Газета “Маяк” разам з Гомельскім гісторыка-краязнаўчым музеем у Пакалюбічах прэзентуе новы сумесны праект “Гісторыя аднаго экспаната”

Газета “Маяк” разам з Гомельскім гісторыка-краязнаўчым музеем у Пакалюбічах прэзентуе новы эксклюзіўны сумесны праект “Гісторыя аднаго экспаната”. Праз прызму расказа пра адзін экспанат можна даведацца шмат цікавага пра мінулае роднага краю, знакамітых землякоў, якія пакінулі значны след у навуцы, творчасці і іншых жыццёвых сферах. Першы наш артыкул прысвечаны швейнай машыне “Орша”, якую набыў для сваёй сям’і вядомы пісьменнік, ураджэнец аграгарадка Пакалюбічы Іван Сяркоў, аўтар вядомай трылогіі “Мы з Санькам…” пра прыгоды двух падлеткаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Швейная машына сям’і Сярковых

Гэтую каштоўную і, несумненна, карысную для многіх сем’яў таго часу рэч Іван Сяркоў набыў у Навабеліцы ў сярэдзіне 1950-х гадоў.

 

IMG_811112.JPG

— Я дагэтуль памятаю, як тата з мамай яе набылі: маленькім тады быў, але ж дапамагаў бацькам даставіць машынку ў дом, дзе тады кватаравалі, — успамінае сын пісьменніка Андрэй Іванавіч.

Дарэчы, са швейнай справай звязаны некалькі эпізодаў з ваеннага жыцця Івана Сяркова, якія апісаны ў аповесці “Мы з Санькам у тыле ворага”: у асобнай главе “Штаны з арлом” расказваецца адзін выпадак.

IMG_811139.JPG

— У бацькі, тады яшчэ зусім хлапчука, парваліся штаны, — расказвае Андрэй Іванавіч. — Ніякай другой адзежыны не было, і вось аднекуль ягоная бабуля прынесла нямецкі мех: новы, трывалы. Адкуль яна яго ўзяла, назаўсёды засталося тайнай, але вырашыла, што з яго можна пашыць добрыя штаны. Адно было кепска: у цэнтры знаходзілася выява чорнага арла са свастыкай, якая ніяк не адмывалася. А бацька яшчэ і абурыўся: маўляў, са свастыкай нічога на сябе не апране! Прабабуля паабяцала, што ненавісную выяву амаль не будзе відаць. Слова стрымала: свастыка з арлом апынуліся якраз насупраць таго месца, адкуль ногі растуць. Усё б добра, але за такія штаны бацька амаль жыццём не паплаціўся, калі паліцай убачыў нямецкія сімвалы на непатрэбным месцы...

Швейную машыну “Орша” Іван Сяркоў, памятаючы цяжкае ваеннае дзяцінства, набыў для жонкі Любові Андрэеўны, каб тая магла шыць вопратку. Цяпер гэтая прылада ў ліку дзясяткаў іншых рэчаў і дакументаў бацькі, якія сын знакамітага пісьменніка падараваў установе культуры, склала асобную экспазіцыю, прысвечаную знакамітаму земляку. З кожнай звязана нейкая гісторыя, пэўная жыццёвая падзея.

Галоўнае месца, канечне, займаюць экспанаты, звязаныя з прафесійнай і творчай дзейнасцю Івана Кірэевіча, які некалькі гадоў пасля звальнення з арміі ў запас працаваў карэспандэнтам раённай газеты “Маяк” (яна тады мела назву “Сталінскі сцяг”). Адначасова Іван Сяркоў вучыўся завочна на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Падчас вучобы будучы пісьменнік перайшоў працаваць на Гомельскую тэлевізійную студыю рэдактарам, а з 1961 па 1989 гады быў галоўным рэдактарам.

IMG_813320.JPG

 

Пра гэты перыяд Андрэй Іванавіч можа расказваць доўга: яго, хлапчука, заўсёды пускалі да бацькі. Калі той быў заняты, давалі магчымасць пасядзець у прагледжвальнай зале, дзе дэманстраваліся кінастужкі, якія былі запланаваны ў праграме тэлебачання.

— Я часта расказваў сябрам пра тое, што будуць паказваць па телевізару, спачатку мне не верылі, але ж вечарам пераконваліся ў маёй праўдзівасці, — успамінае Андрэй Іванавіч. — Гэтак жа сама я пераказваў сябрам і ўрыўкі з будучай аповесці “Мы з Санькам у тыле ворага”, над якой у той час працаваў бацька. Памятаю, што ўставаў ён у чатыры гадзіны раніцы, некаторы час працаваў, потым ішоў на працу. А вечарам чытаў нам — маці і мне — тое, што напісаў раніцай. Маці, дарэчы, была самым верным яго сябрам не толькі ў жыцці, а і ў творчасці, бо часта давала бацьку слушныя парады па тэксту.

