Дні пасёлка прайшлі ў Зялёным Гаі і Моладзі

06.06.2018
401

У Год малой радзімы асабліва сімвалічна, калі святы арганізоўваюцца ў маляўнічых кутках менавіта малых населеных пунктаў.

У пасёлках Аздзелінскага сельсавета Зялёны Гай і Моладзь ёсць свае прастольныя святы. Сёлета яны з дапамогай работнікаў культуры перараслі ў сапраўдныя дні пасёлка.

У Зялёным Гаі, насельніцтва якога зараз складае не больш 50 чалавек, прастольшчынай з’яўляецца свята Ушэсця. У адной з жыхарак, Марыі Марцінаўны Кіржана-вай, захоўваецца ікона “Узнясенне Гасподня”, якой здаўна маліліся і шукалі заступніцтва вяскоўцы.

Звычайна на Ушэсце ў пасёлак прыязджае прадстаўнік царквы. А ў гэтым годзе традыцыйная праграма святкавання была дапоўнена  яшчэ і канцэртам аўтаклуба “Спадчына” Урыцкага рэгіянальнага цэнтра культуры і адпачынку. Жыхары пасёлка сабраліся каля дома памочніка старшыні Аздзелінскага сельсавета Зінаіды Цімафееўны Максіменка, каб паглядзець канцэрт пад адкрытым небам. А так як многія жанчыны з Зялёнага Гая самі выдатна спяваюць, то выступленні атрымаліся сумеснымі.

Пасёлак Моладзь — зусім невялікі: у ім только 17 жыхароў. Прастольным святам тут лічыцца дзень Святой Троіцы.

Каб парадаваць вяскоўцаў абрадам “Тройца” да іх завіталі госці з Рагаўской бібліятэкі-клуба пад кіраўніцтвам Марыі Вінічэнка. Можна сказаць, што ў Моладзь прыехала сапраўдная моладзь, бо ў абра-дзе былі заняты студэнткі, якія вучацца ў гомельскіх ВНУ, але не забываюць малую радзіму.

Жыхары пасёлка таксама рыхтаваліся да свята: спяклі прыгожы каравай і прыгатавалі шмат смачных страў. У заканчэнні сустрэчы ўсе разам пачаставаліся гэтымі прысмакамі.

— У малых населеных пунктах любое культурнае мерапрыемства — заўсёды вялікая падзея. Тут жывуць вельмі шчырыя, адкрытыя людзі, якія рады гасцям. Там непадробнае задавальненне ад сустрэчы заўсёды атрымліваюць, як артысты, так і гледачы, — адзначыла старшыня Аздзелінскага сельвыканкама Таццяна Саскевіч.

Мы в соцсетях