Абрад на дабрабыт і шчодры ўраджай прайшоў у Гомельскім раёне
Аўтэнтычны абрад “Сула” ў Гадзічаве і Маркавічах даў зачын на шчодры ўраджай, абарону ад нягод і дабрабыт.
У другі дзень пасля Вялікадня жыхары Маркавіцкага сельсавета разам з гасцямі па традыцыі сталі ўдзельнікамі старажытнага абраду “Сула”. Сёлета ён праводзіўся ўжо ў 20 раз пасля аднаўлення ў 2007 годзе і сабраў многіх аматараў народнай культуры.
На гэты раз сярод удзельнікаў былі мясцовыя жыхары, вучні Маркавіцкай сярэдняй школы, работнікі культуры, школьнікі з СШ № 30 горада Гомеля і ўсе, хто пажадаў дакрануцца да таямніц сакральнага абраду. Кожны старанна падрыхтаваўся, прадумаўшы элементы вопраткі і вывучыўшы абрадавыя песні.
Первы крывы танок завялі на полі каля вёскі Гадзічава і, як заўсёды, з добрымі пажаданямі: “Каб у нас усё радзіла і маланка не біла”. Святочны маршрут прайшоў па вуліцы Чырвонаармейскай, дзе мясцовыя жыхары сустрэлі ўдзельнікаў шэсця велікоднымі пачастункамі.
З самай раніцы чакала ўдзельнікаў “Сулы” Таццяна Басава, адна са старэйшых жыхарак Гадзічава, якой ужо за 90 гадоў, і, дарэчы, маці Рыгора Басава, былога настаўніка музыкі, а зараз святара, які ў свой час пачаў адраджэнне абраду і прывіў многім сваім вучням любоў да народнай культуры.
Ураджэнка Гадзічава Людміла Храпунова завітала на свята з Маркавіч, дзе зараз жыве. Разам з сястрой Нінай яны накрылі ля бацькоўскага дома стол с абрадавымі стравамі.
—Памятаю, як ў сярэдзіне 60-х я, тады зусім маленькая дзяўчынка трох- ці чатырохгадовага ўзросту, разам з прабабуляй удзельнічала ў адным з апошніх абрадаў той старой “Сулы”. Тады таксама збіраліся на полі і ішлі з танцамі, падобнымі на “ручаёк”, па нашай вуліцы. Старыя людзі і малыя дзеці, звычайна, праходзілі не ўвесь маршрут, а вось моладзь потым накіроўвалася яшчэ і ў Маркавічы, — падзялілася Людміла.
Напэўна, і ў цяперашніх самых юных удзельніц абраду, якім зараз па чатыры-пяць гадоў, будзе што расказаць сваім дзецям і ўнукам. У “Суле” дзяўчынкам, дарэчы, заўсёды адведзена важная роля: іх на руках падкідваюць ўверх з пажаданнем расці дужымі і здаровымі, а таксама зычаць усім добрага ўраджаю.
Сімвалічныя карагоды правялі каля Свята-Кацярынінскай царквы, ў цэнтры Маркавіч і па вуліцы Сялянскай, дзе велікоднымі прысмакамі ўсіх пачаставала гасцінная сям”я Шыпковых з суседзямі.
—Абрад “Сула” не толькі па часу правядзення, але і па зместу прымеркаваны да Уваскрашэння Хрыстова. Ён азначае абуджэнне прыроды, надзею на дабрабыт і добры ўраджай. Карагоды сімвалізуюць сонца, маланку, ваду і зямлю, і іх ваджэнне скіравана на абуджэнне стыхій, а таксама і пачатак работ на зямлі, — расказаў лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, народны майстар Рэспублікі Беларусь і адзін з ініцыятараў адраджэння і папулярызацыі абрада “Сула” Віктар Шыпкоў.
Пасля заканчэння абраду свята прадоўжылася ля Маркавіцкага дома культуры канцэртам з удзелам народнага калектыву аматарскай творчасці “Спадчына” філіяла “Урыцкі дом культуры” і народнага фальклорнага ансамблюя “Світанак” філіяла “Міхалькоўскі дом культуры”, а таксама выставай велікодных страў і дэкаратыўна-прыкладных вырабаў на велікодную тэматыку.
Ірына ТРЫПУЗАВА
Фота Кацярыны Шчарбіной
