На мінулым тыдні ў Гомелі прайшла прэм'ера прыгодніцкага фільма «Шторм: палаючы ліст». Акрамя захапляльнага сюжэта, яна адметна тым, што ўпершыню выходзіць на экраны ў беларускім дубляжы, а яе паказу ў кінатэатры “Мір” папярэднічалі канцэрт старадаўняй беларускай музыкі і дэманстрацыя друкарскага станка, зробленага па старадаўніх чарцяжах на гістарычным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пры падтрымцы кампаніі Velcom, у межах праекта «Беларускія ўікэнды», у гледачоў Гомельшчыны з’явілася выдатная магчымасць не толькі даведацца больш пра 500-годдзе Рэфармацыі і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і Бібліі Францыска Скарыны — два вялікія юбілеі гэтага году, — але і атрымаць задавальненне ад сюжэта займальнай замежнай кінастужкі.

«Фільм «Шторм: палаючы ліст» — гэта найперш прыгодніцкая стужка. Аднак адсылкі да гістарычных фактаў, змешчаныя ў ім, не толькі фармуюць цікавы сюжэт, але і пераклікаюцца з важнымі падзеямі нашай гісторыі — у прыватнасці, з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання. Таму сімвалічна, што фільм, прысвечаны гэтым падзеям, упершыню на сучасным этапе развіцця беларускага кінапракату будзе прадстаўлены адразу ў беларускамоўнай агучцы», — распавёў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі Velcom Вячаслаў Смірноў.

Прэзентацыя кінастужкі з аншлагам прайшла ў кінатэатры «Мір». Раней фільм дэманстравалі ў беларускай сталіцы і іншых гарадах нашай краіны, дзе агулам яго ўжо паглядзела больш за 7000 гледачоў, што параўнальна са зборамі вядомых замежных кінахітоў.

«У такім выглядзе праект «Беларускія ўікэнды» рэалізуецца ўпершыню за ўвесь час свайго існавання. Гэта стала магчымым, у першую чаргу, дзякуючы той велізарнай цікавасці, якой карыстаюцца ўсе мерапрыемствы ў рамках «Беларускіх уікэндаў», і, вядома, актыўнай падтрымцы з боку нашых партнёраў», — адзначыў кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.

Фільм «Шторм: палаючы ліст» — нідэрландская стужка 2017 года, якая распавядае пра падзеі 500-гадовай даўніны. У атмасферы позняга Сярэднявечча на фоне вогнішча інквізіцыі разгортваюцца прыгоды па ўратаванню рукапісу вядомага хрысціянскага багаслова і рэфарматара — Марціна Лютэра.

Выдатным падарункам стала выступленне ансамбля “Alba Ruthenia” — гурта старадаўняй беларускай музыкі, якая выконваецца на музычных інструментах, у большасці сваёй зробленых уласнаручна Андрэем Шклёдай. Бардона, скрыпка, мандаліна, клавесін, барочная віяланчэль, рэнесансавая арфа, ліра колавая, флейта, флейта Пана і гітара — выдавалі чароўныя гукі, якія ў сярэднія вякі цешылі слых беларускай шляхты і гучалі ў старажытных палацах. Слухачы атрымалі асалоду ад прагучаўшых твораў з Полацкага і Віленскага сшыткаў, Радзівіла і скандынаўскага фальклору. Было немагчыма заставацца абыякавым, слухаючы жывое гучанне даўно мінулай эпохі.

Падчас прэзентацыі кінастужкі супрацоўнікі гістарычнага факультэту ГДУ імя Францыска Скарыны паказалі гледачам уласнаручна створаную копію сапраўднага друкарскага станка часоў беларускага першадрукара, а старшы выкладчык кафедры ўсеагульнай гiсторыi Антон Шыляеў прадэманстраваў усім жадаючым, а іх было нямала, тэхналогію друкавання. З-пад друкарскага станка выйшла старонка з арыгінальнай Скарынаўскай Бібліі, упрыгожаная кляймом беларускага першадрукара.

Паглядзець стужку «Шторм: палаючы ліст» у Гомелі можна будзе да 20 снежня ўключна ў кінатэатрах “Мір” і “МініОН”.

 

Анастасія ХАРКЕВІЧ

Фота Андрэя ФЕАКТЫСТАВА

У Гомелі прайшла прэм'ера прыгодніцкага фільма «Шторм: палаючы ліст»
Прочитано 1289 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

 

Архив

« Сентябрь 2022 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
      1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30    

Яндекс.Метрика