Фельетон: Работа шукае цябе. Ну, няхай яшчэ пашукае!..
Кожнаму патрэбны перамены, таму Пятро надумаў перамяніць месца працы. А дакладней — пашукаць, бо са старой работы яго даўно “папрасілі”.
Зайшоў да сябрука: “Давай вакансіі ў інтэрнеце глянем”. Адкрылі сайты: прапаноў — мора! Сам чорт галаву зломіць з імі разбірацца. Засумавалі хлопцы, бо надзвычай шмат інфармацыі — ўсё не ахапіць. А тут, побач з камп’ютэрам, якраз “раёнка” раскрытая ляжыць, у ёй аб’ява: “Праводзіцца “кірмаш вакансій”.
— Вось яно! — закрычаў Пятро. — Не трэба нічога шукаць, самі мне ўсе прапануюць. Яшчэ і ўгаворваць будуць!..
У назначаны час з’явіўся ў сельвыканкам, дзе засядалі прыезжыя кадравікі. Не раздумваючы, рушыў да першага століка.
— Куды запрашаеце?
— Жывёлаводы нам патрэбны, і трактарысты. Жыллё можам прапанаваць службовае.
— Ну, не. Дом у мяне і свой ёсць, а ўставаць на такую працу патрэбна рана. Цэлы дзень на трактары трэсціся ці корм жывёле раздаваць — гэта не па мне…
Ініцыятыву тут жа перахапіла жанчына, што сядзела за суседнім столікам:
— Малады чалавек, а грузчыкам да нас не пойдзеце?
— Хочаце, каб я радыкуліт зарабіў? Ды і зарплаты ў вас якія? Зноў жа, перспектыў росту няма…
— А якую работу вам патрэбна?
— Каб у цяпле і камфорце, з выхаднымі па графіку. І каб капейка якая ішла, — з сумам прамовіў Пятро, і тут заўважыў дзяўчыну-кадравіка са свайго старога месца працы.
Кінуўся да яе:
— Больш усяго хачу вярнуцца на наша прадпрыемства, як раней, вартаўніком! Можа прымеце?
— Ды прымалі мы вас, Васільевіч, ужо не раз. І не раз вы нас падводзілі: то нападпітку на працу з’явіцеся, то ляжыце спаць у рабочы час. Не станем больш рызыкаваць.
Суіскальнік вакансій выйшаў з будынка расчараваны: нічога не знайшоў па свайму густу. Не будзеш жа ўладкоўвацца на першае прапанаванае месца. Тут трэба разважыць, з розумам падыйсці.
— Як гавораць, “праца вас шукае!”. От, няхай пашукае яшчэ, — сказаў самому сабе Пятро. — Я ж пакуль да маці схажу. Яна пенсію атрымала — грошы будуць, а сваю зарплату яшчэ не хутка дачакаюся…
Ірына Віктарава.
