Нагадаем, што сёлета Дзень беларускага пісьменства адбудзецца 2 верасня ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. Праграмай свята прадугледжана нямала мерапрыемстваў, і пра некаторыя раскажам падрабязней.
Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гарадах — гістарычных цэнтрах культуры, асветы і кнігадрукавання. Упершыню свята адбылося ў 1994 годзе ў Полацку (а ўвогуле ў гэтым старажытным горадзе — тройчы). Потым Дзень беларускага пісьменства прымалі па два разы Тураў і Заслаўль, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Мсціслаўль, Хойнікі, Рагачоў, Мір і іншыя вялікія і не вельмі гарады.
Чым адметны горад Іванава, што сёлета ў ім вырашана правесці свята пісьменства? Яго гісторыя бярэ пачатак у XV стагоддзі, але тады на месцы горада была вёска Порхаў. Як паведамляюць летапісы, у 1423 годзе Вялікі князь Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Вітаўт падараваў вёску з навакольнымі землямі кафедральнаму сабору ў Луцку. Праз некалькі дзесяцігоддзяў епіскап Ян Ласковіч перайменаваў гэты населены пункт, і даў яму сваё імя — Яноў.
Пазней на тэрыторыі Іванава і наваколляў разыгрываліся падзеі, якія мелі значэнне для краіны ў цэлым. У 1965 годзе населены пункт набывае статус раённага цэнтра, а праз шэсць гадоў — горада. Зараз гэта — невялікі ўтульны гарадок з 15-тысячным насельніцтвам.
Насычанае і культурнае жыццё Іванава: дзейнічаюць адзіная ў рэспубліцы школа бандарства (старажытнае пчалярства), музей народнай медыцыны. Захавалася некалькі помнікаў драўлянага дойлідства, некаторыя з якіх былі пабудаваны без цвікоў, далёка за межамі краіны вядомы Геадэзічныя знакі Дугі Струве, якая рашэннем ЮНЭСКА ўнесена ў спіс міжнароднай спадчыны.
Адной з неад’емных частак святкавання Дня беларускага пісьменства стала рэспублікан-ская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга”. Сёлета яе маршрут пачнецца ў Мінску са Свята-Духава кафедральнага сабора, потым экспедыцыя наведае Лагойск, вёску Малыя Ляды Смалявіцкага раёна, гарадскі пасёлак Свіслач Пухавіцкага раёна, Святое Поле каля вёскі Загор’е Сталавіцкага сельсавета Баранавіцкага раёна і іншыя населеныя пункты. Усяго ўдзельнікі экспедыцыі пабываюць у 12, уключаючы Мінск і канчатковы пункт — горад Іванава.
Напярэдадні свята пісьменст-ва праводзіцца і міжнародны “круглы стол” з удзелам замежных пісьменнікаў і паэтаў. Тэмай сёлетняга абмеркавання абрана “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”.
За мінулыя гады гасцямі свята пісьменства сталі паэты, драматургі, празаікі, публі-цысты, літаратурныя крытыкі з Расійскай Федэрацыі, Польшчы, Туркменістана, Кітая, Азербай-джана, Грузіі, Арменіі, Малдовы, Чарнагорыі і многіх іншых краін свету. У рабоце гэтай дыскусійнай пляцоўкі прымаюць удзел і прадстаўнікі беларускай дыяспары з розных краін свету.
Як вынік — творчыя і грамадскія ініцыятывы. Напрыклад, серыя кніг “Сугучча сэрцаў”, прысвечаная літаратурам краін Садружнасці, на сайце выдавецкага дома “Звязда” з’явіўся інтэрнет-партал “Сугучча: літаратура і публіцыстыка краін Садружнасці Незалежных Дзяр-жаў”.
Яшчэ адна добрая традыцыя свята пісьменства — конкурс юных дэкламатараў “Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме”, які праводзіўся з 2013 года як абласны, а з мінулага года набыў статус рэспубліканскага. Сёлета конкурс праходзіць пад дэвізам “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну”, і ў ім прынялі ўдзел каля 15 тысяч юных чытачоў. У фінал выйшлі 12 з іх у трох узроставых групах.
Падчас урачыстай цырымоніі 2 верасня адбудзецца яшчэ адна значная падзея — узнагароджванне “Нацыянальнай літаратурнай прэміяй”. У гэтым годзе на яе суісканне прадстаўлены 59 кніг, але ў выніку работы Экспертнай камісіі па адбору твораў на суд журы перададзены толькі 52 творы розных жанраў.
На галоўнай сцэне свята таксама адбудуцца цырымонія перадачы эстафеты гораду Слоніму — цэнтру правядзення Дня беларускага пісьменства ў 2019 годзе, літаратурна-музычная пастаноўка “Бачу Беларусь такой…”, рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы — разам!”.
На працягу дня ў Іванаве будуць працаваць Фестываль кнігі і прэсы, пляцоўкі народных майстроў і мастакоў, выставачныя экспазіцыі беларускіх музеяў і бібліятэк. Асобная ўвага будзе нададзена прэзентацыям беларускіх выдавецтваў, у тым ліку кніжных праектаў, якія прысвечаны Году малой радзімы і юбілейным датам класікаў літаратуры — Вінсента Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Маўра, Максіма Гарэцкага, Алеся Бачылы, Сяргея Грахоўскага і іншых.
Ірына ГАЛАВАЧОВА