Мікалай Вінакураў: у душы — камсамолец

29.10.2018
392

Мікалай Вінакураў апошнія 10 гадоў знаходзіцца на пенсіі. Праўда, і дагэтуль у страі. Ветэран зараз працуе токарам у ААТ “Гомельская птушкафабрыка”. У свой час ён прыйшоў сюды па спецыяльнасці, якую атрымаў у 1968 годзе ў вучылішчы металістаў. Працаваў токарам на “Гомсельмашы”, потым служыў у радах Савецкай Арміі, вярнуўся на вытворчасць, ажаніўся.

— Аднак ні жонцы, ні мне горад не прыйшоўся даспадобы. Мой бацька пацаваў у саўгасе “Навабеліцкі” таксама токарам, — гаворыць Мікалай Васільевіч. — На выхадных дапамагаў яму станкі ўстанаўліваць, а дырэктар саўгаса кажа: “Пераходзь да нас”. Так я 43 гады і працую тут. А ўсяго мой працоўны стаж — 50 гадоў.

У 1978 годзе герой нашага матэрыялу перакваліфікаваўся на механізатара, сеў за штурвал камбайна. З 1980 года працаваў у мясцовай гаспадарцы трактарыстам да 2003 года. Потым пэўны час быў брыгадзірам. Але першапачатковая спецыяльнасць узяла верх. Ён вярнуўся да сваіх вытокаў, прыйшоў у родную майстэрню працаваць токарам.

З жонкай Ганнай Яўгенаўнай, якая шмат гадоў працавала ў санаторыі “Васільеўка”, выхавалі сына і дачку, далі ім пуцёўку ў жыццё.

— Сын Аляксандр скончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, жыве і працуе зараз у Расіі. Дачка Ірына і яе муж Дзмітрый Шчарбіны — настаўнікі, працуюць у мясцовай школе, жывуць у маім доме ў Цярэшкавічах, — гаворыць Мікалай Васільевіч. — А я пасяліўся на бацькаўшчыне — у доме бацькоў у пасёлку Сож. 

У Мікалая Васільевіча адзін унук і тры ўнучкі, праўнук Яраслаў, якому ўжо споўнілася два гады і праўнучка Святлана, якой ужо год. На жаль, Ганна Яўгенаўна не паняньчыла праўнукаў. Два з паловай гады таму яна пайшла з жыцця.

У такарнай майстэрні ААТ “Гомельская птушкафабрыка” зараз тры станкі. “Старажыл” — 1941 года выпуску завода “Чырвоны пралетарый”, яшчэ адзін — гомельскага станказавода імя Кірава. Самы “новы” — 1983 года выпуску. Як жартуе Мікалай Васільевіч, усе можна здаць у музей. Аднак умелымі рукамі на іх можна вы-тачыць неабходную запчастку, вырабіць амаль што любую дэталь для сельскагаспадарчых машын. 

— Чым магу, тым дапамагаю гаспадарцы. Спадзяюся, што яшчэ патрэбен, — гаворыць Мікалай Васільевіч. — Мы зорак з неба не хапалі, але і ў гразь не падалі па жыцці.

Працоўная дынастыя Вінакуравых — па-цверджанне таму. Бацька, Васіль Аляксеевіч, быў сапраўдным майстрам сваёй справы, токарам ад Бога. Мясцовыя старажылы кажуць: старэйшы Вінакураў — прыклад у стаўленні да работы, ды і сын  не падводзіць. Яшчэ на “Гомсельмашы” Мікалай Вінакураў быў ударнікам камуністычнай працы, у гаспадарцы адзначаўся шматлікімі Ганаровымі граматамі, знакамі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”. Пра камсамольскі перыяд гаворыць проста — трэба было паказваць прыклад у працы, у адносінах да справы і асабістым жыцці.

— Тады мы былі маладымі, усё нам было цікава, — прыгадвае Мікалай Васільевіч. — Праводзіліся спаборніцтвы. Мы пераймалі вопыт старэйшых таварышаў, імкнуліся быць першымі. Атрымаць можна было не толькі маральнае задавальненне — лепшых маладых механізатараў, камбайнёраў, вадзіцеляў адзначалі Падзячнымі лістамі і Ганаровымі граматамі. Матэрыяльны стымул таксама прысутнічаў. Увогуле камсамольскае жыццё ў нашай гаспадарцы кіпела. 

І зараз, у свае 65 гадоў, Мікалай Васільевіч пры сваёй разважлівасці займаецца грамадскай работай — з’яўляецца памочнікам старшыні Цярэшкавіцкага сельсавета ў пасёлку Сож.

Аляксандр РАМАШОЎ

Фота Аляксея НАРЭЙКІ

Мы в соцсетях