Раённы конкурс “Лепшая маладая сям’я 2018 года” прайшоў у аграгарадку Урыцкае
Раённы конкурс “Лепшая маладая сям’я 2018 года” прайшоў на сцэне Урыцкага рэгіянальнага цэнтра культуры і адпачынку Гомельскага раёна.
Сямейнае спаборніцтва праходзіла ў творчым фармаце. Першым этапам конкурса стала відэапрэзентацыя, у якой канкурсанты расказвалі аб сваіх сем”ях, гісторыі іх стварэння і сённяшнім жыцці. Два другія этапы былі пры-свечаны сямейным традыцыям і захапленням, а таксама адметнасцям і традыцыям свайго рэгіёну.
Маладыя сем”і, нягледзячы на тое, што стаж іх сумеснага жыцця яшчэ не такі вялікі, паспелі абзавесціся агульнымі хобі, і яскрава пацвердзілі гэта падчас конкурсу.
Дзяніс і Яна Кушнірук, а таксама іх дзеці Арсеній і Аляксандра любяць разам гатаваць розныя прысмакі. Яны і на конкурс прывезлі тарты і пірожныя, прыгатаваныя ўласнымі рукамі і пачаставалі імі журы і гледачоў.
Ігар і Алена Мухіны са сваімі дзецьмі Уладзіславам і Алінай да шэрагу захапленняў вырашылі дадаць яшчэ адно — выпуск уласнай газеты, праўда, пакуль толькі насценнай. Вынік творчай працы прадставілі на суд журы.
А сям”я Віктара і Валерыі Шыпковых больш за ўсё любіць музыку. На сцэне Урыцкага цэнтра культуры і адпачынку яны выканалі прыгожую песню ўласнага сачынення пра запаветную мясціну — Варварыну крыніцу, якая знаходзіцца недалёка ад іх роднай вёскі Маркавічы. Словы для гэтай песні напісаў Віктар, а музыку — яго жонка. Цікава, што ўдзел у выступленні прынялі і дзеці маладой пары, хоць па ўзросту яны яшчэ зусім маленькія: Уладзіміру толькі 3 гады і 7 месяцаў, Варвары — 2 гады, а Арыне — 10 месяцаў.
Па выніках трох этапаў спаборніцтва менавіта сям”я Шыпковых стала ўла-дальнікам звання “Лепшая маладая сям’я 2018 года”.
— Мы любім удзельнічаць у творчых спаборніцтвах, малы ўзрост дзяцей — гэтаму не перашкода. Напрыклад, з Арынай, калі ёй было толькі крыху больш, чым паўгода, ездзілі на X Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў Акцябрскі. Конкурс у аграгарадку Урыцкае спадабаўся тым, што мы змаглі расказаць аб традыцыях нашай малой радзімы — Маркавіч. Нашы мясціны знакамітыя аўтэнтычным абрадам “Сула” (у апошнія гады мы з жонкай — сярод арганізатараў этнафальклорнага свята, на якім яго паказваюць). Зараз адраджаем “Хаджэнне з “зоркай” на Каляды — з нашым мясцовым каларытам, — расказаў Віктар Шыпкоў. — Было прыемна, што пра нашы святы даведалася больш людзей. Магчыма, камусьці захочацца іх паглядзець.
Цікава, што конкурс “Лепшая маладая сем”я 2018 года” праходзіў амаль у чарговую гадавіну стварэння сям”і Шыпковых, якая ў верасні адзначыла сваё чатырохгоддзе. Перамога ў конкурсе стала своеасаблівым падарункам да сямейнага свята.
Усе ўдзельнікі конкурса атрымалі дыпломы і сертыфікаты, а таксама памятныя падарункі ад Гомельскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Спецыяльны прыз ад раённай арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” быў уручаны сям”і Мухіных за актыўную дзейнасць у маладзёжным асяроддзі.
На працягу ўсяго мерапрыемства гледачоў і ўдзельнікаў сваімі нумарамі радавалі артысты Урыцкага рэгіянальнага цэнтра культуры і адпачынку.
Пераможцы конкурса — сям’я Шыпковых — будуць прадстаўляць Гомельскі раён на абласным туры конкурса на лепшую маладую сям’ю.

Ірына Віктарава
Фота Аляксея Нарэйкі