I33MG_8124.JPG

IMG_812441.JPG

 

Любоў Андрэеўна з будучым мужам пазнаёмілася ў школе — разам вучыліся, потым займаліся грамадскай дзейнасцю: Іван быў старшынёй камсамольскай арганізацыі, а Люба — ягоным намеснікам. Маладыя людзі пакахалі адзін аднаго, але ж у тыя часы адкрыта заявіць пра свае пачуцці было няёмка, асабліва дзяўчыне, і маладыя людзі доўгі час хавалі сваё каханне ад іншых. Самым каштоўным падарункам для будучай спадарожніцы жыцця стаў верш, які Іван Кірэевіч напісаў у 1948 годзе на фарзацы кнігі Барыса Палявога пра сапраўднага чалавека. Гэты асобнік яму падаравалі падчас вучобы ў артылерыйскім вучылішчы як пераможцу літаратурнага конкурса — Іван Сяркоў напісаў некалькі вершаваных твораў пра Радзіму.

Усе, хто сябраваў і працаваў з Іванам Кірэевічам, узгадваюць ягоны вясёлы характар, яго жартаўлівасць і багаты слоўнікавы запас. Часта ён расказваў пра дзяцінства, якое прыйшлося на гады Вялікай Айчыннай вайны, і кожная гісторыя пачыналася са слоў “Мы з Санькам…”. Тады калегі-журналісты і прапанавалі Івану Кірэевічу занатаваць гэтыя маленькія расказы — так і з’явілася аповесць для дзяцей.

IMG_814445-1.JPG

 

Трылогію Івана Сяркова “Мы з Санькам…” вывучаюць у школе, але ж і дарослыя з цікавасцю чытаюць гэты цудоўны твор, заснаваны на рэальных падзеях, бо аўтар расказаў на кніжных старонках тое, што адбывалася з ім, яго роднымі і аднавяскоўцамі. Змяніў толькі назву населенага пункта — Пакалюбічы сталі Падлюбічамі, ды некаторыя імёны. Выключэннем стаў галоўны герой, найлепшы сябар пісьменніка Санька. Дарэчы, дзве аповесці — “Мы з Санькам у тыле ворага” і “Мы — хлопцы жывучыя” — былі адзначаны высокімі ўзнагародамі ў сферы літаратуры Беларускай ССР і Савецкага Саюза. Яны таксама леглі ў аснову сцэнарыя для мастацкага фільма “Мы — хлопцы жывучыя”. У музеі ахоўваецца і ўнікальны фотаздымак, на якім аўтар — разам са сваім экранным двайніком, выканаўцам галоўнай ролі.

Канстанцін Козыраў, малодшы навуковы супрацоўнік Гомельскага гісторыка-краязнаўчага музея:

— У пачатку студзеня Івану Сяркову споўнілася б 92 гады. З гэтай нагоды музей падрыхтаваў некалькі мерапрыемстваў, прысвечаных жыццю і творчасці знакамітага земляка. У іх ліку — выставы “Урокі сталення і мужнасці”, “Гісторыя аднаго экспаната”. Дарэчы, для кожнай экскурсіі мы выбіраем розныя рэчы і дакументы, каб больш поўна раскрыць старонкі жыцця знакамітага земляка: сям’я і сябры, прафесійная дзейнасць і творчасць. Але самае галоўнае — расказваючы пра экспанат, дадаем успаміны родзічаў і калег пісьменніка. Як прыклад — буйны кошык з лазы, амаль куфар. Сын літаратара Андрэй Іванавіч расказаў, што гэты кошык ягоныя бацькі набылі ў Палтаве ў сярэдзіне 50-х гадоў, калі Іван Кірэевіч звольніўся ў запас, і ўсе рэчы сям’і змесціліся ў гэтым лазовым куфары. Пазней ён служыў для захоўвання найважнейшай прылады для лазні — бярозавых венікаў, якія сям’я Сярковых нарыхтоўвала ў ваколіцах вёскі Каранёўка Гомельскага раёна. Таксама мы правялі “круглы стол” па тэме “Хто яны, героі аповесцей Сяркова?”. Адзін  з іх — брат Івана Кірэевіча Уладзімір (у кнізе — Глыжка), першы выпускнік-залаты медаліст Пакалюбіцкай сярэдняй школы (раней была семілетка).

Ірына ГРАМЫКА. Фота аўтара.

Прочитано 3107 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

 

Архив

« Апрель 2021 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
      1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30    
Яндекс.Метрика