У Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы электратэхнікі працягваюць добрую традыцыю знаёмства з цікавымі людзьмі, субяседнікамі і творцамі. Нядаўна гасцямі гэтай установы адукацыі сталі жыхары Гомельскага раёна Валерый Ветошкін і Віктар Задарожны.

_DSC2950.JPG

 

І гэта невыпадкова, бо тэмай пасяджэння літаратурна-музычнай гасцёўні выхавацель і вядучая Марына Ганжурава абрала тэму “Я люблю цябе, мой родны край, мая Беларусь”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, жыхар пасёлка Паляна Чонкаўскага сельсавета Валерый Ветошкін немалую частку сваёй паэтычнай творчасці аддае тэме роднага краю, малой радзімы, а жыхар аграгарадка Новая Гута Цярухскага сельсавета Віктар Задарожны часта піша музыку на вершы сяброў-паэтаў, і, у прыватнасці, Валерыя. Дарэчы, абодва яны з’яўляюцца членамі Міжнароднага саюза дзеячаў мастацтва.

— Што для вас значыць радзіма, з чым асацыіруецца гэтае слова? — запыталася ў навучэнцаў Марына Ганжурава і паўтарыла ўслед за хлопцамі, — гэта, сапраўды, дом, родныя людзі, прыгожыя краявіды, спадчына, якая засталася нам ад папярэдніх пакаленняў, асабліва — нематэрыяльныя каштоўнасці.

У працяг гэтай думкі аднакурснікаў Аляксей Дашкевіч прачытаў верш Алеся Ставера “Да вас звяртаюся, нашчадкі!”, а Арцём Арцёмчыкаў — вершаваныя радкі Пятруся Броўкі “Дарагая Беларусь”.

Вядучая літаратурна-музычнай гасцёўні расказала і пра свой род — як і многія ў прыграніччы трох краін, яе сям’я мае карані ў дзьвюх з іх, таму для яе любыя як беларускія, так і ўкраінскія традыцыі, мова і песні. А яшчэ, як выкладчык беларускай мовы і літаратуры, Марына Валер’еўна піша вершы. Адзін з іх, “Радзіме”, яна і прачытала.

Знаёмства з творчасцю Валерыя Ветошкіна, але ўжо ў выглядзе песень, пачаў Віктар Задарожны, які выканаў “Отчий дом” і “Сиреневая улица”.

— Большасць гараджан, нават тыя, хто тут нарадзіўся і вырас, у глыбіні душы застаецца вясковым чалавекам, які любіць родную зямлю і імкнецца да яе, — дадаў Віктар Леанідавіч.

А аўтар слоў расказаў гісторыю стварэння вершаў “Отчий дом” і “Сиреневая улица”:

— Я нарадзіўся ў Залінейным раёне Гомеля, і многія вулачкі вясной патаналі ў кветках бэзу. А які стаяў водар! — аж расчуліўся Валерый Ветошкін ад прыемных успамінаў. — Нашаму дому зараз ужо ста дваццаць гадоў, і ў ім пражывае мая сястра. Я, як і бацька, стаў будаўніком. Кожны мужчына, казаў ён, а цяпер я кажу вам, — звярнуўся да навучэнцаў-хлопцаў Валерый Леанідавіч, — павінен пабудаваць дом, выхаваць сына і пасадзіць не дрэва — сад! Усё гэта я выканаў: калі мне споўнілася 17 гадоў, бацька прывёў мяне да сябе на работу. Так і пачалася мая кар’ера будаўніка. Потым я закончыў і вышэйшую навучальную установу, але першыя жыццёвыя ўрокі атрымаў на гэтым працоўным месцы.

Як далей расказаў творца, жыве ён у пасёлку Паляна Чонкаўскага сельсавета ў асабістым доме, які пабудаваў сам. Сын яго пайшоў па слядах бацькі — мае дзетак і свой дом. Многае бацька і сын Вятошкіны зрабілі і для добраўпарадкавання свайго роднага пасёлка.

Віктар Задарожны падзяліўся сакрэтамі стварэння музычных твораў на словы паэтаў Гомельшчыны, многія з якіх з’яўляюцца яго добрымі сябрамі. Часта знаёмства з чалавекам адбываецца спачатку праз знаёмства з ягонай творчасцю, і вельмі прыемна аўтарам аднаго твора — вершаваных радкоў, якія паслужылі асновай для стварэння мелодыі — сустрэцца і працягнуць знаёмства і сумесную творчасць.

На пасяджэнні літаратурна-музычнай гасцёўні прагучала яшчэ некалькі аўтарскіх песень, і навучэнцам творчасць землякоў так спадабалася, што калі прыйшоў час развітвацца, нехта выгукнуў: “Што, ужо ўсё?”. А стараста групы Ілья Дашкевіч потым выказаў агульную думку: “Больш было б сустрэч з такімі цікавымі людьмі! Паэт і музыкант “захапілі” аўдыторыю, трымалі ўвагу на працягу ўсяго часу”.

_DSC2956.JPG

_DSC2962.JPG

_DSC3023.JPG

 

Дададзім, што Валерый Вятошкін падараваў бібліятэцы каледжа зборнік вершаў з аўтографам, вершы з якога ляглі ў аснову песень, якія прагучалі на творчай вечарыне.

Ірына ГАЛАВАЧОВА

Фота Андрэя ФЕАКТЫСТАВА

Валерый Ветошкiн i Віктар Задарожны ў Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы электратэхнікі
Прочитано 1064 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

 

Архив

« Октябрь 2022 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31            

Яндекс.Метрика