— Запрашаем усіх гасцей, тут адбудзецца шмат цікавых падзей! — такімі словамі пачалося свята мёду ў Міхальках. — Беларускі мёд ад усіх хвароб уратуе і здароўе загартуе! Мы наладзілі тут свята, каб усім вам даказаць: мёд — бадзёрасць, мёд — і сіла!
Тэатралізаванае прадстаўлен-не падрыхтавалі юныя жыхары Міхалькоў. Галоўныя героі — цудадзейны абрус, што ўмее размаўляць, Мядзведзь, які вельмі любіць мёд, Хлопчык і Дзяўчынка — разам з вядучай, бібліятэкарам Міхалькоўскай сельской бібліятэкі Валянцінай Яўсеенка расказалі аднавяскоўцам, чым жа мёд такі карысны, што ў яго гонар складаюць вершы і песні, а сам ён часта выкарыстоўваецца для прыгатавання не толькі кулінарных страў, але і лекаў.
А яшчэ — пра звычаі і абрады, звязаныя з першым зборам мёду новага ўраджаю і асвячэннем яго ў царкве, з-за чаго царкоўнае свята і атрымала народную назву Мядовага Спаса. Галоўныя героі тэатралізаванай пастаноўкі часта запрашалі прысутных да ўдзелу ў карагодзе і гульнях, якія так ці інакш звязаны з “мядовай тэмай”. Напрыклад, “Хто хутчэй каля свайго снапа збярэцца”, “Мядзведзь і мёд”, “Напоўні соты мёдам”.
— Колькі мёду прынесла працавітая пчала, што збірала з розных кветак дзень у дзень амаль усё лета! У ім лекі, вітаміны ад прастуды і ангіны. Каб заўжды здаровым быць, трэба мёд пчаліны піць! — дадала вядучая.
Ды не толькі да гульняў казачныя героі юных аднавяскоўцаў заахвоцілі — Мядзведзь, які вельмі любіць салодкі мядок (“Як пачуў мядок — мае лапы скок ды скок!”), навучыў юных міхалькоў-цаў адмысловым танцам!
— Навучу вас танцаваць трошкі касалапа: пятку ставім на насок, потым — зноў на пятку! Хто малы, і хто высокі — пачынай прысядку! І пакруцім галавой, лапамі — адной, другой, ды патупаем нагой, то адной, а то другой…
Напрыканцы свята Валянціна Яўсеенка дадала, каб госці і артысты час дарэмна не гублялі, а падыходзілі да цудадзейнага абруса з лыжкамі, ды частаваліся духмяным беларускім мёдам:
— Каб жылі і прыгажэлі, і багацце ў хаце мелі, бяды, гора не зналі, і наш беларускі мёд каштавалі! — а на развітанне запрасіла ўсіх станцаваць польку — беларускую завадную. — Як яе мы патанцуем — ніколі не засумуем!
Застаецца дадаць, што ролі казачных герояў выканалі ўдзельнікі клуба “Муравейка”, што дзейнічае пры Міхалькоўскай бібліятэцы, брат і сястра Ваня і Аляксандра Гурскія, сёстры Ліза і Соф’я Любавы, Станіслаў Саламаха, Юлія Яўсеенка і Аліна Турына.
Ірына ГАЛАВАЧОВА
Фота Валянціны ЯЎСЕЕНКА