Мы в соцсетях

Славіцца Гомельская зямля прыгожымі краявідамі, знакамітымі вучонымі, творцамі і спартсменамі, помнікамі гісторыі і архітэктуры, а ў кожнага населенага пункта — свая асаблівая атмасфера. Журналіст “Маяка” вырашыла зрабіць цікавыя падарожжы па Гомельскаму раёну, а мясцовых жыхароў запрасіць стаць экскурсаводамі. Першая вандроўка адбылася ў старажытную вёску Церуха, дзе пра сваю малую радзіму расказала Ніна Барсукова.

Ад прадзедаў спакон вякоў

Свой расказ Ніна Максімаўна пачала з кароткага экскурсу ў даўніну:

— Мясціны, дзе зараз знаходзіцца вёска, людзі засялілі здаўна: былі знойдзены некалькі дзясяткаў курганоў жалезнага веку. Аднак у пісьмовых крыніцах Церуха ўпамінаецца ўжо ў XVII стагоддзі. Існуе меркаванне, што назву вёсцы дала паўнаводная рэчка. Сюды нават даходзілі баржы з рознымі грузамі.

drthndthj_1.JPG

Паселішча хутка пашыралася, тут сталі развівацца розныя рамёствы. Далёка за межамі Церухі ведалі вырабы майстроў-бондараў. І дагэтуль Ніна Барсукова захоўвае дзве бочачкі, якія калісьці зрабілі яе аднавяскоўцы.

— Часта сваё майстэрства бондары перадавалі ў спадчыну сынам, — працягвае мясцовая жыхарка. — Добрую славу Церусе прынеслі Ягор Антошка з сынам Іванам і зяцем Юрыем Рыбаковым. Адметнымі ў вёсцы былі і вок-ны, якія аздаблялі прыгожымі драўлянымі “карункамі” мясцовыя разьбяры.

Акрамя таго, у Церусе дзейнічаў рудаперапрацоўчы завод, і Ніна Максімаўна дагэ-туль знаходзіць на сваім прысядзібным участку рэшткі старых даменных печаў і квадратныя цагліны.

“Вёска без царквы — як дом без іконы”

Калісьці ў населеным пункце дзейнічала праваслаўная царква, якая пасля рэвалюцыі была знішчана.

drthndthj_2.JPG

— Аднак людзі не могуць жыць без Божага благаславення, — адзначае Ніна Максімаўна. — Таму часта ў хатах аднавяскоўцаў захоўваліся іконы. А больш за 20 гадоў назад у Церусе зноў з’явілася месца малітвы: падворак гомельскага мужчынскага Свята-Мікольскага манастыра. Калісьці тут быў дзіцячы аздараўленчы лагер, які доўгі час не эксплуатавалі. У 2002 годзе яго передалі Гомельскай епархіі і пазней пабудавалі невялікую царкву. На прастольнае свята ў гонар іконы Божай Маці “Адзігітрыя” сюды прыязджаюць архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан і шмат паломнікаў. Зараз пры царкве манастырскага падворку дзейнічае нядзельная школа, якую наведваюць у тым ліку і дзеці Ніны Максімаўны. Штогод летам тут праводзіцца злёт пра-васлаўнай моладзі.

Подзвіг ваш — бессмяротны

Шмат гора і пакут прынесла Вялікая Айчынная вайна. Частка вяскоўцаў загінула на франтах, але ж жыхары Церухі памятаюць і пра мірных людзей — ахвяр нацызму.

drthndthj_3.JPG

— Падчас акупацыі карнікі закатавалі некалькі дзясяткаў чалавек рознага ўзросту, — расказвае Ніна Максімаўна. — Таму пры ўездзе ў Церуху ўстаноўлены знак, каб людзі не забывалі пра зверствы нацыстаў і шанавалі памяць аднавяскоўцаў.

Акрамя таго, ў населеным пункце знаходзіцца і вялікая брацкая магіла чырвона-армейцаў, якія загінулі пры вызваленні Гомельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

drthndthj_4.JPG

— Тут праходзілі жорсткія крывапралітныя баі, — гаворыць Ніна Барсукова. — Таму ў ваколіцах кожнай вёскі Цярухскага сельсавета было нямала магіл салдат і афіцэраў. У канцы 1950-х гадоў іх астанкі перазахавалі ў адну брацкую магілу, быў устаноўлены і помнік воінам-вызваліцелям. Жыхары Церухі ўшаноўваюць памяць пра іх бязмерны подзвіг, даглядаюць помнік і яго тэрыторыю, ускладаюць вянкі і кветкі да мемарыяльных пліт, на якіх выбіты сотні імёнаў.

