Аб тым, як прайшло свята вескi ў Каранёўцы, распавяла наша чытачка

27.09.2018
451

Апошнім часам стала добрай традыцыяй адзначаць святы населеных пунктаў: гарадоў, вёсак. Такое свята адбылося 14 верасня ў пасёлку Каранёўка. Прымалі ў ім удзел і жыхары Кантакузаўкі.

Свята было арганізавана сумеснымі намаганнямі Зябраўскага сельвыканкама, Каранёўскай базавай школы, сельскай бібліятэкі, Каранёўскай эксперыментальнай базы Інстытута леса і іншых размешчаных на тэрыторыі пасёлка арганізацый.

У прадуманым сцэнарыі знайшлося месца для віншавання старажылаў пасёлка, маладых сем’яў, юбіляраў, у тым ліку тых, хто адзначыў круглыя даты сямейнага жыцця. Не забыліся і пра тых, у каго ў гэтым годзе нарадзіліся дзеці, хто служыць у арміі.

Былі праведзены разнастайныя конкурсы: на лепшае падвор’е, на лепшыя вырабы, букеты. Арганізавалі нават дэманстрацыю мод, дзе мадэльерам і мадэлямі былі адпаведна педагог і вучаніцы Каранёўскай базавай школы. На свяце працавалі атракцыёны, буфет. Гучала музыка ў выкананні запрошаных артыстаў, мясцовых жыхароў, школьнікаў. Мясцовыя прадпрымальнікі паклапаціліся пра падарункі для юбіляраў і пераможцаў конкурсаў, за што старшыня сельвыканкама Яўген Нікіцін выказаў ім шчырую падзяку.

Свята было мнагалюдным і цікавым. Можна з задавальненнем адзначыць, што дзень пасёлка ўдаўся.

Усіх на свята аб’ява кліча –

Йдуць старыя і маладыя.

Свята вёскі – прыгожы звычай.

Зранку музыка гучна грае –

Заліхвацкі гучыць гармонік.

Дзед да бабы: — Пайшлі, старая,

Хоць з вяскоўцамі пагамонім.

Тут асенніх дароў багацце,

Сонца ўсмешак і мора кветак.

А галоўна, што на свяце

Вельмі многа маленькіх дзетак.

Значыць, вёска не памірае,

Значыць, школе жыць Каранёўскай.

Песні льюцца, баян іграе —

Сваё свята спраўляе вёска.

Галіна РАГАВАЯ, п. Каранёўка

Фота vetliva.ru

Мы в соцсетях