Рэгіянальны фінал рэспубліканскага конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» адбыўся ў СШ № 11 горада Гомеля.
У ім спаборнічалі лепшыя чытальнікі з Гомеля і Гомельскай вобласці па выніках першага этапу конкурсу, якія выканалі творы беларускіх аўтараў.
У гэтым сезоне ў праекце «Чытаем па-беларуску з velcom» удзельнічалі 2048 вучняў 7–8 класаў школ і гімназій з усёй Беларусі. На працягу двух месяцаў яны чыталі творы беларускай літаратуры, запісвалі чытанні
на відэа і выкладвалі іх на сваіх асабістых старонках у сацыяльных сетках. Агульная працягласць відэа, якія даслалі на конкурс школьнікі з усёй Беларусі — больш за 45 гадзін.
Па выніках першага этапу журы вызначыла па 30 лепшых чытальнікаў з кожнай вобласці і горада Мінска. З Гомельскай вобласці на конкурс паступіла 355 відэазапісаў — па ініцыятыве менавіта тых самых школьнікаў, а не з падбухторвання настаўнікаў, бацькоў ці старэйшых таварышаў.
У склад журы ўвайшлі паэт і пісьменнік Уладзімір Ліпскі (галоўны рэдактар часопіса «Вяселка»), акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт, вядучы спецыяліст аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Уладзімір Кузьмянок, прадстаўнік Інстытута развіцця адукацыі Гомельскай вобласці Ірына Даўгунова, намеснік дырэктара школы № 11 г. Гомеля Галіна Кучаравенка. Спецыяльна запрошаным членам журы стала тэлевядучая Надзея Пужынская.
Галоўнае, што ацэньвала кампетэнтнае журы, — выразнае і чыстае выкананне твора. Дадатковы напал спаборніцтву надаваў ліміт па працягласці выступлення для кожнага ўдзельніка — да двух хвілін.
Пераможцамі рэгіянальнага фіналу ў Гомелі сталі 5 канкурсантаў. Усе яны ўзнагароджаны смартфонамі ад velcom і запрошаны на рэспубліканскі фінал конкурсу, які пройдзе ў маі ў беларускай сталіцы.
Па выніках рэспубліканскага фіналу конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» пяці лепшым юным чытальнікам краіны будуць уручаны смартфоны маркі Apple.
Спаборнічайце і выйгравайце! Перамагаюць мацнейшыя!