«Дзікае паляванне караля Стаха» ў стылі неануар

19.05.2025
1151
У Гомельскім Маладзёжным тэатры адбылася прэм'ера неануар-спектакля "Дзікае паляванне караля Стаха" паводле аповесці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. 



Маладзёжны тэатр стаў любімым месцам для аматараў драматургіі, якое нястомна радуе свайго гледача ўпадабанымі спектаклямі і прэм'ерамі новага сезона. Сёлета рэпертуар тэатра папоўніўся неануар-спектаклем «Дзікае паляванне караля Стаха». 

Дзеянні карціны разгортваюцца ў канцы ХІХ стагоддзя ў беларускім Палессі. Менавіта там падарожнічае малады вучоны-фалькларыст, каб збіраць народныя паданні. Збіўшыся са шляху падчас восеньскай буры, ён трапляе ў старажытны замак, маладая гаспадыня якога — апошняя прадстаўніца шляхецкага роду — паведала госцю  жудасную легенду пра караля Стаха, які навёў на яе род праклён. Тады вучоны вырашае разабрацца ў містычнай гісторыі нашчадкаў мясцовай шляхты.

Пра працэс стварэння спектакля расказаў рэжысёр Дэвід Разумаў. 

— Творчасць Караткевіча мяне зацікавіла яшчэ ў школе. Калі я выбіраў твор для будучага спектакля, мне чамусьці ўспомнілася «Дзікае паляванне караля Стаха». Я перачытаў аповесць і адразу прапанаваў тэатру гэтую ідэю. Мусіць галоўная асаблівасць, якая прыцягнула маю ўвагу — гэта тэкст: цікавы, складаны, прасякнуты болем і нашым нацыянальным каларытам, які не адпускае нават пасля прачытання.

Рэжысёр падзяліўся, што для таго, каб дабіцца ўнікальнай атмасферы палескага краю ў спектаклі быў выбраны пэўны жанр пастаноўкі — неануар. Так адбылося невыпадкова. Тое, што адбываецца на сцэне, можна аднесці да такіх жанраў як гістарычная драма, дэтэктыў, містыка, трылер і нават жахі. І менавіта «неануарная» эстэтыка, на думку Дэвіда Разумава, лепей за ўсё перадае змрочны, гатычны, безвыходны настрой аповесці, якім прасякнуты спектакль. 

Усе выявы персанажаў на сцэне максімальна набліжаныя да арыгінальных характараў герояў з аповесці, а для таго, каб перадаць пачуццё страху ў містычным замку, былі скарыстаны разнастайныя эфекты: рэзкія гукі, прыглушанае святло, калоны з жудаснымі бюстамі-асобамі, якія пачынаюць рухацца калі ў хаце адбываецца нешта незвычайнае. 

— Вядома ж спектакль нацэлены на тое, каб выклікаць у гледача «катарсіс» — гэта значыць ачышчэнне пасродкам спагады і страху. Мы праводзім гледача праз цемру і жах, але толькі для таго, каб у канцы вывесці яго да святла і надзеі, — падкрэслівае рэжысёр. 

Прэм'ера спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха», якая прайшла на сцэне Маладзёжнага тэатра, стала сапраўднай культурнай падзеяй у жыцці Гомеля. Пастаноўка рэжысёра Дэвіда Разумава паказала, наколькі актуальна гучыць класічная літаратура сёння і прымусіла гледача задумацца аб вечных пытаннях дабра і зла, кахання і здрады.

Алiса ВАРАБ’ЕВА.

Мы в соцсетях