Дыплом I ступені атрымаў фальклорны гурт Яромінскай школы мастацтваў на міжнародным фестывале-конкурсе “Прамень”
Масленічны антыфон у выкананні фальклорнага гурта “Яромушка" Яромінскай школы мастацтваў высока ацанілі журы і гледачы II Адкрытага міжнароднага фестывалю-конкурсу “Прамень”, які адбыўся ў Гомелі. Дадому юныя аматары народнай творчасці вярнуліся з дыпломам I ступені ў намінацыі “Самабытны фальклор. Вакальнае мастацтва. Ансамбль”.
Заснаваны ў верасні 2017 года намес-нікам дырэктара, настаўніцай па класу народнай творчасці Яромінскай школы мастацтваў Кацярынай Магонавай, калектыў аб’яднаў аматараў фальклору, тых, для каго народныя песні і найгрышы мілейшыя за іншаземныя музычныя творы.
— Гурт “Яромушкі” дбайна захоўвае народна-песенныя традыцыі Гомельскага раёна, традыцыйныя святы, абрады, танцы, але ж, у першую чаргу, — песні, — распавядае мастацкі кіраўнік “Яромушак” Кацярына Магонава. — Дзецям настолькі цікава займацца народнай творчасцю, што яны дабіваюцца значных поспехаў у асваенні новых музычных твораў. Зараз у калектыве — 13 удзельнікаў узростам ад 8 да 14 гадоў.
Марыя Каешка, Павел Ганчароў, Марыя Дзегцярова, Вераніка Уніятава, Вераніка Ануфрыева, Марына Костачка, Сафія Кірыенка, Георгій Варанцоў, Іван Шабалін і Вікторыя Цалковікова да фестывалю фальклору вельмі складаную ў выкананні музычную кампазіцыю.
— У народнай традыцыі антыфон — гэта налажэнне дзвюх песень, якія выконваюцца практычна адначасова, таму спяваюць яго дзве групы, — адзначыла Кацярына Магонава. — Гэта даволі цяжка, асабліва для дзяцей. Наш Масленічны антыфон складаецца з беларускіх народных песень “А на гарэ” і “А ў нас сёння Масленіца”. Дарэчы, сцэнічныя касцюмы ўдзельнікі гурта шылі разам з бацькамі, узяўшы за аснову традыцыйны стаўбунскі строй.
Старшыня журы Іван Кірчук высока ацаніў выступленне яромінскіх школьнікаў. Ён аздначыў іх поспехі ў вывучэнні вакалу і народнай творчасці, пажадаў ім творчых дасягненняў.
Арганізатарамі свята фальклору выступілі Гарадскі цэнтр культуры і Прадзюсарскі цэнтр “Ягорава гара”. Да ўдзелу ў фестывалі запрасілі прафесій-ныя і аматарскія калектывы, асобных выканаўцаў, выступленні якіх павінны былі прадстаўляць народную традыцыю альбо аўтарскія творы ў фальклорнай стылістыцы. Журы фестывалю склалі вядомыя артысты, выкладчыкі творчых дысцыплін, дзеячы культуры і мастацтва, кіраўнікі творчых калектываў.
Вельмі прыемна, што калектыў паказаў высокае майстэрства пры выкананні складанага музычнага твора і заваяваў высокую ўзнагароду фестывалю фальклору.
Ірына ГРАМЫКА
