Што нашы продкі рабілі доўгімі зімнімі вечарамі? Збіраліся гуртам і ішлі да некага ў хату ладзіць вячоркі — з пачастункамі, песнямі, народнымі танцамі. У вёсцы Маркавічы такія вячоркі насілі адмысловую назву — “Маркаўская вочарадзь”, бо ладзілі вечарыны кожны раз у новай хаце. Нават калі хата чарговага гаспадара была малая, то скідваліся на грошы і арандавалі памяшканне.
Галіна ПРАКАПЕНКА, загадчык Маркавіцкага сельскага дома культуры:
— На вячоркі ўсе апраналіся як мага лепей, каб паказаць, якія яны добрыя гаспадыні і гаспадары. Дзяўчаты займаліся вышываннем, вязаннем ці пралі кудзелю — карацей, рабілі ўсё, каб хлопцы менавіта на іх увагу звярнулі. Сёлета мы вырашылі ўзнавіць старажытны звычай зімовых вячорак.
На вечар традыцыйнай культуры ў Маркавічах у мінулую суботу прыйшлі жыхары вёскі, а таксама прыехалі больш дваццаці чалавек з Гомеля, суседняга Буда-Кашалёўскага раёна і фальклорны калектыў “Стаўбунскія вячоркі” з Веткаўскага раёна.
У вячорках прынялі ўдзел як навукоўцы — прадстаўнікі музеяў Гомельшчыны, так і юныя ўдзельнікі гуртка народна-побытавых танцаў, які дзейнічае пры Маркавіцкім доме культуры.
Пятро ЦАЛКА, дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава:
— Аб маючым адбыцца вечары традыцыйнай культуры я даведаўся ад жыхара Маркавіч Віктара Шыпкова, які добра вядомы як захавальнік традыцый і звычаяў роднай вёскі. Мне і іншым навукоўцам, а таксама ўдзельнікам калектыву “Стаўбунскія вячоркі”, было цікава акунуцца ў мясцовую культуру і атмасферу маркавіцкіх вячорак. Тыя, што мы ладзім непасрэдна ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі, — экспартны варыянт, так сказаць. А тут — непасрэдна ўбачыць, ды і паўдзельнічаць — як можна было прамінуць такую магчымасць? Калі будуць ладзіцца такія вячоркі і надалей, абавязкова прыедзем, і мяркую, ужо
не 20 чалавек, а куды болей.
Мне, як навукоўцу, вячоркі ў Маркавічах далі многае і ў навуковым сэнсе, бо тут арганічна пераплялася спадчына матэрыяльная і духоўная, усё было ў комплексе: адзенне, песні, танцы і нават стравы. Ды і не ў кожнай мясцовасці вячоркі сваю адмысловую назву маюць…
Падобныя вечарыны будуць праводзіцца і надалей, і да кожнай будзе прымеркаваны майстар-клас па якому-небудзь рамяству. Падчас першага вечара традыцыйнай культуры маркавіцкія гаспадары Галіна Пракапенка, яе дачка і зяць Валерыя і Віктар Шыпковы паказалі, як збіваць масла ў драўлянай маслабойцы.
Віктар ШЫПКОЎ, этнограф-гарманіст:
— Для гэтай справы падыходзіць не ўсякая смятана, а толькі пэўнай тлустасці — такая, што каб лыжка стаяла! У прамым сэнсе слова! Перакладаеш яе ў маслабойку, закрываеш накрыўкай з дзіркай для таўкача і — збівай! На працягу некалькіх гадзін. Канешне, аднаму чалавеку было цяжка гэта зрабіць з непрывычкі, таму масла збівалі ўсе па чарзе, “ілюструючы” такім чынам і назву вячорак…
Галіна Пракапенка падзялілася і планамі па адраджэнню і некаторых іншых абрадаў і звычаяў Маркавіцкай зямлі. Непасрэдна ў доме культуры ўжо ладзіцца пастаянна дзеючая выстава “Маркавіцкая хата”, а ў адным з кабінетаў — калекцыя мясцовых касцюмаў, якія вельмі адрозніваюцца ад суседніх. Вялікі ўплыў на іх аказала суседняя Украіна, таму ў касцюмах шмат яркіх колераў і стужак.
Ірына ГРАМЫКА
Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА