Мы в соцсетях

У Гомельскай вобласці, ды што там — нават у адным раёне можна знайсці некалькі населеных пунктаў з аднолькавай назвай. Але ж цікава было б даведацца, што стала асновай для аднаго наймення двух паселішчаў, якія аддзяляе каля 70 кіламетраў. Журналісты дзвюх рэдакцый — “Маяка” і “Добрушскага краю” — паспрабавалі адкрыць гэты сакрэт.

Падарожжа першае

Пасёлак Добруш Руднемарымонаўскага сельсавета Гомельскага раёна: двайное перасяленне

Калісьці пасёлак Добруш, які быў заснаваны ў 1926–1927 гадах, быў даволі шматлюдны — тут пражывала больш за сто чалавек, аднак зараз — толькі тры. Канечне, на лецішчы прыязджаюць нашчадкі, апрацоўваюць гароды, бо большасць іх пражывае непадалёк ад Добруша — у суседняй вёсцы Рудня Марымонава.

IMG_822862.JPG

IMG_811824.JPG

IMG_822829.JPG

Вольга Казлова — дачка адной з першапасяленцаў Таісіі Марымонавай. Зараз бібліятэкар Руднемарымонаўскай базавай школы захоўвае памяць пра продкаў і гісторыю двух родных для яе паселішчаў — Добруша і Рудні Марымонвай.

— У пачатку XX стагоддзя некалькі сем’яў з Рудні Марымонавай вырашылі паспытаць шчасця на новым месцы. Ім стаў цяперашні пасёлак Добруш, — расказала Вольга Мікалаеўна. — Для гэтага былі дзве прычыны: раней вёску пастаянна затаплівала. Таму і дамы размяшчаюцца нераўнамерна: тут няма доўгай прамой вуліцы, бо людзі сяліліся на больш высокіх мясцінах, на пагорках, так сказаць, наводшыбе ад суседзяў.

IMG_871177.JPG

А вось будучае паселішча выгадна адрознівалася: вада вясной і ўвосень дасюль не даходзіла. Не тое, што ў Рудні: у сярэдзіне 1950-х гадоў тут была такая паводка, што знесла нават мосцік праз невялікую рачулку.

— Добрае месца выбралі нашы продкі! Таму і назвалі пасёлак Добрушам, — пацвердзіла ягоная жыхарка Ганна Лагута. — Канешне, спачатку давялося раскарчаваць дрэвы, каб пабудаваць дамы і разбіць гароды.

Але ж людзі былі згодныя і на гэта, бо кожная сям’я (а тады ўсе яны былі шматдзетнымі) набывала даволі вялікія надзелы зямлі. Пакрысе на пагорку з’явілася больш за сто хат, пражывала амаль дзвесце чалавек.

— Многія жыхары Добруша былі родзічамі, бо першапасяленцамі сталі некалькі сем’яў, — паведаміла Вольга Казлова. — Жылі тут Маёравы, Саўковы, Пяшыны, Петрусенкі, Захаравы, Бярнацкія, але ж часцей за ўсё іх называлі па вясковых мянушках, напрыклад, Цузорыкамі. Адкуль пайшло гэтае найменне, зараз ужо ніхто і не памятае…

IMG_844756.JPG

IMG_833780.JPG

У 30-я гады мінулага стагоддзя на былых памешчыцкіх землях, дзе і ўзнік пасёлак Добруш, быў арганізаваны калгас “Смелы”, які ўзначаліў Кляменцій Новікаў. Займалася калектыўная гаспадарка раслінаводствам і жывёлагадоўляй.

Дагэтуль у школьным музеі захава-ліся некалькі гаспадарчых кніг, якія адлюстроўваюць тагачасны ўклад жыцця і працу жыхароў Добруша. Напрыклад, журнал уліку працадзён брыгад № 1 і 4 за 1947 і 1949 гады, дзе сустракаюцца прозвішчы Шак, Сатыраў, Петрусенка… Дарэчы, на старонцы з прозвішчам Лапыроў ёсць і такія запісы: “Лапырова Анісся” і “Лапыроў Міша”: дзеці дапамагалі бацьку падчас жніва, і адпрацавалі цэлы месяц. На іх таксама была разлічана аплата за працадні.

З цягам часу пачаўся адваротны працэс: моладзь усё больш імкнулася пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Рудню Марымонаву: грунтовыя воды сышлі ў глыбіню, таму цяпер пра паводкі ўжо нічога не чуваць. А вось тое, што вёска стала цэнтрам сельсавета, адыграла вялікую ролю. Тут з’явілася ўся неабходная інфраструктура — адкрыліся школа, магазіны, амбулаторыя, установа культуры, ды і да працы людзям было лепей дабірацца.

Вось так і атрымалася: сто гадоў таму з Рудні людзі пераязджалі ў Добруш, а зараз — наадварот.

— Пасёлак будзе існаваць да таго часу, пакуль тут ёсць жыхары, — упэўнены старшыня руднемарымонаўскага сельвыканкама Сямён Чэчыкаў. — Канешне, дамы ў Добрушы, што засталіся ад бацькоў і дзядоў, нашчадкі часцей выкарыстоўваюць як лецішчы. Аднак, спадзяюся, што некаторыя змогуць ацаніць цішыню і прыгажосць гэтых мясцін і застануцца тут на пастаяннае пражыванне.

Падарожжа другое

Раённы цэнтр Добруш Гомельскай вобласці

Старажытнае паданне сведчыць: калісьці беглыя сяляне, ратуючыся ад прыгону, шукалі месца для пасялення. І прыйшлі яны на высокі бераг, дзе раслі дубровы ды сасоннікі, а праз іх празрыстай стужкай вілася рака.

— Дабро ж, — сказаў адзін з сялян.

— І пуць далёкі, — пацвердзіў другі, паказваючы на бясконцыя прасторы.

Засталіся выгнаннікі ў гэтым прыгожым кутку на беразе ракі. Пасяленне сталі зваць Добрушам, а раку побач — Іпуццю.

Калі ж звярнуцца да гістарычных дакументаў, то ў “Рэестры рэвізіі гаспадарскай Гомельскай воласці 1560 года” Добруш упершыню ўпамінаецца як пасяленне Гомельскага староства. Дзякуючы геаграфічнаму размяшчэнню, Добруш стаў кустарна-прамысловым цэнтрам па вытворчасці канатаў і ветразяў. Гэтая “спецыялізацыя” знайшла адлюстраванне і ў старажытным гербе: тры бухты канатаў на зялёным фоне.

Да 1834 года паселішча належала графу Румянцаву, які пабудаваў у мястэчку лесапільны завод і млыны. Некаторы час тут таксама існавалі ткацкая мануфактура і шклозавод. У 1870 годзе князь Паскевіч, сумесна з купцамі Лаўянавым і Саламонавым заснаваў у Добрушы папяровую фабрыку. З цягам часу яна стала займаць адно з вядучых месцаў сярод такіх жа прадпрыемстваў. Прадукцыя Добрушскай папяровай фабрыкі карысталася асаблівым попытам: выраблялася нават царская папера, а таксама для друкавання грошаў. Дарэчы, менавіта ў Добрушы ў 1899 годзе на рацэ Іпуць была пабудавана першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі гідраэлектрастанцыя.

IMG_433370.JPG

Пасля рэвалюцыі прадпрыемства нацыяналізавалі, а ў 1920 годзе рашэннем губернскага Савета дэпутатаў папяровай фабрыцы прысвоілі ганаровае званне “Герой працы”. Яе развіццё паўплывала і на рабочы пасёлак, які пашыраўся за кошт будаўніцтва жылля для рабочых. Былі ўзведзены таксама клуб, паліклініка, школы. Добруш набыў ўсесаюзную вядомасць як горад, дзе вырабляецца якасная папера і розныя рэчы з яе.

Аднак Добруш не мінула і фашысцкая навала. Раённы цэнтр перажыў некалькі гадоў акупацыі і актыўнае супраціўленне ворагу — на тэрыторыі раёна дзейнічалі партызанскія атрады, а ў самім горадзе — падполле, сотні дабрушан ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў некалькі вуліц былі названы імёнамі дабрушан — Герояў Савецкага Саюза. 

Фёдар Кухараў — камандзір дыверсійнай групы партызанскага атрада імя І. Сталіна Добрушскай партызанскай брыгады, падпольшчык Павел Раманаў пазней узначаліў партызанскую брыгаду “За Савецкую Беларусь”, якая дзейнічала на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Пётр Бухонка, сапёр, праявіў гераізм пры фарсіраванні ракі Днепр у верасні 1943 года: ахвяраваў сваім жыццём, каб выратаваць ад смерці некалькіх аднапалчан. Пятру Мікалаевічу пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Зараз Добруш, які яшчэ называюць “маленькай Венецыяй”, — даволі буйны горад. Тут дзейнічаюць папяровая фабрыка, фарфоравы завод — адзіны вытворца фарфоравага посуду на тэрыторыі Беларусі, вырабы якога карыстаюцца попытам далёка за межамі краіны, іншыя прамысловыя аб’екты. Развіваецца сфера аказання паслуг — дзейнічаюць установы адукацыі, аховы здароўя, некалькі цэнтраў культуры, краязнаўчы музей, адкрываюцца новыя магазіны рознай формы ўласнасці. Добруш мае добрыя перспектывы для развіцця і захавання чалавечага патэнцыялу — асноўнага багацця “беларускай Венецыі”.

IMG_434462.JPG

Ірына ГРАМЫКА, Сяргей ЧАЙДАК.

Фота Марыны ВАСІЛЬЕВАЙ і Яўгена Усцінава.

Прэзентацыя сумеснага праекта "Цікавая геаграфія": журналісты “Маяка” і “Добрушскага краю” распавядаюць пра аднолькавыя найменнi двух паселішчаў, якія аддзяляе 70 кіламетраў
Прочитано 4472 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Популярное

Архив

« Апрель 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          

Яндекс.Метрика