Як дадала Ніна Максімаўна, на ўскрайку вёскі знаходзіцца яшчэ адно памятнае месца, звязанае з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Яго даглядаюць і дарослыя, і дзеці.

Гэта найвялікшае слова — мама

Адразу пасля вайны пачаў работу Цярухскі дзіцячы дом. Тут выхоўваліся дзеці, у якіх вайна забрала самае каштоўнае — бацькоў. Канешне, яны не засталіся без догляду, але ў многіх усё жыццё не зажывала рана ў душы. Пазней дзіцячы дом стаў прытулкам для хлопчыкаў і дзяўчынак, чые бацькі вялі асацыяльны лад жыцця.

drthndthj_5.JPG

— Калісьці я была адзінай вучаніцай Цярухскай школы, якая не мела бацькі: ён пайшоў з жыцця, калі мне было 8 гадоў, і маці выхоўвала нас адна, — успамінае Ніна Максімаўна. — А ўжо пазней цэлыя класы былі “дзетдомаўскімі”. Настаў час, калі ў Церусе пражывала амаль 20 сем’яў, дзе выхоўваліся дзеці-сіроты.

І гэта быў вялікі бацькоўскі подзвіг, бо вяскоўцы ўзялі на выхаванне чужых дзетак, якія потым сталі ім роднымі сынамі і дачкамі. Гэтаксама і Ніна Максімаўна, хоць і мела ўласных чатырох дзяцей, узяла на выхаванне спачатку аднаго хлопчыка, потым другога… Зараз яе лічаць роднай маці некалькі прыёмных сыноў.

— Я адчуваю гонар за сваіх аднавяскоўцаў, якія не пабаяліся цяжкасцяў, хутчэй псіхалагічных, і ўзялі на вы-хаванне дзетдомаўскіх дзяцей, — дадала Ніна Максімаўна.

Шэсць дзесяцігоддзяў краязнаўчай работы

Каб захаваць і перадаць нас-тупным пакаленням звесткі пра гісторыю вёскі, знакамітых ураджэнцаў і вядомых людзей, якія пакінулі след у жыцці населенага пункта, у 1963 годзе ў школе быў створаны краязнаўчы музей. Ніна Барсукова ў той час працавала настаўніцай і прымала актыўны ўдзел у яго стварэнні, зборы і апрацоўцы матэрыялу. Сярод іх — і ўнікальная ікона, выкананая ў тэхніцы чаканкі па фальзе.

І дагэтуль яе пераемніца, гісторык Ірына Еўтушэнка, карыстаецца вынікамі даследчай працы калегі — трохтомнікам пад агульнай назвай “Летапіс вёскі Церуха”. Дарэчы, тут за-хоўваецца нямала публікацый раённай газеты “Маяк”, прыс-вечаных вёсцы і яе жыхарам.

Ірына Барысаўна падзялілася з былой калегай планамі па ацыфроўцы фонду музея, прадэманстравала новыя паступленні. З вучнямі настаўніца распрацавала два турыстычных маршруты, прысвечаныя гісторыка-культурным каштоўнас-цям вёскі і яе прыродным аб’ектам.

Асобная экспазіцыя музея прысвечана знакамітаму земляку Васілю Ермакову, які нарадзіўся ў Церусе ў сакавіку 1845 года. Князі Паскевічы падтрымлівалі таленавітых дзяцей, і дзякуючы гэтаму Ва-сіль скончыў гімназію, а потым і Кіеўскі ўніверсітэт. Ура-джэнец беларускай вёскі стаў знакамітым матэматыкам і механікам, членам-карэспандэнтам Пецярбургскай акадэміі навук.

З Церухой звязана і імя вядомага беларускага пісьменніка Івана Шамякіна, які вучыўся ў мясцовай школе, а потым часта наведваў Церуху.

— Дзякуючы яго намаганням, у вёсцы пабудавалі новы будынак школы, але ж сама ўстанова адукацыі ў 2024-м адзначыць 125-годдзе з дня заснавання, — дадала Ніна Максімаўна.

На жаль, газетная старонка не дае магчымасці больш падрабязна расказаць пра ўсе адметнасці старажытнай вёскі. Прыязджайце ў Церуху, і яе жыхары з задавальненнем правядуць экскурсію па родным мясцінам і раскажуць шмат цікавага пра гісторыю і сучаснасць Церухі.

Ірына ГРАМЫКА. Фота аўтара.

Прэзентацыя праекта “Вандроўкі па малой радзіме”: гісторыя і сучаснасць Церухі
Прочитано 4536 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Март 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31

Яндекс.Метрика