Аэраглiсер "Пiранья" на службе ў таварыства выратавання на водах
У мінулым годзе на вадаёмах Гомельшчыны праваліліся пад лёд і патанулі тры чалавекі. Сёлета ўжо зафіксаваны трагічныя выпадкі у Лоеўскім і Добрушскім раёнах. Аднак адпаведныя службы напагатове.
Хоць зіма па-сапраўднаму яшчэ не ўступіла ў свае правы, аматары зімовай рыбалкі, рызыкуючы жыццём, ужо пачалі выходзіць на лёд. І гэта пры тым, што таўшчыня яго розная, але яшчэ небяспечная. Паводле слоў спецыялістаў, самае небяспечнае ледзяное покрыва — таўшчынёю ў 20 сантыметраў. І зараз патрэбен тыдзень устоўлівых маразоў, каб утварыўся трывалы лёд.
— Зараз ідзе першапачатковы перыяд ледаставу. І лёд пакуль недастаткова трывалы, каб на ім знаходзіліся людзі. — гаворыць вядучы спецыяліст Гомельскай абласной арганізацыі рэспубліканска-га дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах” Сяргей Касцючэнка. — І калі на невялікіх закрытых вадаёмах таўшчыня лёду складае 8–9 сантыметраў, дык на вялікіх азёрах таўшчыня яго істотна меншая. Гэта ў кожным выпадку залежыць ад многіх фактараў: наяўнасці крыніц, водарасцяў, хуткасці плыні на рацэ. Таму зараз рыбакам-аматарам трэба быць вельмі пільнымі і ўважлівымі.
Каб выратаваць чалавека, які трапіў у палонку, трэба дзейнічаць хутка і зладжана. Таму Гомельская абласная арганізацыя “Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах” рэгулярна праводзіць вучэнні з мэтай выпрацоўкі неабходных дзеянняў у выпадку здарэння. Зараз на дапамогу гомельскім вадалазам-выратавальнікам прыйшла сучасная тэхніка. Гэта аэраглісер “Піранья” расійскай вытворчасці, які днямі атрымала вадалазна-выратавальная служба. Аэралодка можа рухацца па снезе, лёдзе і вадзе. Пры гэтым развіваць хуткасць да 100 кіламетраў у гадзіну на вадзе і да 120 на снезе і лёдзе.Такім чынам, гэтая машына зможа аператыўна дастаўляць выратавальнікаў да месца здарэння. Гэты плавальны сродак стаў чацвёртым па ліку ў Беларусі, што паступіў на службу выратавальнікаў краіны.
— Цяпер мы можам ажыццяўляць аператыўнае патруляванне рэк і азёр. Зараз “Піранья” у нас абслугоўвае вадаёмы ў межах абласнога цэнтра — Валодзькіна возера, Абкамаўскае возера і Сеўрукі. Абкатаем аэралодку і на рацэ Сож. Такім чынам, будзе праводзіцца прафілактычная работа сярод рыбакоў. Такое судна асабліва неабходна для нашай работы ў міжсезонне, — зазначае выконваючы абавязкі начальніка вадалазна-выратавальнай службы Гомельскай абласной арганізацыі “Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах” Сяргей Гарыцкі. — Бо і зараз, як толькі ўсталявалася кволае ледзяное покрыва, не зважаючы ні на што, на рэкі і вадаёмы выходзяць рыбакі-аматары. Аэраглісер у нас будзе задзейнічаны ў светлавы час сутак і стаяць на дзяжурстве на месцы базіравання — Навабеліцкай выратавальнай станцыі.
Вядома, што ніякая тэхніка не зможа дапамагчы, калі самі людзі будуць ігнараваць правілы ўласнай бяспекі. Таму выратавальнікі яшчэ раз звяртаюцца да рыбакоў-аматараў: будзьце надзвычай асцярожнымі на лёдзе, насіце выратавальныя камізэлькі, майце пры сабе вяроўкі, а ў ідэале — так званыя самавыратавальнікі.
Аляксандр РАМАШОЎ
Фота Аляксея НАРЭЙКІ
