Працоўная занятасць для падлеткаў арганiзавана сёлета ў Клімаўскай i Зябраўскай сярэднiх школах

30.08.2018
424

Вось і завяршаюцца школьныя канікулы. Дзятва праводзіла іх у аздараўленчых лагерах, у летніх прышкольных. Упершыню за апошнія гады сёлета ўдалося арганізаваць для падлеткаў яшчэ і працоўную занятасць. Як гавораць самі педагогі, падобнае выхаванне не будзе залішнім.

Лагер працы і адпачынку дзённага знаходжання ў  сёлета стаў першым у раёне, які спецыялізуецца на такім падыходзе да арганізацыі летняга часу школьнікамі. Работа лагера пачыналася з 8 гадзін раніцы і доўжылася да 16 гадзін. Адказнасць за ўсё нясла начальнік лагера Наталля Пальчанка. Яна — настаўніца рускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік будучага 11 класа. Выхавацель — Людміла Келій. Яна — класны кіраўнік будучага 9 класа. У яе найбольшая колькасць падапечных. А яшчэ — настаўнік фізкультуры — Віталь Курзоў і настаўніца Алена Сулейка.

Рабяты снедалі, а потым выязджалі на работы. Тры з паловай гадзіны яны працавалі з паўгадзінным перапынкам. Пасля работы вярталіся ў школу, тут яны абедалі, а потым — забаўляльная праграма з разнастайнымі мера-прыемствамі. У раскладзе работы лагера пазначаны яшчэ і полудзень. У меню былі прадугледжаны садавіна, сокі і ёгурты. Харчаванне ішло па лініі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага райвыканкама. У сярэднім — 4 рублі на дзень. Пры гэтым бацькі школьнікаў былі павінны даплачваць за кожны дзень знаходжання па 78 капеек.

— Па суботах у рабят быў дзень адпачынку і час для самых разнастайных мерапрыемстваў. Нашы падлеткі ездзілі ў басейн у Новую Гуту, — распавядае аб рабоце лагера дырэктар школы Вера Флёрка. — Так што школьнікі ў нашым лагеры адсутнічалі выключна па ўважлівых прычынах.

Па словах метадыста аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама Таццяны Лугавік, арганізаваць работу лагера працы і адпачынку дзённага знаходжання было няпроста. У першую чаргу, усё звязана з патрабаваннямі беларускага заканадаўства. Для таго, каб падлеткі змаглі працаваць, па-першае, неабходна згода бацькоў. Да таго ж, школы павінны заключыць дагаворы з працадаўцамі. Адпаведныя “кантракты” заключаюцца з усімі школьнікамі, якія ў абавязковым парадку прадстаўляюць медыцынскую даведку аб сваім стане здароўя. На падставе цэлага пакета дакументаў ім афармляецца картка сацыяльнага страхавання і выпісваецца працоўная кніжка. Усё, як кажуць, па-даросламу. Толькі яшчэ дзве ўмовы — узрост ад 14 да 17 гадоў і працягласць рабочага дня не павінна перавышаць 4 гадзіны. З такімі ўмовамі пагадзіліся 14 юнакаў і дзяўчат з Клімаўскай школы. Фронт работ прадаставіла дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова “Каранёўская эксперыментальная лясная база Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. У пітомніках рабяты займаліся праполкай саджанцаў дэкаратыўных раслін.

Аб падлетках тут паклапаціліся. У спякотныя дні пасля работы можна было прыняць душ. Пры гэтым работы вяліся з перапынкамі. Галоўнае — якасць правядзення праполкі, за якую свае патрабаванні прад’яўляе заказчык. У выніку за тры тыдні кожны з рабят зарабіў па сто рублёў. Гэта добрая падтрымка для сямейнага бюджэту, — гаварылі нам задаволеныя бацькі. Ды і дзятва была прыемна парадавана такой акалічнасцю. І яшчэ адна важная рэмарка. Два падлеткі, якія працавалі ў лагеры, былі з так званых сем’яў, якія знахо-дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

На падобных умовах у раёне працаваў і другі прышкольны лагер працы і адпачынку дзённага знаходжання. Зябраўская сярэдняя школа прадаставіла магчымасць для сваіх вучняў — 16 падлеткаў — з карысцю правесці свой вольны час. Для рабят арганізавалі работы па рамонце школьнай мэблі — так званых камплектаў, якія складаюцца з аднаго стала і двух стулаў. Паводле заключанай дамовы, кожнаму падлетку неабходна было адрамантаваць па аднаму камплекту. Работа ўключала ў сябе замену сталешніц, а таксама поўнае ўзнаўленне стулаў, з пакрыццём лакам і афарбоўкай металічных частак. Акрамя таго, рабяты са старой мэблі вырабілі 3 шахматныя сталы, якія ўстаноўлены на першым паверсе рэкрэацыйнай залы. Пад кіраўніцтвам начальніка лагера — намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Юліі Маляўка — падлеткі рабілі па паўтары гадзіны ў дзень. Неабходныя парады па выканнані заданняў даваў настаўнік працоўнага навучання і гісторыі Пётр Бухавец. У якасці выхавацеляў прышкольнага лагера былі Марыя Аксёнава — педагог-арганізатар і Аляксандр Жалезнякоў — настаўнік фізічнага выхавання.

— Дзейнасць лагера была арганізавана па праекце другаснай працоўнай занятасці, — гаворыць дырэктар Зябраўскай сярэдняй школы Яўгенія Цымбалава. — Тут фінансаванне ажыццяўлялася за кошт сродкаў, выдаткаваных упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага райвыканкама.

Такім чынам, заробак у падлеткаў у сярэднім склаў па 40 рублёў. Таму рабяты пазайздросцілі сваім аднагодкам з Клімаўкі, у якіх атрымалася ў два з паловай разы болей.

— У наступным годзе мы мяркуем яшчэ арганізаваць падобны працоўны лагер сумесна з УСП “СлаўМол” — дзеліцца планамі Таццяна Лугавік. — Там будзе прапанавана праводзіць відавую праполку зерневых ад пустазелля. Мы плануем прыцягнуць падлеткаў Целяшоўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы. Дарэчы, калі з Каранёўкай у нас будзе наладжаны добры кантакт, дык мы і з імі разлічваем працягваць супрацоўніцтва.

e77163f7e8d7a56c73b24b86dde07542.jpg

Аляксандр РАМАШОЎ

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА і прадастаўлена ДУА “Зябраўская сярэдняя школа”

Мы в соцсетях