Наталля Алейнікава: «Пяшчота да беларускай прыроды — гэта пачатак самавыяўлення ў творчасці»

30.01.2020
261

Адкрыццё мастацка-паэтычнага праекту Наталлі Алейнікавай «У святліцах Палесся!..» адбылося ў арт-кафэ Гомельскай абласной ўніверсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна.

Наталля Алейнікава нарадзілася на Палессі, жыве ў Мінску. Паэтэса, мастак-ілюстратар. Піша на беларускай і рускай мовах, акрамя гэтага захапляецца фатаграфіяй. Вершы аўтара апублікаваны ў штотыднёвіку «Літаратура і Мастацтва», часопісах «Маладосць», «Нёман», «Родная прырода», «Берега» (г. Калінінград, РФ), газетах «Гомельская праўда», «Маяк Палесся». Таксама, мае публікацыі жывапіса і некаторых фотаздымкаў.

Маладога літаратара з Гомельшчынай многае звязвае: яе маці родам з Гомельскага раёна, і ў маленстве Наталля часта наведвала гэтыя мясціны, якія пакінулі яскравы след. Вёсцы Даўгалессе яна прысвяціла некалькі паэтычных твораў, а публікацыі ў рэспубліканскай прэсе падпісвала псеўданімам Даўгалеская.

Першая выстава жывапісных ілюстрацый Наталлі Алейнікавай адбылася ў красавіку 2019 года ў галерэе жывапісу ўніверсітэта культуры (Палац Рэспублікі, г. Мінск) падчас прэзентацыі кнігі «Ажыццяўляюся табою…».

На адкрыцці выставы «У святліцах Палесся!.. » аўтар распавяла гасцям пра сваю творчую дзейнасць. Мастацкія работы, прадстаўленныя на выставе, — гэта творчы шлях натхнення аўтара да родных мясцін, які адлюстроўваецца ў малюнках цікавымі імгненнямі прыроднай рэчаіснасці Беларусі…

Яшчэ аўтар азнаёміла гасцей з кнігамі паэзіі «Ажыццяўляюся табою…» (2018 г.), надрукаванай у Мінскім гарадскім аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі «Мінскія маладыя галасы» і прысвечаная малой радзіме, і кнігай афарызмаў «Мысли вслух…» (2019 г.), надрукаванай з аўтарскімі каляровымі ілюстрацыямі.

Наведвальнікі мастацка-паэтычнага праекту Наталлі Алейнікавай не толькі зацікавіліся жывапісам мастачкі, але і магчымасцю жывой камунікацыі з аўтарам.

Ствараючы сваю першую кнігу паэзіі і жывапісу, Наталля Алейнікава імкнулася паэтычным складам расказаць чытачу пра маляўнічую чароўнасць Палесся, з дапамогай каляровых ілюстрацый другой аўтарскай кнігі – выразіць прыгажосць дарагіх сэрцу мясцін Гомельшчыны і Міншчыны.

— Пяшчота да беларускай прыроды — гэта пачатак майго самавыяўлення ў творчасці. Ствараючы малюнкі-ілюстрацыі згодна ўласнага светаўспрымання краявідаў малой радзімы, я імкнулася зацікавіць грамадства глыбей зазірнуць у гэты дзень (Век), пашырыць пункт гледжання на пасыл міралюбнасці да роднай прыроды. Мае творчыя намаганні, каб перад чытачом (гледачом) разгарнуліся пейзаж і паэтычнае слова праз малюнак і верш так, як перада мной разгарнуўся Сусвет з яго прыродным хараством, — расказвае Наталля Алейнікава.

З асобым эмацыйным настроем і пачуццём радасці сустрэчы гучалі аўтарскія вершы на тэму малой радзімы на беларускай і рускай мовах, афарызмы пра геніяльных асоб і роднае слова.

Адміністрацыя бібліятэкі выказала Наталлі Алейнікавай падзяку за адкрыццё выставы «У СВЯТЛІЦАХ ПАЛЕССЯ!..» і пажадалі творчых поспехаў. У сваю чаргу, малады літаратар падарыла бібліятэцы кнігу паэзіі і жывапісу «Ажыццяўляюся табою…» з пажаданнем добрых узаемаадносін паміж аўтарам і чытачамі.

Наведвальнікі, зацікавіўшыся творчасцю Наталлі Алейнікавай, задавалі пытанні, якія ў гэты час пераклікаюцца з творчымі планамі паэтэсы. Так, напрыклад 18-ці гадовы хлопец пасля сустрэчы распавёў аб тым, што было б добра, каб пра наша Палессе яшчэ й праз таленавітую творчасць Наталлі Алейнікавай даведаліся за мяжой, і параіў перакласці вершы на англійскую мову. Некаторыя з гасцей напісалі ў кніге водгукаў добрыя словы ўдзячнасці і захаплення. У падзяку за цяпло сустрэчы, аўтар выканала песню ў акадэмічным стылі, чым яшчэ раз прыемна здзівіла гасцей.

Запрашаем ўсіх жадаючых азнаёміцца з творчасцю Наталлі Алейнікавай у памяшканні Арт-кафэ Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна (г. Гомель, пл. Перамогі, 2а). Выстава будзе дзейнічаць на працягу месяца.

080.jpg

097.jpg

105.jpg

IMG_20200123_155004.jpg

Мы в соцсетях