучні Басава Рыгора Ціханавіча мелі магчымасць апрануцца ў мясцовыя касцюмы, у тым ліку пад час традыцыйнага абрада “Сула”, які таксама быў адроджаны пры актыўным удзеле іх настаўніка. Менавіта тады Віктар загарэўся ідэяй стварыць уласную калекцыю этнаадзення.

Збор рарытэтаў пачаў з таго, што звярнуўся да сваіх бабуль, іх сябровак. Кожная сустрэча адкрывала новыя старонкі не толькі з гісторыі народнага касцюма, але і ўсёй мясцовай культуры ў цэлым.

— Нашы продкі надавалі вялікую ўвагу адзенню. Па тым, што апранута на чалавеку, можна было вызначыць яго ўзрост, сямейны статус або справы, якім мяркуе прысвяціць сённяшні дзень, — тлумачыць Віктар Шыпкоў. — Напрыклад, незамужнія дзяўчаты, нявесты, якія ўжо мелі жаніха, і замужнія жанчыны насілі розныя галаўныя ўборы.

Фальклорныя міні-вандроўкі прыносілі нямала цікавых адкрыццяў. Так, у школьным музеі ў Маркавічах даўно захоўваўся адзін з прадметаў адзення, але ніхто дакладна не ведаў, як яго выкарыстаць. “Кансультацыю” наконт загадкавай рэчы Віктару Шыпкову дала пажылая жыхарка вёскі Макаўе. Аказалася, гэта хуста са скіндачкай — галаўны ўбор, характэрны менавіта для паўднёва-усходняй тэрыторыі нашага раёна.

Былі знойдзены ў фондах музеяў і іншыя ўнікальныя рэчы: напрыклад, ушваркі — святочныя камізэлькі, для якіх характэрны ўпрыгожванні машыннымі сцяжкамі і аплікацыяй са стужак.

Як і яго настаўнік Рыгор Басаў, Віктар час ад часу садзіцца за вышыванне або швейную машынку, каб аднавіць па фотаздымках, зробленых у музеях, тую ці іншую рарытэтную рэч. Яму ўдалося асвоіць тэхніку пляцення паясоў на кругавой аснове, прычым з рознымі варыяцыямі: аднанапраўленую, двунапраўленую, ажурную на аснове аднанапраўленай, дыяганальную саржавую і дыяганальную палатняную… Такім майстэрствам ў Беларусі сёння амаль ніхто не валодае. Таму да нашага земляка часам звяртаюцца з просьбай зрабіць унікальныя паясы для розных калекцый. Фота яго работ ёсць ў зборніку, прысвечанаму традыцыйным народным рамёствам, які прадстаўнікі беларускай дыяспары выдалі ў ЗША.

Віктар Шыпкоў практычна падрыхтаваў да выдання і ўласную кнігу з дэтальным апісаннем тэхнік пляцення і вялікай колькасцю фотаздымкаў, у тым ліку рэчаў з розных му-зейных фондаў.

— Носьбітаў традыцыйнай народнай культуры застаецца ўсё менш з кожным годам. Хочацца, каб іх унікальныя веды захаваліся для будучых пакаленняў, — гаворыць малады фалькларыст. — Мне сумна бачыць, што традыцыйны народны касцюм часта падмяняюць прафанацыяй, якая не прывязана да канкрэтнай мясцовасці. Гэта пазбаўляе нас самабытнасці, аддаляе ад сваіх каранёў. На мой погляд, менавіта сапраўдны мясцовы касцюм лепш за ўсё пасуе нашым хлопцам і дзяўчатам. Пагартайце сямейныя альбомы, зазірніце ў сундукі прабабулі — і магчыма, вам пашчасціць адшукаць там рэчы, што стануць дарагімі сэрцу і дазволяць умацаваць нітачку часу паміж пакаленнямі.

Ірына Трыпузава. Фота Ірыны Грамыка.

Вернасць традыцыям: як у Гомельскім раёне прапагандуюць народны касцюм
Прочитано 293 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Яндекс.Метрика