Да вучняў Грабаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы наведаўся пісьменнік Рыгор Андрэявец
Добрыя ўчынкі — гэта заўседы прыемна. Асабіста, калі яны ідуць побач з цікавымі сустрэчамі або людзьмі. А калі гэта ўсё разам — атрымліваюцца вельмі выдатныя мерапрыемствы.
На мінулым тыдні ў Грабаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе адбылася мінавіта такая падзея. Да вучняў наведаўся цікавы госць — пісьменнік, журналіст, даследчык Рыгор Андрэявец. Ён прыйшоў не з пустымі рукамі, а з падарункамі — сваімі кнігамі. У гэтай акцыі важную ролю прыняло ААТ “Птушкафабрыка “Рассвет”. Прынамсі, на сродкі сяльгаспрадпрыемства былі набыты друкаваныя асобнікі твораў Рыгора Мікалаевіча “Код Скарыны” і “Две битвы древней Руси”.
Ва ўрачыстай абстаноўцы кнігі былі перададзены дырэктару ўстановы адукацыі Таццяне Мацюшэнка.
Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Птушкафабрыка “Рассвет” Наталля Кісялёва пажадала вучням поспехаў, выдатных адзнак і найлепшых вынікаў у вучобе.
— Няхай гэтая літаратура дапаможа вам у вашай нялёгкай справе, — адзначыла Наталля Вадзімаўна. — Спадзяюся, вы не аднаразова звернецеся да гэтых кніжак пры падрыхтоўцы дамашніх заданняў, а таксама для павелічэння кругагляду.
Было бачна, што выступленне пісьменніка ўсе чакаюць з нецярпеннем. Рыгор Андрэявец спачатку распавёў прысутным аб тым, пра што напісана ў яго кнігах, чаму ён вырашыў правесці такую даследчую працу, як нараджаліся яго гіпотэзы. А потым з задавальненнем адказаў на ўсе пытанні не толькі вучняў, але і настаўнікаў. Падлеткаў больш за ўсё цікавіла, як Рыгор Мікалаевіч выбірае тэму для будучай працы, колькі трэба часу, каб яе зрабіць, і як на ўсё хапае часу. А вось настаўнікі пыталі аб тым, якія працы ён выкарыстоўвае, як знаходзіць крыніцы...
— Мы вельмі ўдзячны і кіраўніцтву “Рассвета”, і Рыгору Мікалаевічу за гэты шчыры падарунак, — паддзякавала Таццяна Ігараўна. — Я ўпэўнена, што гэтыя кнігі не толькі папоўняць нашу бібліятэку, але і будуць карыстацца вялікай папулярнасцю сярод чытачоў. Нам вельмі прыемна, што ўжо не першы раз “Рассвет” прымае ўдзел у развіцці нашай установы адукацыі, таму ў знак падзякі рабяты падрыхтавалі невялікі канцэрт для вас, нашы паважаныя госці.
Сустрэча прайшла ў сяброўскай, цёплай атмасферы. Пісьменніку не толькі падзякавалі, але і запрасілі ў школу яшчэ, пасля выхаду яго кнігі, над якой ён цяпер працуе. А канцэртная праграма настолькі ўсім спадабалася, што здавалася, быццам на сцэне выступаюць не вучні, а сапраўдныя артысты.
Алена ЗАЙЦАВА. Фота аўтара
