Cтаршакласнікі Яромінскай СШ вiншуюць са Старым Новым годам
Амаль дзесяць год запар старшакласнікі Яромінскай сярэдняй школы віншуюць дырэктара школы Галіну Новікаву, педагогаў і вучняў са Старым Новым годам.
Як водзіцца — пераапрануўшыся ў Мядзведзя і Казу, Калядоўшчыка і Дзеда, Цыганку і Салоху, іншых герояў, з песнямі-калядкамі, пажаданнямі-зычаннямі наведваюць кожны клас, жадаюць “таму, хто ў гэтым даму” здароўя, дабрабыту і поспехаў.
“Гаспадары”, у сваю чаргу, адорваюць рознымі прысмакамі калядоўшчыкаў і слабенькую Казу, якая любіць танцаваць і песні спяваць, але ж і прытомнасць страчвае. Але даволі хутка прыходзіць у лагодны настрой пасля таго, як яе пачастуюць нечым смачным…
Далей калядоўшчыкі наведалі сельвыканкам, вытворчыя падраздзяленні ААТ “Агракамбінат “Паўднёвы” — павіншавалі сваіх шэфаў і аднавяскоўцаў са святам, паказалі абрад калядавання. Усюды іх чакалі з нецярпеннем — ведалі, што вучні з віншаваннямі прыйдуць абавязкова.
Калядоўшчыкі наведалі і жыхароў Яроміна.


