Бліц-апытанне: за што я люблю Гомельскі раён
Напрыканцы чарговай даты ўтварэння Гомельскага раёна журналіст “Маяка” пацікавілася ў вяскоўцаў: за што яны любяць сваю малую радзіму? Гэтае пытанне адрасовала ўсім тым, для каго Гомельскі край стаў родным куточкам.
Тамара КУРЛЕНКА, канцэртмайстар народнага ансамбля “Званіцы” Руднемарымонаўскага клуба-бібліятэкі:

— Я родам з Брагіншчыны, але вось ужо амаль 35 гадоў пражываю ў Рудні Марымонавай. Прыехала сюды — і ўлюбілася ў гэты куточак Гомельскага раёна. Тут прайшлі мае самыя лепшыя гады. Як работнік культуры, імкнулася захаваць аўтэнтычную народную спадчыну: быў створаны ансамбль “Званіцы”, які праз некалькі гадоў заваяваў ганаровае званне народнага. Аснову яго рэпертуару складаюць самабытныя песні Гомельскага раёна. Некалькі гадоў таму выказала ідэю аб стварэнні ўнікальнай раённай школы народна-побытавага танца. Зараз работнікі культуры вывучаюць самі і вучаць аднавяскоўцаў танчыць старажытныя танцы —кракавяк, падыспань, каробачку і польку беларускую. Гомельскаму раёну прысвяціла і вершаваныя радкі, да якіх потым напісала музыку: “Мая зямля — жыцця майго калыска! Цнатлівая прырода ў вяках… Гаючы па-надсожаўскі вятрыска, імператрыцы Кацярыны шлях!”.
Вольга КАЗЛОЎСКАЯ, загадчык Улукаўскага дзіцячага сада:

— За што я люблю Гомельскі раён? Як можна растлумачыць любоў да малой радзімы? Я люблю яе проста так! За тое, што яна ёсць! Як можна не любіць той край, дзе ты нарадзіўся, упершыню ўбачыў усмешку маці, зрабіў першы крок, пайшоў у школу, знайшоў сяброў, сустрэў сваё першае каханне, дасягнуў нейкіх вышынь у сваёй прафесіі? Тут жывуць мае бацькі, мая сям’я, тут карані маіх продкаў! Свае адносіны да Гомельскага раёна магу апісаць словамі знакамітай беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло: “Люблю мой край, старонку гэту, дзе я радзілася, расла, дзе першы раз пазнала шчасце…”.
У нашай дашкольнай установе адукацыі мы выхоўваем у дзетак любоў да малой радзімы праз казкі, песні, танцы, нават тэатралізаваныя пастаноўкі. З задавальненнем дзеткі развучваюць вершы на роднай мове, цікавяцца фальклорнымі і казачнымі персанажамі. Галоўнае, каб яны, калі стануць дарослымі, любілі свой край, дзе яны нарадзіліся, і зрабілі ўсё для ягонага росквіту.
Ірына ГРАМЫКА.
Фото Марины ВАСИЛЬЕВОЙ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
