У аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна адбыўся юбілейны, пяты Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”. За гэты час фестываль стаў вядомы далёка за межамі Гомельскай вобласці і нават Беларусі.
Аб гэтым сведчаць такія факты: сёлета ў Ляскавічы прыехалі калектывы і майстры з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы — амаль дзве тысячы ўдзельнікаў і больш як дваццаць тысяч гледачоў, аматараў народных традыцый.
Петрыкаўская зямля для правядзення такога фестывалю была абрана невыпадкова — Прыпяцкае Палессе дагэтуль захавала ўнікальныя рысы беларускай культуры, і арганізатары фестывалю якраз і меркавалі такім чынам не толькі зберагчы гэтую ўнікальнасць, але і адапціраваць да сучасных умоў. Фестываль этнакультурных традыцый наведала і дэлегацыя Гомельскага аблвыканкама на чале са старшынёй Уладзімірам Дворнікам, а таксама дэлегацыя Гомельскага раёна.
Прывітанне арганізатарам, удзельнікам і гасцям фестывалю “Кліч Палесся” накіраваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, які адзначыў, што гэты творчы форум з’яўляецца адной з крыніц захавання і развіцця традыцый беларускага народа.
Дарэчы, і сваім узнікненнем фестываль абавязаны менавіта кіраўніку дзяржавы — у 2010 годзе беларускі лідар выказаў ідэю правесці этнаграфічны форум на Прыпяці. У выніку павысілася турыстычная прывабнасць Палесся, таму было вырашана праводзіць форум ужо ў рамках фестывалю, а для многіх артыстаў культура Палесся стала асобным накірункам творчай дзейнасці.
Падчас урачыстага адкрыцця на галоўнай сцэне фестывалю выступілі нямала калектываў, у тым ліку і прадстаўнікі Гомельскага раёна — народны фальклорны ансамбль “Гамонка”, у склад якога ўваходзяць педагогі Навагуцкай дзіцячай школы мастацтваў. У аснове рэпертуара творчага калектыву — аўтэнтычныя песні-першакрыніцы, пошукамі, запісам і папулярызацыяй якіх займаюцца педагогі-аднадумцы.
Адначасова ў Ляскавічах адбыўся яшчэ адзін фестываль — кнігі і прэсы. Для ўдзелу ў ім карэспандэнты раённай газеты “Маяк”, як і супрацоўнікі ўсіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі вобласці, падрыхтавалі прэзентацыю свайго выдання.
Для кожнага друкаванага сродку масавай інфармацыі выдзелілі час, і журналісты паказалі, што яны не толькі “акулы пяра”, але і аніматары, артысты, майстры вуснага слова і дасціпныя жартаўнікі. Для гледачоў яны падрыхтавалі нямала цікавых заданняў.
Напрыклад, “маякоўцы” у ліку іншых заданняў прапанавалі гасцям фестывалю адказаць на некалькі пытанняў віктарыны, прысвечанай гісторыі Гомельскай вобласці, раёна і газеты. Было вельмі прыемна, што ўсе сувеніры з лагатыпам раёнкі, якія мы ўзялі з сабой, знайшлі сваіх гаспадароў — за правільныя адказы знаўцы атрымлівалі падстаўку пад кубак, блакнот альбо ручку.
Але ж мы не толькі самі задавалі пытанні, але і прынялі ўдзел у конкурсных заданнях сваіх калег-журналістаў. Анастасія Харкевіч атрымала прыз ад Буда-Кашалёўскай раёнкі за добрае веданне беларускай мовы і дасціпны “рэпартаж” з фестывалю “Кліч Палесся”, а аўтар гэтых радкоў — ад калег з рэдакцыі “Гомельскія ведамасці” за прыпеўкі “Сямёнаўна”, бо так яе па бацьку клічуць.
Дарэчы, сярод прывезенага намі на фестываль кнігі і прэсы была і работа нашай пастаяннай чытачкі з Яроміна Ірыны Трыфанавай, якая знайшла прымяненне газетным старонкам “Маяка” — зрабіла прыгожую птушку з газетных трубачак.
Усе, хто наведаў у той дзень Ляскавічы, атрымаў вялікае задавальненне ад таго, што там адбывалася. Па задумцы арганізатараў, адзінаццаць раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцей (Жыткавіцкі, Ельскі, Калінкавіцкі, Пінскі, Лунінецкі і іншыя) прадставілі рэальна існуючыя вёскі з асаблівымі традыцыямі, звычаямі альбо рамёствамі. Усе яны склалі адну Палескую вобласць, галоўнымі для якой сталі словы “У сваім краі, як у раі!”. Народныя тэхнікі, майстар-класы і прыгожыя рэчы, зробленыя рамеснікамі ў “Горадзе майстроў”, песні і танцы жыхароў палескіх вёсак (якія расцягнуліся амаль на тры кіламетры), сакрэты народных страў гасцінных палешукоў нікога не пакінулі раўнадушнымі.
На пляцоўцы бытавога танца “Танчым па-ранейшаму” юнакі і дзяўчаты танцавалі адроджаныя і добра вядомыя народныя танцы “Лявоніху”, “Каробачку”, “Падыспань” і іншыя. У рэжыме нон-стоп працавала пляцоўка беларускага народнага тэатра “Батлейка.by”. Можна было не толькі паглядзець новыя пастаноўкі батлейшчыкаў, аматары тэатральнага мастацтва давалі майстар-класы па вырабу лялек для народнага тэатра.
На фестывалі адбыўся канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі, а таксама была абрана “Палеская прыгажуня-2018”.
Ірына ГРАМЫКА
Фота Анастасіі ХАРКЕВІЧ і аўтара