30 студзеня споўнілася 105 год з дня нараджэння класіка беларускай савецкай літаратуры Івана Шамякіна

30.01.2026
656
Ураджэнец вёскі Карма Добрушскага раёна, народны пісьменнік БССР, Герой Сацыялістычнай Працы Іван Шамякін пакінуў багатую творчую спадчыну. Ён напісаў 12 раманаў, 26 аповесцей, 10 п’ес, больш за 80 апавяданняў, мноства нарысаў і артыкулаў. Яго творы перакла-дзены на 30 моў свету.



Вечныя тэмы пошуку сябе і няпростага маральнага выбару ён раскрываў на фоне падзей, якія перажыў разам з усім народам: Вялікай Айчыннай вайны, пасляваеннага аднаўлення народнай гаспадаркі, развіцця беларускай вёскі, мадэрнізацыі эканомікі. 

“Трывожнае шчасце”, “Сэрца на далоні”, “Атланты і карыя-тыды” — гэтыя і іншыя творы застаюцца любімымі многімі пакаленнямі беларусаў, якія знаходзілі ў іх знаёмыя воб-разы, сітуацыі, мясціны.

Пасля чарнобыльскай трагедыі пісьменнік не мог не адклікнуцца на боль і трагедыю свайго народа. Ён напісаў адначасова страшны і кранальны твор “Злая зорка” аб трагічным лёсе простай беларускай сям’і, шчасце якой зламаў Чарнобыль.



З Гомельскім раёнам Івана Шамякіна звязваюць цесныя асабістыя і творчыя сувязі. Яго бацька быў лесніком і сям’я часта пераязджала. Вёску Церуха, дзе ён пэўны час вучыўся 
і дзе пазнаёміўся з дзяўчынкай Машай Кротавай, якая пазней стала яго жонкай, Іван Пятровіч называў другой радзімай: “Калі я еду ў Церуху, я еду дадому…”

У Пракопаўцы, дзе пачы-наўся працоўны шлях Шамякіна як настаўніка і дзе яго жонка Марыя Філатаўна загадвала фельчарска-акушэрскім пунк-там, жыхары часта ўзгадвалі пра свайго пісьменніка, якога запомнілі адкрытым, добразыч-лівым чалавекам. А ён увекаве-чыў іх наваколлі ў сваіх творах. Асабліва шмат знаёмых мясцін і прозвішчаў сустракаеш у першай аповесці трылогіі “Трывожнае шчасце”.

Стаўшы знакамітым аўтарам, народны пісьменнік БССР Іван Шамякін часта прыязджаў з творчымі сустрэчамі ў Гомельскі раён. Прэзентаваў свае кнігі, гутарыў з калгаснікамі падчас мерапрыемстваў у дамах культуры. Чытать Шамякіна лічылася добрым густам, і амаль у кожнай хаце былі кнігі з яго творамі.

Пісьменнік часта наведваў любімую Церуху і нават дамогся будаўніцтва тут новай школы. Зараз у музеі Цярухскай сярэдняй школы захоўваецца нямала асабістых рэчаў сям’і Шамякіных. Былая дача, дзе яму асабліва добра працавалася, таксама захавалася. Цяперашнія гаспадары ахвотна расказваюць аб гісторыі і цікавым лёсе гэтага будынка.

Увекавечана памяць Івана Шамякіна і ў назвах вуліц у Мінску, Гомелі, іншых населеных пунктах. Яго імя носіць Мазырскі дзяржаўны педага-гічны ўніверсітэт.



Ірына Трыпузава

Мы в соцсетях