85-годдзе адзначыў Пётр Адаменка з Рудні-Целяшоўскай
Гомельская раённая ветэранская арганізацыя разам з раённай арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў АПК рэгулярна праводзіць ушанаванні людзей, якія шмат гадоў свайго жыцця аддалі працы на карысць нашага раёна.
Адзін з такіх — Пётр Адаменка, які пражывае зараз у Рудні-Целяшоўскай. Пётр Ягоравіч адзначыў сваё 85-годдзе. За плячыма — багатая працоўная біяграфія. Ды і стаж работы на розных пасадах немаленькі — амаль 40 гадоў. Ураджэнец вёскі Падбуддзе Рагачоўскага раёна пачаў працаваць настаўнікам матэматыкі ў сваім жа раёне. З 1955 па 1961 гады ён у суседнім, Жлобінскім раёне выкладаў матэматыку і фізіку. Там маладога настаўніка прыкмецілі і пачалі прасоўваць па партыйнай лініі. Пачаў сваю дзейнасць у якасці сакратара партыйнай арганізацыі мясцовага калгаса імя Свярдлова. Гаспадарка па тых часах была перадавой у сваім раёне. Так што вопыт работы ў сяльгасвытворчасці выпускніку Мінскай вышэйшай партыйнай школы, як потым паказаў час, быў вельмі дарэчы.
З 1967 года яго лёс непасрэдна звязаны з Гомельскім раёнам.Тут Пётр Ягоравіч становіцца намеснікам старшыні калгаса імя ХХІІ з’езда КПСС. Гэтая гаспадарка аб’ядноўвала землі вакол цяперашняга аграгарадка Яроміна. Потым з 1969 былі 5 гадоў самастойнай дзейнасці ўжо на пасадзе старшыні калгаса імя Суворава. І гаспадарка пад кіраўніцтвам Пятра Адаменкі спраўлялася з вызначанымі Камуністычнай партыяй і савецкім урадам задачамі. Так, калгас імя Суворава ў 1969 го-дзе атрымаў 22,1 цэнтнера малака на сто гектараў сяльгасугоддзяў (быў такі паказчык), у 1970 — ужо 23,7. Мяса адпаведна — 21,3 і 29,5 цэнтнера. А ў 1973 годзе гаспадарка атрымала ўжо 671,1 цэнтнера малака на сто гектараў сяльгасугоддзяў супраць 592,5 цэнтнера, што было ў 1972 годзе. Гаспадарка стабільна трымалася ў верхніх радках раённых зводак сярод 30 сяльгаспрадпрыемстваў раёна.
Калгас імя Кірава Пётр Ягоравіч узначаліў у 1974 годзе. Яго, як казалі у той час, кінулі на прарыў. Тады вытворчасць малака ў гаспадарцы за год склала 611,7 цэнтнера супраць 588 цэнтнераў у 1973 годзе. Вытворчасць мяса на сто гектараў сяльгасугоддзяў з 66 цэнтнераў павялічылася да 77,8 цэнтнера ў 1974 годзе. Па выніках 1982 года калгас пад кіраўніцтвам Пятра Адаменкі атры-маў ужо 638,3 цэнтнера малака на сто гектараў сяльгасугоддзяў супраць 568,4 цэнтнера ў 1981.Вытворчасць мяса таксама павялічвалася. На сто гектараў сяльгасугоддзяў у жывой вазе ў 1982 годзе было атрымана 90,6 цэнтнера супраць 86,3 цэнтнера ў 1981 годзе.
Апошнім месцам работы Пятра Адаменкі да выхаду на пенсію быў Целяшоўскі сельскі Савет, які ён узначальваў на працягу 10 гадоў.
Разам з жонкай Любоўю Пятроўнай, якая, дарэчы, была выкладчыцай біялогіі і хіміі, выхавалі двух сыноў. Старэйшы Аляксандр працаваў сувязістам на ведамаснай АТС “Гомсельмаша” і зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Малодшы Сяргей — на вайсковай службе — старшы прапаршчык у Гомельскай пагранічнай групе. У Пятра Ягоравіча 3 унукі, ёсць праўнукі….
Павіншавалі ветэрана з юбі-леем старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Анатоль Карчэўскі і кіраўнік раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК Аляксандр Грынькоў. Яны ўручылі ветэрану Падзячныя лісты і каштоўны падарунак.
Таксама яго павіншавала старшыня Цярэніцкага сельвыканкама Алена Козырава. Падарунак і кветкі ветэрану ўручыла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі УСП “СлаўМол” Тамара Мартынава. Цеплыя і шчырыя пажаданні здароўя, дабрабыту і жыццёвага аптымізму выказаў старшыня Цярэніцкай пярвічнай вэтэранскай арганізацыі Мікалай Лосікаў.
