Агарод, хата і гараж падтопленыя - вынікі падтаплення ў раёне
Практыка работы “прамых тэлефонных ліній” з удзелам кіраўнікоў мясцовай вертыкалі сведчыць аб запатрабаванасці падобных стасункаў улады з грамадскасцю. У мінулую суботу з 10 тэлефанаванняў 5 адрасоў былі звязаны з болем людскім, што ўзнік нечакана напрыканцы мінулага тыдня. Праблема падтаплення прыватных падворкаў сур’ёзна непакоіць жыхароў шэрагу населеных пунктаў раёна.
Крыкам душы можна назваць зварот пенсіянеркі Валянціны Чайковай. Яна пражывае ў аграгарадку Краснае па вуліцы Камунараў, 9 б. Усё было б цярпіма, аднак у пенсіянеркі муж пасля перанесенага інсульту. Калі, не дай Бог што, дык і хуткая дапамога не дабярэцца. Пра тое, што гародніна на прысядзібным участку, лічы што загінула, гаворкі асаблівай няма, хаця і вельмі балюча назіраць, як марнуюцца твае клопаты пра ўраджай. Дык яшчэ і вада пад падлогай узнімаецца.
— Я пенсіянерка, муж пенсіянер. І зараз мы апынуліся ў яме, у балоце. Агарод, хата і гараж падтопленыя...
Жыхарка вуліцы Камунараў Галіна Агрызка кажа, што такога патопу яшчэ не даводзілася перажываць:
— Вада поўнасцю падтапіла цокальны паверх. А там у нас і пральная машына, і халадзільнікі, паліцы…У гумавых ботах ходзім.
— Сямнаццаць гадоў тут жыву, з таго часу, як пачаў будаваць уласнае жыллё, такога яшчэ не было, — гаворыць Вячаслаў Мурын. — Агарод заліла поўнасцю, але пра яго ўжо не гавару. Галоўнае, што церпіць ад вады жыллё. Я вось ноч адкачваў электрапомпай ваду.
Уся праблема, гавораць жыхары вуліцы Камунараў, у тым, што ў свой час тут правялі падсыпку дарогі. Здавалася — добрая справа. Аднак пры гэтым не прадугледзелі сістэму водаадводу. Раней, па словах месцічаў, на вуліцы быў прыродны ўхіл і вада самацёкам ішла ў нізіну. Зараз падчас вялікай вады яна проста сцякае з дарогі на прысядзібныя ўчасткі жыхароў. Падобны малюнак можна назіраць амаль штогод па дажджлівай восені, альбо веснавой слоты. Аднак сёлетні патоп — нечаканы сюрпрыз для ўсіх.
Не лепшая карціна і па вуліцы Ясеніна. Тут таксама змагаюцца са стыхіяй уласнымі сіламі. Канкрэтнае тэлефанаванне паступіла ад жыхароў дома нумар 9. Яшчэ адзін адрас звароту грамадзян на “прамую тэлефонную лінію” — дом па вуліцы Савецкай, 177 у аграгарадку Яроміна. Яшчэ — у населенным пунце Расветная, вуліца Леніна, 1. І такіх адрасоў, напэўна, зараз назваць можна нямала.
НА ЗДЫМКАХ: падтопленыя вуліцы і падворкі ў аграгарадках Яроміна і Краснае.
Аляксандр РАМАШОЎ
Фота Аляксея НАРЭЙКІ
