Мы в соцсетях

Штогод Музей гісторыі горада Гомеля наведвае не менш за 10 тысяч гасцей. Параўнальна маладая ўстанова культуры па праву лічыцца адной з візітных картак абласнога цэнтра, і ў гэтым вялікая заслуга яе кіраўніка Юліі Купрэевай.

Асабняк 200-гадовай даўнасці, ў якім размяшчаецца Музей гісторыі горада Гомеля, называюць “Паляўнічым домікам“. Яго першым уладальнікам быў граф Румянцаў, але найбольшы час будынак знаходзіўся ў прыватнай уласнасці Крушэўскіх і Лісоўскіх.

— Калі даведалася пра такі факт, то ўбачыла ў гэтым знак лёсу, — усміхаецца Юлія Купрэева. — Я вырасла ў Макаўі. Некалькі год вучылася ў Пракопаўцы, дзе бачыла рэшткі драўлянай сядзібы тых самых паноў Лісоўскіх. На жаль, той будынак да нашых дзён не захаваўся…

Менавіта сумны лёс беларускіх палацаў і іх калекцый, сядзіб, што прыйшлі ў заняпад, а потым увогуле зніклі, у свой час стаў адной з прычын, па якой Юлія Святаславаўна занялася музейнай справай.

sfhgzaeg_1.JPG

— Падчас заканчэння вучобы на гістарычным факультэце я мела розныя прапановы наконт далейшай працы. Сваю дыпломную работу прысвяціла музейнай дзейнасці і вельмі праніклася думкай пра тое, як па непаразуменні мы страчваем гістарычныя і культурныя каштоўнасці. Таму палічыла натуральным пайсці працаваць менавіта ў абласны краязнаўчы музей, — успамінае яна.

Праз пэўны час — у 2009 годзе — маладая загадчыца аддзела атрымала рэдкую прапанову: ўзначаліць новы музей. Унікальнасць гэтай установы была ў тым, што звычайна музеі ствараюцца на базе ўжо існуючых калекцый, а тут прыгожаму будынку патрэбна было даць змястоўнае і годнае напаўненне. І гэта атрымалася, дзякуючы настойлівай, карпатлівай рабоце музейшчыкаў, дапамозе гамяльчан, якія перадавалі для экспазіцый сямейныя рарытэты. Зараз у Музеі горада Гомеля — больш за тры тысячы экспанатаў, цудоўныя экспазіцыі, якія перадаюць атмасферу гарадскіх асабнякоў, знаёмяць с бытам гамяльчан.

Цікава, што, займаючыся такой маштабнай работай, наша гераіня не забывае пра свае вясковыя карані. Паралельна са стварэннем “гарадскіх” музейных экспазіцый Юлія Святаславаўна даследавала трыдыцыйна-бытавую культуру беларусаў, у прыватнасці — ткацтва і вышыўку. Вучылася ў аспірантуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

sfhgzaeg_2.JPG

— Вельмі пашчасціла, што і мая родная вёска Макаўе падарыла сустрэчы з цудоўнымі майстрыхамі — Наталляй Старосценка, Аляксандрай Чайкінай і іншых. Яны не проста распавядалі пра ткацтва і вышыўку, але давалі мне незабыўныя ўрокі жыццёвай сілы і мудрасці. Пазней, наведваючы замежжа, я заўсёды ўспамінала родных, землякоў і адчувала: няма нічога лепш за нашу зямлю і яе людзей, — расказвае яна.

Зараз Музей гісторыі горада Гомеля нярэдка дапамагае ў рэалізацыі праектаў, што ініцыіруюць краязнаўцы і гісторыкі з Гомельскага раёна. Менавіта тут праходзілі выстаўкі “Кола жыцця беларуса”, “Код dа памяці”, была арганізавана адна з першых дыялогавых пляцовак на тэму генацыда беларускага народа.

Юлія Купрэева ўпэўнена:

— Дзяцінства і юнацтва, праведзеныя ў Макаўі, — самыя шчаслівыя старонкі майго жыцця. Я і зараз часта прыязджаю сюды да маці, сустракаюся з землякамі. Ніколі не задумвалася над такім падзелам “гарадскі — вясковы”, перш за ўсё ацэньвала асобу чалавека. Нарадзіўшыся ў невялікай вёсцы, можна дасягнуць поспехаў на міжнародным узроўні. І гэта пацвярджае прыклад многіх ураджэнцаў нашага раёна.

Ірына Трыпузава. Фота Дар’і КАЙМОВІЧ.

Гісторыяграфія Гомельшчыны ў падзеях і асобах: Летапіс Радзімы ў музейным фармаце
Прочитано 1957 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика