Мы в соцсетях

Гомельскі раён мае сваіх нябесных абаронцаў, якія моляцца за ўвесь край. Некалькі гадоў таму назад была праслаўлена ў ліку прападобных Манефа Гомельская, ураджэнка вёскі Сеўрукі, а ў вёсцы Пясочная Буда і яе ваколіцах старэйшыя жыхары і дагэтуль успамінаюць “песашанскую келейную абшчыну”, у якой пражывалі манахіні з былога Чонкаўскага манастыра. Пра гэтых святых заступніц Гомельскага краю, якія ўсёй душой імкнуліся да Бога, — наш сённяшні расказ.

У немачы — сіла адбываецца

Нарадзілася будучая нябесная заступніца зямлі Гомельскай у вёсцы Сеўрукі. Хутка яе бацькі, Уладзімір і Глікерыя Скопічавы, перажылі гора — аказалася, што іх Марыя не зможа хадзіць. Для сялянскай сям’і, дзе кожны, нават дзіця, мае пэўныя працоўныя абавязкі, гэта стала цяжкім ударам.

Аднак дзяўчынка дапамагала родным па-іншаму: з малых гадоў навучылася добра шыць і марыла пра тое, каб стаць манахіняй у Ціхвінскім манастыры ў суседняй вёсцы Чонкі, куды маці часта насіла дачку на сваіх плячах на богаслужэнні. Хутка Марыя Скопічава змагла ажыццявіць сваю мару: яе прынялі ў лік паслушніц. З гэтага моманту жыццё дзяўчыны аказалася поўнасцю аддадзеным Богу. Праз шмат гадоў манахіня Манефа была пастрыжана ў вялікую схіму і ўзяла на сябе абавязак весці яшчэ больш аскетычны вобраз жыцця. Дарэчы, пострыг правёў схіігумен Макарый, адзін з апошніх Опцінскіх старцаў.

hrfesf_2.jpg

Аднак манашаскі подзвіг Манефа вяла не ў сценах манастыра, а ў міру. Яе спагада, спачуванне і дабрыня, а пазней і дар прароцтва прыцягвалі не толькі аднавяскоўцаў — для многіх яна стала духоўнай маці. Парады заўсёды былі простымі і дзейнымі, напрыклад, маліцеся, кайцеся і рабіце справы міласэрнасці. Многія, хто размаўляў з ёй, успамінаюць выказванне, якое яна часта паўтарала: “Пакуль ёсць час для выратавання, патрэбна не шкадаваць сябе, а любіць бліжняга свайго. Бо гэта першае, пра што спытае Гасподзь чалавека”. Нямала людзей сведчылі і пра дар прадбачання, і да манахіні ў Сеўрукі ехалі адусюль.

Схімніца Манефа адышла да Бога ў лютым 1984 года, і ў Нікольскай царкве ў Гомелі на адпяванні прысутнічалі каля 20 святароў. Пахавалі яе ў Сеўруках. У жніўні 2007 года, калі было зафіксавана нямала пасведчанняў святасці манахіні Манефы, яна была праслаўлена ў чыне прападобных у ліку Сабора беларускіх святых.

hrfesf_3.jpg

Зараз мошчы прападобнай Манефы Гомельскай знаходзяцца ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы, а яе душа — перад Богам моліцца за ўвесь Гомельскі край.

“Хоць бы адзін чалавек за ўсё сяленне маліўся!”

У 1892 годзе ў вёсцы Пясочная Буда ў сям’і Яўмененкі нарадзілася дзяўчынка, якую бацькі назвалі Пелагеяй. Калі ёй споўнілася 14, яна вырашыла абраць замест жыцця сялянкі, жонкі і маці служэнне Богу. Яе прынялі ў Чонкаўскі жаночы манастыр (зараз на гэтым месцы знаходзіцца філіял “Гомсельмаша” — санаторый “Машынабудаўнік”). Спачатку дзяўчына была паслушніцай, а неўзабаве прыняла і манаскі пострыг з імем Магдаліна. Больш дзесяцігоддзя працягваўся малітоўны і працоўны подзвіг ураджэнкі Пясочнай Буды — манахіні летам працавалі ў полі, а зімой займаліся рукадзеллем. Але ж усё іх жыццё было падпарадкавана малітве: у храме, у келлі, пры выкананні паслушання (пэўнай работы) — манахіні пастаянна маліліся і за ўсіх праваслаўных хрысціян.

Калі савецкая ўлада закрыла манастыры, манахіня Магдаліна вярнулася ў родную вёску, стала псаломшчыцай у царкве Успення Божай Маці. Гэты будынак не захаваўся, і некалькі гадоў назад на ягоным месцы быў пабудаваны новы храм. Разам з ёй у Пясочную Буду прыехала і сляпая інакіня Аляксандра, якой не было куды ісці. Пры гэтым малітва і манастырскія правілы захаваліся. Так і з’явіўся дамашні “манастыр”, які сяляне называлі “келейнай абшчынай”. А калі царкву ў вёсцы закрылі, то манахіня Магдаліна нават хрысціла дзяцей. Двойчы малітоўніца была рэпрэсавана за вернасць веры праваслаўнай.

hrfesf_4.jpg

Пасля адбыцця пакарання (5 і 10 гадоў) заўсёды вярталася на малую радзіму. Манахіня Магдаліна да самай смерці вяла аскетычны вобраз жыцця. Яе справу працягнула зямлячка Марыя Агеенка, якая захавала іконы і богаслужэбныя кнігі манахіні Магдаліны. А галоўнае — памяннікі, дзе былі запісаны імёны многіх жыхароў Пясочнай Буды, за якіх малілася манахіня. Вяскоўцы часта так і гаварылі, што маюць сваю заступніцу і малітоўніцу перад Богам: “Хоць бы адзін чалавек за ўсё сяленне маліўся!”

Зараз духоўную працу сваёй зямлячкі, манахіні Магдаліны, працягваюць жыхары Пясочнай Буды і суседняй Хутаранкі, якія пры першай жа магчымасці наведваюць новы храм і ўзносяць малітвы да Бога — за сябе і родных, жыхароў Пясочнай Буды і ўсіх праваслаўных хрысціян.

Ірына ГРАМЫКА.

Праект “Бацькаўшчына: Гомельскі раён у люстэрку часу”: Іх душа імкнулася да Бога
Прочитано 2116 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Март 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31

Яндекс.Метрика