Клуб дзелавых жанчын завітаў у Стара-Дзятлавіцкую бальніцу сястрынскага догляду
У надыходзячыя святы ніхто не павінен застацца без віншаванняў і калядных падарункаў. Такой высновы прытрымліваецца грамадскае аб’яднанне “Клуб дзелавых жанчын” абласнога цэнтра. Яе прадстаўніцы на гэтым тыдні завіталі з дабрачыннай акцыяй у Стара-Дзятлавіцкую бальніцу сястрынскага догляду.
Міласэрнасць, спагада, а яшчэ вялікае жаданне быць патрэбным тым, хто сёння нямоглы і адзінокі, — у традыцыях і ментальнасці нашага народа. У Стара-Дзятлавіцкай бальніцы сястрынскага догляду знаходзяцца людзі пажылога ўзросту і інваліды, якія засталіся без падтрымкі родных. Зараз тут ім аказваюць медыцынскую дапамогу, а таксама прадастаўляюць месца для пражывання.
Святочную атмасферу для пацыентаў напярэдадні Новага года і Калядаў стварылі неабыякавыя людзі, якія прыехалі не з пустымі рукамі. Перш за ўсё, насельнікаў парадавалі тэатралізаванай лялечнай пастаноўкай.
Зрабіць падарункі пацыентам Стара-Дзятлавіцкай бальніцы сястрынскага догляду “Клубу дзелавых жанчын” дапамаглі такія прадпрыемствы, як ААТ “Чырвоны Мазыранін”, ААТ “Гомельхлебпрам”, філіял “Аўтобусны парк № 1” ААТ “Гомельаблаўтатранс”. Дзядуля Мароз разам са Снгягуркай асабіста ўручылі кожнаму пацыенту святочныя падарункі. А яшчэ знайшлі час, каб пагаварыць з імі, абмеркаваць навіны. І, безумоўна, пажадалі ўсім моцнага здароўя.
Варта адзачыць, што гэты візіт прадстаўніц “Клуба дзелавых жанчын” у Стара-Дзятлавіцкую бальніцу сястрынскага догляду не першы. Супрацоўнічаць з установай аховы здароўя пачалі з 2006 года. І на працягу ўсяго гэтага часу дзелавыя жанчыны не пакідаюць па-за ўвагай пажылых людзей.
Аляксандр РАМАШОЎ
Фота Андрэя ФЕАКТЫСТАВА
