“Прафсаюзы — дзецям”: 100 работнікаў сістэмы адукацыі раёна, дзеці якіх упершыню пераступяць школьны парог, атрымалі матэрыяльную дапамогу

30.08.2018
401

У рамках штогадовай рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы — дзецям” Гомельскі райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі правёў шэраг мерапрыемстваў. Гэта — “Першакласнік “ і “Збяром партфель першакласніку”, якія сталі ўжо добрай традыцыяй напярэдадні новага навучальнага года.

Дзяржаўнай установе адукацыі “Гомельскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр” было пералічана 199,21 рубля на набыццё адзення выхаванцам. Да першага верасня, такім чынам, было закуплена 29 адзінак вопраткі (джэмперы, світэры, штаны). Не забыліся і пра сваіх су-працоўнікаў. 100 работнікаў сістэмы адукацыі раёна, члены прафсаюза, дзеці якіх упершыню пераступяць школьны парог, атрымалі матэрыяльную дапамогу.

— Сёлета сума матэрыяльнай дапамогі склала 50 рублёў. Летась яна была роўнай 2 базавым велічыням — 46 рублёў, — гаворыць старшыня Гомельскага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Леглік. — Тады матэрыяльную дапамогу атрымалі 103 работнікі адукацыі нашага раёна.

Акрамя таго, у межах акцыі “Збяром партфель першакласніку” па хадайніцтву аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама, набыты 2 ранцы са школьна-пісьмовымі прыладамі. Яны прызначаны для першакласнікаў з сямей, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Гэта Раман Паўленка, які пражывае ў пасёлку Зябраўка, і Руслан Канавальчык. Ён родам з населенага пункту Каранёўка.

У краіну ведаў сёлета іх павядзе настаўніца пачатковых класаў Зябраўскай сярэдняй школы Ірына Дзянісава. Яна, дарэчы, сёлета атэставалася на вышэйшую катэгорыю. Таму ў вопытнага педагога, за плячыма якой ужо чатыры выпускі, на ўроках для малечы будзе, безумоўна, цікава, пазнавальна і не сумна!

Аляксандр РАМАШОЎ

 

Мы в соцсетях