Мы в соцсетях

Журналіст газеты “Маяк” працягвае цікавыя падарожжы па Гомельскаму раёну і запрашае ўраджэнцаў гэтых мясцін паспрабаваць сябе ў ролі экскурсавода. Чарговая вандроўка адбылася ў Пракопаўку Чарацянскага сельсавета. Пра адметнасці вёскі расказала яе ўраджэнка, паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніна Шклярава.

Легенды паноў Лісоўскіх

Свой аповед Ніна Нікіфараўна пачала з гісторыі роднай вёскі:

— У пісьмовых крыніцах Пракопаўка ўпершыню ўпамінаецца ў пачатку XIX стагоддзя. Тады яна належала вядомаму польскаму роду Лісоўскіх. Дарэчы, як успаміналі старыя людзі, такой з’явы, як прыгонніцтва, тут не было. Наадварот, гаспадары маёнтка давалі сялянам магчымасць распрацоўваць нетры, багатыя на карысныя выкапні. Вядома, частку заробку вяскоўцы аддавалі панам, але і самі мелі добры прыбытак.

Заможнасць Лісоўскіх праяўля-лася і ў будынках, якія былі складзены з якасных матэрыялаў. Панскі дом меў высокі падмурак, а для сцен былі выкарыстаны каштоўныя пароды дрэў. Таму не дзіўна, што ён доўга праслужыў: спачатку панам Лісоўскім, а пасля рэвалюцыі ў ім размясцілі школу. На першым паверсе жыла сям’я дырэктара Жгунцова, а ў пакоях на другім былі класы.

— У дзяцінстве я вельмі любіла гуляць каля школы, бо тут было шмат цікавых мясцін, — расказвае Ніна Шклярава. — Асабліва нас прыцягваў склеп з некалькімі ўваходамі і вузкімі вакенцамі. Ён быў даволі глыбокі, і ў ім было вельмі холадна. Старыя людзі гаварылі, што ў гэты склеп пан Лісоўскі саджаў гультаёў, каб тыя не ленаваліся і добра працавалі.

esthsrjy_9.JPG

esthsrjy_6.JPG

esthsrjy_5.JPG

esthsrjy_2.JPG

На ўсё жыццё запомнілася Ніне Нікіфараўне адна падзея, якая ледзь не каштавала ёй жыцця. Першакласніца Ніначка добра вучылася, і адной з першых у класе стала чытаць. У школе была невялікая дзіцячая бібліятэка.

— Гэта было зімой. Узяла кнігу пад назвай “Наш сад” і хуценька пайшла дадому, бо не цярпелася пачаць яе чытаць. Але ў той дзень дзьмуў моцны вецер, і ў адзін момант я не ўтрымалася і ўпала. Кніга выпала з рук і трапіла ў копанку, так што мне прыйшлося лезці за ёй, рызыкуючы ўпасці ў халодную ваду. Але ўсё абышлося, і ў той жа вечар я на печы чытала кнігу. Толькі ўсё думала: чаму ў ёй расказваецца не пра яблыні і грушы, а прыгоды дзяцей.

Дагэтуль Ніна Нікіфараўна памятае, як дзеці гулялі ў футбол. Ды не саму гульню, а тое, што суддзя важна сядзеў… на дрэве на сядле! Хтосьці яго туды завалок ды і пакінуў, і яно доўга потым служыла хлопчыкам і дзяўчынкам для іх гульняў.

Літаратурныя мясціны

З Пракопаўкай звязаны і некаторыя знакамітыя паэты і празаікі Беларусі. Сама Ніна Нікіфараўна пасля заканчэння Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны пэўны час працавала ў раённай газеце “Маяк”, настаўніцай у школе, яе прафесійная дзейнасць была звязана і з тэлебачаннем.

— Але ні на хвіліну не пераставала пісаць вершы, і натх-ненне мне надавала мая родная Пракопаўка, авеяная легендамі і добрымі ўспамінамі.

З гэтай старажытнай вёскай на ўскраіне раёна звязаны лёс яшчэ двух знакамітых пісьменнікаў: у мясцовай школе працавалі будучы класік беларускай літаратуры Іван Шамякін і вядомы паэт, ураджэнец Гомельскага раёна Міхась Башлакоў.

esthsrjy_14.JPG

esthsrjy_13.JPG

esthsrjy_12.JPG

esthsrjy_11.JPG

— За школай была адметная мясціна: дзве ліпы раслі з аднаго кораня. І вось ля гэтых дрэў настаўнік мовы і літаратуры Іван Шамякін сустракаўся з Марыяй Філатаўнай, якая пазней стала яго жонкай. Дарэчы, менавіта яна, як акушэрка, дапамагла і мне з’явіцца на свет. У вёсцы Шамякіных усе любілі і паважалі. Калі згарэла наша старая школа-маёнтак, Іван Пятровіч дабіўся фінансавання, і неўзабаве была пабудавана новая двухпавярховая школа, якую часта называлі “шамякінскай”.

Яшчэ адно звязвае сям’ю Шамякіных з Пракопаўкай: недалёка ад вёскі знаходзілася леснічоўка бацькі пісьменніка, які працаваў лесніком.

Святая вада надае моц

Па словах ураджэнкі Пракопаўкі, у наваколлях яе роднай вёскі ёсць некалькі крыніц, вада ў якіх мае гаючую сілу і надае моц.

esthsrjy_23.JPG

esthsrjy_22.JPG

esthsrjy_20.JPG

esthsrjy_19.JPG

esthsrjy_18.JPG

— Але адну з іх людзі шанавалі асабліва, — адзначае Ніна Нікіфараўна. — Лічыцца, што вадзіца ў ёй валодае лекавымі якасцямі. Штогод тут на дзясяты дзень пасля Вялікадня святар служыць малебен і асвячае ваду. Гэта традыцыя ў нас вядома як “Дзясятуха”. Увогуле вакол Пракопаўкі шмат гаючых крыніц, а яшчэ — прыгожых краявідаў.

Паэтэса Ніна Шклярава, якая чэрпае творчае натхненне ў роднай вёсцы і яе наваколлях, упэўнена: Пракопаўка — гэта месца духоўнай сілы і спакою. І ўсіх запрашае наведацца ў гэтыя мясціны, каб адпачыць душой і атрымаць станоўчыя эмоцыі.

Ірына ГРАМЫКА. Фота аўтара.

Праект “Маяка”: вандроўкі па малой радзіме. Пракопаўка — месца духоўнай сілы і натхнення
Прочитано 12779 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Июль 2019 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31        

Яндекс.Метрика