Сваё свята адзначыла адна са старэйшых вёсак Гомельскага раёна — Чкалава
У прыгожыя дні апошняга летняга месяца сваё свята адзначыла адна са старэйшых вёсак Гомельскага раёна — Чкалава, якая раней мела назву Жаробнае.
Мерапрыемства наладзілі на пляцоўцы каля магазіна. На працягу цэлага дня тут працаваў святочны гандаль, дзеці весяліліся на батутах, горках і іншых атракцыёнах. Таксама тут можна было купіць сувеніры і цацкі.
Шмат вяскоўцаў прыйшлі, каб паглядзець віншавальную праграму, падрыхтаваную Бабовіцкім сельскім домам культуры і сельвыканкамам. У ролі вядучых выступілі загадчык СДК Ганна Камісарава і мастацкі кіраўнік Вольга Марозава. На працягу ўсяго свята гучалі цудоўныя кампазіцыі ў выкананні ансамбля народнай песні “Дубравіца” і калектыва мастацкай самадзейнасці Бабовіцкага ясляў-сада.
Ва ўрачыстай абстаноўцы ўшаноўвалі многіх жыхароў Чкалава, якія шмат робяць для таго, каб іх родны куток квітнеў і прыгажэў з кожным годам.
Падарункі ад Бабовіцкага сельскага выканаўчага камітэта і музычнае віншаванне былі ўручаны старэйшай жыхарцы Чкалава Марыі Калядавай, якой сёлета споўніўся 91 год. Запрасілі на свята і самага маленькага жыхара вёскі Ваню Зубава, якому толькі 5 месяцаў, пажадалі расці здаровым і шчаслівым і ўручылі памятны сувенір.
Гаспадыняй лепшага падворка сёлета была прызнана Ніна Шаршнёва. Яе дом і двор — сапраўдны ўзор добраўпарадкавання. Зразумела, Ніна Аляксееўна таксама атрымала прыемны падарунак і для яе прагучала прыгожая песня. Памятным прэзентам за актыўны ўдзел у грамадскай дзейнасці, дапамогу ў навядзенні парадку на тэрыторыі Бабовіцкага сельсавета быў адзначаны Уладзімір Жыхараў.
У адрас жыхароў Чкалава прагучала яшчэ шмат добрых пажаданняў, а цудоўны настрой усім ім падарыў выдатны канцэрт, якім завяршылася свята.
Ірына Віктарава
Фота прадастаўлена Бабовіцкім СДК
