“Чонкаўскі бор”: пачалася другая змена
У летніх аздараўленчых лагерах пачалася другая змена. Чарговы заезд сабраў рабят з нашай вобласці на цікавыя і разнастайныя мерапрыемствы, адпачынак і карыснае правядзенне летніх канікулаў.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Аздараўленчы лагер “Чонкаўскі бор” — адзін з самых вялікіх па колькасці адпачываючых дзяцей. На тэрыторыі — чатыры добраўпарадкаваных цагляных двухпавярховых спальных карпусы, капітальна ўзведзеныя ў свой час. Тут размешчаны ўтульныя пакоі, што разлічаны на 4 чалавекі.
— У нас зараз праводзяць канікулы 320 хлопчыкаў і дзяўчынак. Наш лагер сёлета працуе ў 4 змены па 18 дзён. Чацвёрты заезд будзе спартыўнага профілю, — гаворыць начальнік лагера Вольга Пугачова. — Зараз у нас 16 атрадаў, якія камплектуюцца ў залежнасці ад узросту.
Мерапрыемствы з раніцы право-дзяцца для самай маленькай дзятвы, а другая палавіна дня аддадзена больш дарослым рабятам. Тут ім сумаваць не даводзіцца, бо выхавацелям-студэн-там аказваюць метадычную дапамогу вопытныя педагогі з Гомельскага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі. А тыя, у сваю чаргу, прымяняюць свае творчыя здольнасці ў рабоце з хлопчыкамі і дзяўчынкамі.
Алег Макушкін — пазаштатны метадыст, кіраўнік аб’яднання “Педагогіка лета”. Ён жа — намеснік дырэктара Гомельскага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі.
— Для дапамогі нашым маладым выхавацелям у рабоце з дзятвой створаны два метадычныя аб’яднанні — “Малады спецыяліст” і “Педагог дадатковай адукацыі”, — гаворыць Алег Васільевіч. — Справа ў тым, што зараз асаблівыя патрабаванні менавіта да дадатковай адукацыі ў аздараўленчых лагерах. Акрамя культмасавых мерапрыемстваў, трэба актывізаваць гуртковую работу.
Таму невыпадкова, што ў “Чонкаўскім бару” зараз дзейнічае некалькі гурткоў і секцый. Тут жа працуюць аб’яднанні па інтарэсах — так званыя хобі-цэнтры. У лагеры спецыялісты-выхавацелі вучаць дзятву ў “Творчай майстэрні”, працуюць секцыя па футболе, танцавальны і гурток бісерапляцення, веласіпедная секцыя, практыкуецца выраб рабятамі сувеніраў у розных тэхніках, флэш-мобы, ёсць ролікі, картынгі. За змену ў лагеры адбываецца больш за 20 спартыўна-масавых мерапрыемстваў. На тэрыторыі ёсць футбольнае поле, дзве баскетбольныя пляцоўкі, тэнісныя сталы, шашкі, шахматы. Да таго ж, арганізаваны заняткі па развіццю навыкаў выжывання: рабят вучаць ставіць палаткі, распальваць кастры, аказваць першую медыцынскую дапамогу. Такім чынам, рыхтуюць падлеткаў да турыстычнай дзейнасці. Акрамя таго, праводзяцца цыклы гутарак на тэму здаровага харчавання, гігіены, прафілактыкі шкодных звычак…
— Наша задача — сумяшчаць прыемнае з карысным, — падкрэслівае Алег Макушкін. — Тым больш, што гэта адбываецца ў межах абласной акцыі “Лета на карысць”, якая мае на ўвазе не толькі адпачынак, але ўяўляе сабой так званую пятую чвэрць.
Улічылі ў лагеры патрабаванні сучаснасці. Не першы год улетку тут ходзіць свая валюта — “чонікі”. Яе можа зарабіць кожны з рабят. Тут, як і ў дарослым жыцці, неабходна актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах, займаць прызавыя месцы ў конкурсах ды віктарынах, а яшчэ — удзельнічаць у добраўпарадкаванні тэрыторыі лагера, правядзенні работ па ўборцы. За заробленыя “чонікі” ў канцы змены на кірмашы дзятва зможа набыць цукер-кі, пячэнне, нават школьныя прылады ды канцтавары.
Увогуле, як адзначаюць супра-цоўнікі лагера, сёлетняя канцэпцыя — своеасаблівая “машына часу” — мінулае, сучаснае, будучае і фантастычнае. Першая змена насіла назву “Нам засталася спадчына”. У гульнявой форме рабяты вывучалі гісторыю, традыцыі роднага краю, краязнаўства. Мерапрыемствы праходзілі ў межах рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Тут былі конкурсы малюнкаў, інформ-дайджэстаў, конкурс беларускай кухні.
Дарэчы, пра харчаванне. Яно, як і ва ўсіх аздараўленчых лагерах, — пяціразовае і збалансаванае. Для забеспячэння прадуктамі харчавання тут наладжана супрацоўніцтва з праверанымі арганізацыямі. Непасрэдныя вытворцы і гандлёвыя прадпрыемствы рэгіёна пастаўляюць сваю прадукцыю да стала дзяцей. Невыпадкова, што аздараўленчы лагер “Чонкаўскі бор” у 2016 го-дзе заняў першае месца па арганізацыі харчавання “Здаровае харчаванне — здаровае дзіця” сярод аналагічных устаноў Гомельскай вобласці. Летась — першае месца ў рэгіёне па медыцынскім абслугоўванні. Сярод узнагарод — Гран-пры калекцыі “Летняя феерыя” адкрытага раённага агляду-конкурсу на лепшы карнавальны касцюм “Летняя пара-2017”. Сёлета тут мяркуюць таксама быць у лідэрах па арганізацыі работы ўсяго лагера.
Аляксандр РАМАШОЎ
Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА
